КІТА́ЙСКА-КАРЭ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,

старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння р. Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі п-вы і акваторыю Жоўтага м. Уключае на З Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўн.-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўн.-Кіт. пліту, на У — Сіна-Карэйскі шчыт і Усх.-Кіт. перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышт. фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага п-воў і на З ад Пекіна (прав. Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе. Радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім п-ве, сурмы і медзі на Ляадунскім п-ве.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫЛЯ́ЦЫІ, флуктуацыі,

ваганне колькасці і прадукцыйнасці папуляцыі. Графічна паказваюцца ў выглядзе хвалепадобнай крывой. Падзяляюцца на рэлаксацыйныя (трыгерныя), спалучаныя, цыклічныя, асцыляцыі колькасці. Асцыляцыі рэлаксацыйныя (трыгерныя) — ваганні росту шчыльнасці папуляцый, пры якіх адбываецца поўны абмен энергіяй (павольнае падняцце і рэзкае апусканне крывой). Надыходзяць пасля экспаненцыяльнага росту шчыльнасці папуляцый да верхняй асімптоты пры раптоўным спыненні росту і зніжэнні шчыльнасці папуляцый, напрыклад, папуляцый аднаклетачных водарасцяў, аднагадовых раслін, некаторых насякомых і, магчыма, лемінгаў у тундры. Асцыляцыі спалучаныя — ваганне колькасці папуляцый, пры якіх цыклічныя змены шчыльнасці папуляцый абодвух відаў, што ўзаемадзейнічаюць, звязаны паміж сабой; напрыклад папуляцыі драпежніка і ахвяры; прадукцыя насення ў хваёвых лясах і колькасць птушак і інш. жывёл, якія імі кормяцца. Асцыляцыі цыклічныя — рэгулярныя ваганні колькасці папуляцый, напрыклад колькасць зайца-беляка, рысі, каўнерыкавага рабчыка, цецерука і інш. Асцыляцыі колькасці — ваганне колькасці папуляцый адносна сярэдняй велічыні з пакалення ў пакаленне. Для прыродных папуляцый характэрныя асцыляцыі сезонныя — змены колькасці папуляцый у залежнасці ад фактараў асяроддзя, і асцыляцыі гадавыя, абумоўленыя знешнімі фіз. фактарамі асяроддзя і звязаныя са зменай унутраных фактараў самой папуляцыі.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн. ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.

Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.

т. 6, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС, геасінкліналь,

выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).

М.​А.​Нагорны.

Стадыі развіцця геасінклінальнага пояса: 1 — пачатковая; 2 — сталая; 3 — завяршальная; а — вада; б — зямная кара (А — асадкавы слой; Б — гранітны слой; В — базальтавы слой); в — мантыя; г — магматычныя ўтварэнні (інтрузіўныя і вулканічныя); д — асноўныя напрамкі вулканічных рухаў.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬФСТРЫ́М (Gulf Stream),

сістэма цёплых цячэнняў у паўн. ч. Атлантычнага ак. Цягнецца на 10 тыс. км ад п-ва Фларыда да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да а-воў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне). Фарміруецца ў паўн. ч. Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага зал., рухаецца на Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, жывіцца водамі Паўн. Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На Пд (у Фларыдскім прал.) Гальфстрым мае шыр. 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, т-ра вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 млн. м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўн. ш. яго расход дасягае 82 млн. м³/с. Каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі шыр. 200 км, т-ра вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4—0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць 36—36,4‰, макс. — 36,5‰ на глыб. 200 м. Да паўд. ускраіны Вял. Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з Пн халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўн.-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне. Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Атлантычнага ак. і Паўн.-Ледавіты ак., а таксама на клімат Еўропы. Гальфстрым выяўлены ў 1513 ісп. экспедыцыяй пад камандаваннем Х.​Понсе дэ Леона. У 1770-я г. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геагр. карты. З 1966 Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўн. Атлантыцы і фіз. якасці.

Літ.:

Толмазгин Д.М. Океан в движении. Л., 1976;

Дрейк Ч. и др. Океан сам по себе и для нас: Пер. с англ. М., 1982.

К.​К.​Кудло.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),

кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.​Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.

Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт. стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.

На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.

В.​І.​Абраменка, Г.​У.​Зінавенка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),

мезазой

[ад мез(а)... + грэч. zōe жыццё],

другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.​Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).

У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл. Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч. Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.

Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на Пд Усх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.

На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр. ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах. ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),

неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн. км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн. км³ вады (гл. табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.

Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл. Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.

Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.

Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40° паўн. ш. і на Пд ад 40° паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн. км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн. км², гл. Марскія адклады).

Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙10​22 г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.

Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл. Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °CПаўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).

Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл. Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл. Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40° паўн. ш.

Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл. Сейшы), моратрасеннямі (гл. Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).

Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).

Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн. т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд. кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд. т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял. гасп. значэнне мае марскі транспарт.

Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство. Л., 1988;

Израэль Ю.А., Цыбань А.В. Антропогенная экология океана. Л., 1989;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991;

Океанографическая энциклопедия: Пер. с англ. Л., 1974.

А.​М.​Вітчанка.

Папярочны профіль акіяна.
Да арт. Акіян. Тыпы морфаскульптур дна: 1 — абразійна-акумулятыўныя і шэльфавыя няхвалевыя; 2 — гравітацыйныя (дэнудацыйныя і акумулятыўныя); 3 — абісальныя акумулятыўныя; 4 — абісальныя акумулятыўна-дэнудацыйныя ў межах горнага рэльефу; 5 — абісальныя акумулятыўна-дэнудацыйныя, створаныя глыбіннымі доннымі цячэннямі; 6 — біягенныя (каралавыя рыфы).

т. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)