ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),
адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.
Найб. стараж. — ананімныянар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.Петрарка, П.Рансар, У.Шэкспір, Я.Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.Байран, Р.Бёрнс, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Т.Шаўчэнка, Ш.Пецёфі, П.Верлен, А.Блок, У.Маякоўскі, С.Ясенін, П.Элюар, Назым Хікмет і інш.
Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, А.Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Лучына, Ф.Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Танк, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.
Літ.:
Гніламёдаў У.В.Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;
Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;
Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),
жанр сатырычнай літаратуры (гл.Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.
П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле), памфлет (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.Пушкін, І.Дзмітрыеў, А.Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.Маякоўскі, Дз.Бедны і інш.
У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.Купала, Я.Колас, А.Александровіч, П.Трус, М.Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, С.Дзяргая, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, П.Макаля, М.Мятліцкага, М.Скрыпкі, Я.Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.Адамчыка, П.Васючэнкі, А.Вырвіча, А.Глобуса, у п’есах А.Ждана, С.Кавалёва, А.Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.
Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.
Творы хрысц.Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш.Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.Будны, А.Волан, Л.Крышкоўскі, М.Радзівіл Чорны, М.Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныяправасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.Крэўзы і інш. Новая хваля літ. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз. гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст.Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.Боймы, Ц.Жахоўскага, Я.А.Кулешы, Т.Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.Барановіча, І.Галятоўскага, І.Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.
Літ.:
Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст.Мн., 1968;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),
1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.
2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).
3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).
4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).
5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.
Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.
Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.Рымшы, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл.Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, П.Багрыма, У.Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт.Беларусь.
Літ.:
Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,
від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.Бялінскі).
У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.
П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш.рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.Жукоўскі, М.Гнедзіч, А.Пушкін, А.Блок, В.Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.Гінэбург, М.Лазінскі, В.Левік, М.Любімаў, С.Маршак, Я.Хелемскі і інш.
На Беларусі П.м. пачаў Ф.Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.Вярыга-Дарэўскі, А.Гурыновіч, Я.Лучына, М.Косіч, А.Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, М.Някрасава, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай), М.Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.Колас (пераклаў «Палтаву» А.Пушкіна, «Дэмана» М.Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Зарыцкі, А.Куляшоў, П.Макаль, Я.Семяжон. М.Танк, Ю.Таўбін, К.Чорны, а ў наш час Р.Барадулін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, А.Лойка, М.Лужанін, Н.Мацяш, В.Сёмуха, Я.Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер.выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́МА (ад грэч. poiema стварэнне),
буйны вершаваны твор, у якім адлюстроўваюцца духоўна высокія праявы жыцця і абуджаныя імі моцныя аўтарскія пачуцці. Цеснае спалучэнне падзейнага (эпічнага) і эмацыянальнага (лірычнага) планаў вызначае ліра-эпічны характар П. як асноўную яе жанравую разнавіднасць; перавага эпічных ці лірычных уласцівасцей дыктуе адпаведна эпічны або лірычны яе жанр. Радзей практыкуецца драматычная паэма. У адрозненне ад рамана або аповесці П. пазбягае падрабязных апісанняў, узнімаецца над паўсядзённасцю, імкнецца да філас. асэнсавання жыцця.
Бярэ пачатак з эпапеі. Эпічная прырода П. тлумачыць такія яе сутнасныя рысы, як гераічнасць, гістарычнасць, патэтычнасць. Вядома шмат жанравых разнавіднасцей П.: гераічная, дыдактычная, рамантычная, сатырычная, бурлескная, іранічная, лірыка-драматычнай. Вядучай галіной жанру доўгі час была П. на гіст.-гераічную тэму («Вызвалены Іерусалім» Т.Таса, «Песня пра Раланда»). Адначасова ўплывовай з’яўлялася П. з рамант. асаблівасцямі сюжэту («Віцязь у тыгровай скуры» Ш.Руставелі), звязаная з традыцыяй пераважна рыцарскага рамана. Паступова ў П. на першым плане сцвярджаецца асобасная, маральна-філас. характарыстыка, асвойваецца фалькл. традыцыя (паэмы В.Скота). Росквіт жанру адбываецца ў эпоху рамантызму (творы Дж.Байрана, А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш.). На змену рамант. прыйшла рэаліст. П., з большай увагай да штодзённага жыцця, пастаноўкай сац. праблем рэчаіснасці («Каму на Русі жыць добра» М.Някрасава). Вял. поспехаў П. дасягнула ў л-ры 20 ст. (паэмы А.Блока, С.Ясеніна, У.Маякоўскага, А.Твардоўскага, Я.Еўтушэнкі і інш.).
