ЛАМА́РК (Lamarck) Жан Батыст Антуан П’ер дэ Манэ

(de Monet; 1.8.1744, Базантэн, Францыя — 18.12.1829),

французскі прыродазнавец, стваральнік цэласнай тэорыі развіцця жывога свету (гл. Ламаркізм). Чл. Парыжскай АН (1783). У 1772—76 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы. Праф. Музея прыродазнаўчай гісторыі. Навук. працы па эвалюцыі жывога свету, распрацоўцы класіфікацыі і сістэматыкі раслін, палеанталогіі, зоапсіхалогіі. Увёў падзел жывёл на пазваночных і беспазваночных, тэрмін «біялогія», апісаў шмат відаў выкапнёвых і сучасных арганізмаў.

Ж.Б.Ламарк.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),

французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;

Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ ((Barye) Антуан Луі) (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),

французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.​Ж.​Бозіо (з 1816) і жывапісца А.​Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).

А.Бары. Удаў, які душыць газель. Бронза.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧЫЁЛІ ((Caraccioli) Луі Антуан) (1721, Парыж — 29.5.1803),

французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ ((Bougainville) Луі Антуан дэ) (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),

французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.​Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАРСЭ́ ((Condorcet) Мары Жан Антуан Нікала) (17.9.1743, г. Рыбмон, Францыя — 29.3.1794),

французскі філосаф-асветнік, матэматык, сацыёлаг, паліт. дзеяч. Маркіз. Член Франц. АН (1769). З 1785 сакратар Франц. акадэміі; супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. Удзельнік франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Дэп. Заканадаўчага сходу і Канвента. У філасофіі — прыхільнік дэізму і сенсуалізму. Чалавечы розум, паводле К., складае асн. сілу гісторыі, а яго неабмежаваныя магчымасці абумоўліваюць паступальны рух гіст. працэсу. Прыхільнік тэорыі натуральнага права. Прызнаваў актыўную ролю ў грамадскім развіцці разнастайных фактараў, асабліва эканомікі і палітыкі. Адмаўляў прынцып падзелу людзей на саслоўі і абгрунтоўваў ідэю паліт. раўнапраўя грамадзян. У эканам. пытаннях падзяляў погляды фізіякратаў. У матэматыцы даследаваў пераважна дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, тэорыю верагоднасці.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),

французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.​Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.​Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.​Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.​Радэна (1909), А.​Франса (1919) і інш.

Літ.:

Бурдель: Альбом. М., 1979.

Э.А.Бурдэль. Геракл, які страляе з лука. 1909.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.​Ж.​Русо (1778), А.​Г.​Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.​Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).

Літ.:

Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.

Ж.Гудон. Вальтэр у крэсле. 1781.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛО́ ((Lalo) Эдуар Віктор Антуан) (27.1.1823, г. Ліль, Францыя — 22.4.1892),

французскі кампазітар, адзін з папярэднікаў імпрэсіянізму ў музыцы. Сын выхадца з Іспаніі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф. Хабенека (з 1839, скрыпка), у Ю. Шульгафа (кампазіцыя). Удзельнічаў як альтыст у камерна-інстр. ансамблях. Відны майстар франц. інструментальнай музыкі 2-й пал. 19 ст.: стварыў новы тып канцэрта — «канцэрт-сюіту» (у т. л. «Іспанская сімфонія» для скрыпкі з арк., 1875). Адным з першых сярод франц. кампазітараў звярнуўся да ісп. муз. фальклору. Асн. творы: опера «Кароль горада Іс» (паст. 1888), балет «Намуна» (паст. 1882); сімфонія (1889) і інш. творы для арк.; канцэрты для фп. (1889), 3 для скрыпкі, у т. л. «Рускі канцэрт» (1883), з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні і інш.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНЭ́ (Vernet),

сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.

Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.

Да арт. Вернэ. Ж.​Вернэ. Бура. 1770-я г.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)