ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.Л.Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.

У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш. Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл. Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл. арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДА́,

аксід вадароду, найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх ​1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл. Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.

Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H​+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH​), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.

Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт. Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКО́ВЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. пераўтварэнняў бялкоў і амінакіслот у жывых арганізмаў; важнейшая частка абмену рэчываў (у спалучэнні з пераўтварэннямі інш. азотазмяшчальных рэчываў утварае сістэму азоцістага абмену). Два ўзаемазвязаныя бакі бялковага абмену ў арганізме — распад (катабалізм) і біясінтэз (анабалізм) бялкоў. Першая стадыя аднаўлення бялкоў — іх гідроліз да амінакіслот пры дапамозе ферментаў катэпсінаў (тканкавых пратэіназаў), што лакалізаваны пераважна ў лізасомах (дзейнічаюць у кіслым асяроддзі). Амінакіслоты ўтвараюцца і пры гідролізе (ператраўленні) харч. бялкоў пад уздзеяннем пратэалітычных ферментаў (пратэазаў) страўнікава-кішачнага тракту (пепсін, трыпсін, хіматрыпсін, эластаза, экзапептыдазы), якія ўсмоктваюцца ў ім і трапляюць у клетку. Толькі такім шляхам паступаюць у арганізм неабходныя яму незаменныя амінакіслоты. У клетках амінакіслоты ўтвараюць амінакіслотны фонд клеткі, выкарыстоўваюцца на сінтэз пептыдаў, бялкоў, пурынаў, пірымідзінаў, гемапратэінаў, вугляводаў, ліпідаў, нізкамалекулярных гармонаў і інш. рэчываў, уступаюць у асн. агульныя рэакцыі абмену: пераамініраванне, дэзамініраванне і дэкарбаксіліраванне.

Пры пераамініраванні (трансмініраванні) α-амінагрупа адшчапляецца ад L.-амінакіслот і пераносіцца ў асноўным на α-вуглярод α-кетаглутаравай кіслаты. Гэта рэакцыя мае асабліва вял. значэнне пры біясінтэзе амінакіслот у раслінах: нітраты і нітрыты, што трапляюць у расліны з глебы, аднаўляюцца з утварэннем аміяку, які звязваецца з α-кетаглутаравай кіслатой; утвараецца глутамінавая кіслата. Амінагрупа гэтай кіслаты ў працэсе рэакцыі пераносіцца на кетакіслоты з утварэннем інш. амінакіслот. Пры дэзамініраванні адбываецца распад амінакіслот з выдзяленнем аміяку. Найб. значэнне ў арганізме жывёл і чалавека мае акісляльнае дэзамініраванне, пры якім утвараецца кетакіслата і аміяк. Утвораныя пры пераамініраванні і акісляльным дэзамініраванні α-кетакіслоты здольныя аднаўляцца з утварэннем амінакіслот, якія ў працэсе катабалізму могуць выкарыстоўвацца на сінтэз глюкозы і ацэтонавых цел. Пры дэкарбаксіліраванні амінакіслот вылучаецца вуглякіслы газ (CO2) і ўтвараюцца аміны, а пры дэкарбаксіліраванні араматычных амінакіслот — біягенныя аміны (трыптамін, сератанін, гістамін, γ-амінамасляная кіслата). Аміяк, што ўтвараецца пры дэзамініраванні амінакіслот і амінаў, таксічны для арганізма. Абясшкоджванне яго адбываецца пры аднаўленчым амініраванні, у рэакцыях сінтэзу глутаміну і аспаргіну, у цыкле сінтэзу мачавіны ў печані (у чалавека, млекакормячых і некат. інш. жывёл) ці мачавой кіслаты (у птушак, рэптылій, насякомых). У чалавека і жывёл мачавіна выдаляецца з арганізма з мачой, часткова ў выглядзе аманійных соляў, у раслін магчыма паўторнае яе ўключэнне ў працэсы сінтэзу бялку. Збалансаваны па паступленні (у т. л. ў складзе незаменных амінакіслот) і выдаленні азоту, бялковы абмен вызначае фарміраванне ў арганізме стану азоцістай раўнавагі, калі патрэба яго ў бялках можа быць мінімальнай (гл. Бялковы мінімум). Рэгулюецца бялковы абмен ў чалавека і жывёл ферментамі, гармонамі пры ўдзеле нерв. сістэмы (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя, Гарманальная рэгуляцыя).

Літ.:

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Николаев А.Я. Биологическая химия. М., 1989;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

В.К.Кухта.

т. 3, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Т (лац. Nitrogenium),

N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў ​14N (99,635%) і ​15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9·10​−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl​, OH​, CN​; NO2, OR​ і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.

Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (Sn2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць).

Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл. Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.

Літ.:

Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;

Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.

Х.М.Александровіч.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)