ВА́ПЛЕР (Веплер) Андрэй, музыкант, капельмайстар і кампазітар 18 ст. Каля 1736 паступіў на службу ў прыдворную капэлу кн. М.​К.​Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы, у 1740—50-я г. працаваў у аркестры кн. Г.​Ф.​Радзівіла ў Слуцку. Выязджаў з аркестрам у Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча) і Нясвіж.

Г.​Г.​Барышаў.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНЕР (Эдзі) (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч (26.5.1910, Берлін — 8.8.1976),

джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Берліне (1929). Валодаў віртуознай ігрой на трубе. З 1933 кіраўнік створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 у Польшчы; працаваў у аркестры Ю.​Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. З 1939 у СССР. У 1940 кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 рэпрэсіраваны. У 1954 рэабілітаваны. Кіраваў эстр. аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам Гомельскай абл. філармоніі. З 1972 у Зах. Берліне. Аўтар шматлікіх папулярных песень, танц. мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне»). Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі.

Літ.:

Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998. №1—8;

Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54;

Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЫ́,

ударны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Складаецца з 12—18 метал. труб-цыліндраў (звычайна латунных) храматычнага строю дыяметрам 25—38 мм, свабодна падвешаных у метал. або драўлянай раме выш. каля 2 м. Сучасныя З. маюць педальна-дэмпфернае прыстасаванне. Гук здабываецца ўдарам калатушкі з бочачкападобнай галоўкай, абцягнутай скурай. Выкарыстоўваюцца ў сімф. аркестры для імітацыі царк. звону.

Званы.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МУЗЫ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1940 у Брэсце як муз. вучылішча. З 1993 каледж. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): нар. інструменты; спевы, струнныя, духавыя і ўдарныя інструменты; тэорыя музыкі; фартэпіяна; хар. дырыжыраванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае. Пры каледжы працуюць: дзіцячая муз. школа з прафарыентацыяй (з 1994); хор, аркестры (бел. і рус. нар. інструментаў, духавы, сімфанічны).

Г.​В.​Сегянюк.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗА́ВА (Сэйдзі) (н. 1.9.1935, г. Хатан, Кітай),

японскі дырыжор. Вучыўся ў Токіо, у Парыжы і Зах. Берліне. З 1961 у Нью-Йоркскім філарманічным аркестры, з 1965 у Таронта, з 1970 гал. дырыжор сімф. аркестраў у Сан-Францыска і Бостане. Адзін з кіраўнікоў фестываляў Беркшырскага муз. цэнтра ў Танглвудзе (ЗША, з 1970). Першыя прэміі на Міжнар. конкурсах дырыжораў (Безансон, Францыя, 1959; Танглвуд, 1960).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЧЫК (Міхаіл Яўстаф’евіч) (н. 7.5. 1955, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. баяніст. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 у Дзярж. акад. нар. аркестры Беларусі імя І.​Жыновіча, з 1982 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1993 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята», з 1995 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Яго выкананню характэрны высокая тэхнічнасць, эмацыянальнасць, багацце нюансіроўкі.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 19.2.1945, г. Ташкент),

спявак і кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1994). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1963, клас акардэона). Працаваў у калектывах эстраднага жанру, у т. л. ў ансамблі пад кіраўніцтвам В.​Вуячыча, аркестры «Сучаснік», вак.-інстр. ансамблях «Пявучыя гітары», «Магістраль» (арганізатар), «Аракс» і інш. Аўтар і выканаўца папулярных песень (у т. л. «Залатая лесвіца», «Макі», «Снегіры», «Ля бяроз і сосен» і інш.).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Павел Ферапонтавіч) (н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРСА́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.11.1948, с. Старая Задава Чарнавіцкай вобл., Украіна),

дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). Працаваў дырыжорам у розных вайск. падраздзяленнях. З 1978 на Беларусі. З 1980 у аркестры штаба БВА, з 1989 нач. ваенна-арк. службы, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Ваеннага аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх аранжыровак твораў бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, А.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка і інш.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),

рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус. нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус. нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).

Літ.:

В.​В.​Андреев: Материалы и документы. М., 1986.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)