Бел. П. мае сувязь з агульнай усх.-слав. традыцыяй («Слова аб палку Ігаравым»), творчасцю паэтаў-лаціністаў («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). Як жанр стала ўваходзіць у бел. л-ру ў новы час. Новая бел.л-ра пачыналася бурлескна-травесційнымі П., у якіх узнёсла-гераічная пафаснасць класічных канонаў пераносілася са значнай іроніяй на нар.-быт. аснову (ананімныя«Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»), Паступовая пераакцэптацыя ўвагі з учынкаў на ідэі і пачуцці садзейнічала ўзмацненню лірычнай плыні П., актуалізацыі маральна-этычнай праблематыкі, актыўнай замене эпічнай дакладнасці суб’ектыўнасцю аўтарскіх ацэнак. Сутыкненне лірычнага і эпічнага пачаткаў, барацьба выключнай асобы з лёсавызначальнымі сіламі свету пакладзена ў аснову рамант. П., узнікненне якой на Беларусі звязана з імёнамі Адэлі з Устроні («Мачыха») і В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Вечарніцы»). Рамант. П. ў сваёй эвалюцыі набывае паглыблены этыка-філас. змест, трансфармуючы рэальныя малюнкі ў сімвалічныя («Бандароўна», «Магіла льва» Я.Купалы, «Новая зямля», «Сымон-музыка» Я.Коласа). З развіццём рэаліст. манеры пісьма ў П. замацоўваецца комплексны эстэт. аналіз духоўных і грамадска-сац. аспектаў рэчаіснасці ў іх цэласнасці. У выніку ў П. 20 ст.ўнутр. сканцэнтраванасць герояў на прыватных, інтымных праблемах спалучаецца з маштабнасцю гіст. канцэпцыі эпохі. Значная ўвага да эпічных момантаў у сучаснай П. тлумачыцца глабальнымі зрухамі ў грамадска-гіст. жыцці чалавецтва (навук.-тэхн. прагрэс, рэвалюцыі, сусв. войны, экалагічныя катастрофы), пры гэтым апісальна-апавяд. плынь абавязкова спалучаецца з узрушана-лірычнымі каментарыямі аўтара, які часцей сам з’яўляецца ўдзельнікам згаданых падзей (паэмы П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш.). На сучасным этапе П. — папулярны жанр у бел. паэтаў розных пакаленняў. Адметнасць стылю і метаду, спецыфіка вобразна-выяўленчай палітры пісьменнікаў, характар герояў і сюжэтных сітуацый абумоўліваюць наяўнасць унутрыжанравых мадыфікацый П.: эпапея («Новая зямля» Я.Коласа), героіка-рамант. («Курган» Я.Купалы), філас. («Яго Вялікасць» Русецкага), сатыр. («Хвядос, Чырвоны нос» К.Крапівы), патрыят. («Беларусь» Броўкі), гіст. («Хамуціус» Куляшова), П.-рэквіем («Бабчын» М.Мятліцкага) і г.д. Пры значным узбуйненні эпічных момантаў, ускладненых глыбокім сац.-псіхал. аналізам, узнікае П.-раман («Родныя дзеці» Н.Гілевіча). П. зрэдку называюць празаічны твор («Чазенія» У.Караткевіча), што абумоўлена высокай паэтычнасцю адлюстравання ці (радзей) адвольнымі аўтарскімі асацыяцыямі, што не маюць адносін да жанравай характарыстыкі твора.
2) П. ў музыцы — інстр. п’еса, лірыка-драм. або лірыка-апавяд. характару свабоднай будовы, часам праграмнага зместу. Узнікла ў муз. мастацтве ў выніку сінтэзу літ. і муз. жанраў. Звычайна пішуць для фп. або стр. смычковых інструментаў у суправаджэнні фп., зрэдку аркестра. Сярод узораў класічнай П.: П. для скрыпкі з фп. З.Фібіха, П. для фп. «Да полымя», «Трагічная паэма», «Сатанічная паэма» А.Скрабіна. У бел. музыцы П. стварылі для фп. П.Падкавыраў («А зязюля кукавала»), для віяланчэлі і фп. А.Бандарэнка («Славянская старажытнасць»), для скрыпкі з фп. М.Русін, Тырманд, У.Чараднічэнка і інш. Жанравае ўзбагачэнне рэпертуару для нар. інструментаў адбілася ў стварэнні П. для домры і фп., для цымбалаў і фп. М.Літвіна, сюіты-П. для цымбалаў і фп. Тырманд. У бел. камерна-інстр. музыцы пашыраны жанравыя сінтэзы, прадстаўленыя квартэтам-П. у Падкавырава, Н.Усцінавай, санатай-П. у К Цесакова. П. называюць таксама буйны адначасткавы, часцей праграмны, аркестравы твор (гл.Сімфанічная паэма), і вакальна-сімф. твор разгорнутай будовы, звычайна заснаваны на прынцыпе скразнога развіцця (гл.Вакальна-сімфанічная паэма). П. для голасу і фп. стварылі Л.Абеліёвіч, Я.Глебаў, А.Сонін; для хору а капэла — Абеліёвіч, М.Васючкоў, Л.Шлег.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Яго ж. Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.Мн., 1970;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Жаков А.Г. Современная советская поэма. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao),
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),
дзяржава ў цэнтр. і зах.ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м.Пл. 69,7 тыс.км². Нас. 5,5 млн.чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г.Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).
Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч.Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля 2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.
Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.
Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст.н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст.груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса I, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс.чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав.вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл.Грузіны).
У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч.груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав.Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн.ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл.Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл.ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.
Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.
Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш.Прам-сцьбуд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс.км дарог, з іх 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс.чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс.чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б.СССР).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч.г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс.агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед.ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед.ун-т, Батумскі пед.ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр.навук.б-каАН Грузіі, рэсп.дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук.б-ка, навукова-тэхн. б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш.Нац.інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).
Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб.стараж.фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж.груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст.літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза I, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз.літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял.Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).
Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз.перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж.дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст.н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст.груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст.груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац.арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтысты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.
Музыка. Раннія звесткі пра груз.нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э.Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар.муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл.Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз.царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз.муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз.т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз.т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-рмуз. камедыі (1934); Дзярж.сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж.эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.
Тэатр. Вытокі груз.т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст.асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус.драм. т-р.Груз.прафес.т-рзасн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус.драм.т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз.т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж.тэатр.ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн.тэатр.т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж.тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.
Літ.:
Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;
Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;
Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;
Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;
Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;
История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;
Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;
Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;
Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;
Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;
Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;
Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;
История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;
Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;
Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.
Герб і сцяг Грузіі.Грузія. Выхад нарзанавых мінеральных вод паблізу Крыжавога перавалу.Грузія. Карставая пячора. Сатаплійскі запаведнік.Да арт.Грузія. Сабор Светыцхавелі ў Мцхеце. Арх. Арсукісдзе. 1010—29.Грузія. Будынак філармоніі ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Замак-крэпасць Анануры.Да арт.Грузія. Рэстаран «Арагві» ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Манумент у гонар 300 арагвійскіх герояў. 1961. Арх. і скульпт. А.Бакрадзе.Да арт.Грузія. Невядомы мастак. Партрэт царэвіча Аляксандра Арчылавіча. 1696.Да арт.Грузія. Н.Пірасманішвілі. Сялянка з дзецьмі ідзе па ваду.Да арт.Грузія. І.Таідзе. Радзіма-Маці кліча! 1941.Да арт.Грузія. К.Гурулі. Маці ўрадлівасці. Чаканка. 1968.Да арт.Грузія. Р.Стуруа. Партрэт А.Чаўчавадзе. 1970-я г.Да арт.Грузія. П.Гучмазац. Маці семярых загінуўшых. З серыі «Асеція». Лінагравюра. 1975.Да арт.Грузія. Майстар Э.Панцулія. Кінжал.Да арт.Грузія. Жаночая кашуля. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland),
Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden), неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і З абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс.км², без унутр. водаў — 33,9 тыс.км². Нас. 15 808 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г.Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс.га).
Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн.ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.
Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст.н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш.феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч.тэр.Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч.Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп.феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс.км², 2 млн.чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.
У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш.Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр.б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вільгельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр.б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст.прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).
У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на 1/3 зменшылася прамысл.вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс.чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл.калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш.міжнар.паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.
Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд.м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн.т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн.т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн.т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд.кВт∙гадз (1997), каля 7,1 млрд.кВт∙гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн.т чыгуну і 6,8 млн.т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс.т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс.т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв.хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт.хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн.т азотных угнаенняў, 4,5 млн.т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн.т яе штогод здабываюць на Управ. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сці найб. развіта тэкст. (207 млн.м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх.ч.прав. Аверэйсел (баваўняная), прав.Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс.м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн.т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн.т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сці с.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл.с.-г. угоддзяў 2 млн.га, у т. л. 0,8 млн.га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс.л, вытв-сць малака 11,2 млн.т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн.т, воўны 4 тыс.т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн.т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн.т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн.т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн.т), агародніцтва (збор 3,7 млн.т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс.т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспартчыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км (2 тыс.км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс.км (114,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс.км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн.т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс.км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн.чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд.дол., імпарт 142 млрд.дол.Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн.дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс.чал. (1998), у т. л. 57 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс.чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс.чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс.чал., у т. л. 3 тыс.чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш.Асн.прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл.нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч.г. ў Н. каля 7 тыс.пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л.ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.
Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш.герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.Секунда і інш.Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.В.Корнхерта, Х.Л.Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст.гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.К.Хофта, проза і паэзія К.Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.Ліпсій, Я.Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.Лангендэйка, М.Корвера, Р.Фейта, асветніцкія раманы Э.Волф-Бекер і А.Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю. ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.Білдэрдэйк, паэты А.К.Старынг, Х.Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.І.Потгітэр, гіст. раманісты Г.Л.Босбам-Тусен, Я. ван Ленеп, крытык Я.Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.Бюскен Хют), драматургія (Х.Я.Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.Клос, Ж.Перк, Х.Гортэр, Ф.В. ван Эдэн, Л. ван Дэйсел, А.Вервей, Ф. ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.Куперус, Вервей, М.Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А. ван дэр Леу, К.А. ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.К.Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.Нейхафа. Х.Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.Марсмана, А.Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.Бордэвейка, Ё. ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.Э.Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.Дэкера, Г.Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.Фроман, Х.Каўвенар, Люсеберт, Р.Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.Полет, Я.Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.Ф.Херманс, А.Косман) развівалася рэаліст. проза Я.Волкерса, Х.Мюліса, Х.Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.Слётэлар, Г.Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («група 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.Андрысе, Г.Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.Нотэбам, А. ван Хейдэн, Р. ван Рысен) і афарыстычная (К.Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.Ноленс, Г.Мейсінг, Д.Мейсінг, Х.Партакарэра, М.Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.Баршчэўскі, У.Шатон.
Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.Гюгел, П.І.Х.Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.П.Аўд Х.П.Берлаге, Г.Рытвелд, В.Дзюдак, К. ван Тра, К. ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К. дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.А.Брынкман, Я.Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.Б.Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.Я.Гранпрэ-Мальер і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст.нац. школы: фламандская (гл. ў арт.Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.П.Крабет, П.Морэлсе, Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап. мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.Кёйп, Х.Сегерс, М.Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст.нідэрл. мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.В.Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал. мастацтва (А.Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.Брэйтнер, Я.Х.Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.Торап, І.Торн-Прыкер). У пач. 20 ст.вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.Андрысен, Х.М.Везелар, Л.Зейл, Х.Кроп, І.Мендэс да Коста, Дж.Радэкер, Л.Х.Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.Апел, А.Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г. мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.П.Берлаге і Г.Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.
Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар.муз. мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц.муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш.муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.П.Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.Хол, В.Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.Зверс, А.Дыпенбрак, І.Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац.муз. фальклору (Ю.Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.Кес, В.Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.Іохум, В. ван Отэрла, Б.Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.Загвейн, М.Фермелён, Д.Ройнеман, С.Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.Пейпер і яго вучні Г.Ландрэ, Х.Бадынгс, Р.Эсхер, Я.Герадс, О.Кетынг, Х.Кокс, Т. дэ Леуў, П.Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар.муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл.муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.
Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.А.Брэдэра, П.К.Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.К.Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.І.Грэвелінк, Л.Карлсзан, М.Корвер, А.Ноземан, Я.Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст.т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац.т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрландскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.Хеерманс, з 1917 — Э.Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.Эмантса, Ф.В ван Эдэна, А.Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.Баўместэр, Я.Мюс, Р.Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.Ласёр, П.Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.Стала, С.Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.Карэлсен, Ш.Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.Роярдс-Сандберг, В.Фос, Г.Хермюс.
Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г.нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.Я.Тэнісен). У 1930-я г.маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.Хорнекер, П.Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.Ф.Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.Андэрсен, К.Брусе, І.Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.Ленсінк, П.Фабер, Р. дэ Хоер, Э.Хойтынг, Т.Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.Парэ, І.Стэлінг, В.Хаанстра, Х.Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;
Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;
Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;
Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;
Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;
Герб і сцяг Нідэрландаў.Да арт.Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.Да арт.Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.Да арт.Нідэрланды. Польдэры.Да арт.Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.Да арт.Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.Да арт.Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.Да арт.Нідэрланды. Я.Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.Да арт.Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.Да арт.Нідэрланды. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.