ДАКА́ЛЬСКАЯ Бірута Альфонсаўна (11.6.1916, Вільня — 21.4.1996),

бел. актрыса. Сястра Г.А.Дакальскай. Вучылася ў Мінскім муз. тэхнікуме (1932—34). З 1935 у Бел. т-ры рабочай моладзі, у 1937—78 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Асаблівае месца ў яе творчасці займала роля Паўлінкі ў аднайм. п’есе Я.​Купалы (сыграла яе больш за 450 разоў). Выконвала ролі дзяўчынак і падлеткаў, маладых дзяўчат, пазней характарныя, у якіх выявіла сапраўдны драматызм і выразную пластыку: Таццяна («Салавей» З.​Бядулі), Марыля («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Тэкля («Адкуль грэх?» А.​Петрашкевіча), Сцепаніда Моўчан («Амністыя» М.​Матукоўскага), Дар’я («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Жонка гаспадара лазні («Характары» В.​Шукшына), мадэмуазель Куку («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна) і інш.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМУ́НІН Павел Васілевіч (н. 28.1.1919, в. Вял. Ключы Зеленадольскага р-на, Татарстан),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Працаваў у Т-ры Сав. ваен. адміністрацыі ў Берліне (1946—50), Казанскім драм. т-ры (1960—63). У 1964—93 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначаецца самабытнасцю, праўдзівасцю сцэн. паводзін, тонкім адчуваннем стылю твора і прыроды камічнага. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Лявон Зяблік, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), Торгала («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Бацька («Парог» А.​Дударава); у класічным рэпертуары: Лука («На дне» М.​Горкага), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​Ц.​Чарноцкі.

П.В.Кармунін.
П.Кармунін у ролі Крыніцкага.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬДЗЮКО́ВА Акцябрына Францаўна (29.10.1924, с. Іванаўка Бобрынецкага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.3.1996),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1948), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., характарных роляў. Найб. значныя з іх: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Наташа («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Вольга («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Беатрыса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона), Леанор («Дзяўчына са збаном» Лопэ дэ Вэгі), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага), Зоя Мікіцічна («Напярэдадні» паводле І.​Тургенева), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Ірына («Тры сястры» А.​Чэхава), Наташа і Калерыя («На дне» і «Дачнікі» М.​Горкага), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Снежная каралева (аднайм. п’еса Я.​Шварца).

Т.​Л.​Катовіч.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́НІН Аляксандр Пятровіч (4.11.1909, г. Чыта, Расія — 23.4.1993),

расійскі і бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1960). Скончыў студыю пры драм. т-ры (Чыта, 1929). З 1925 акцёр і рэжысёр у т-рах Расіі. У 1952—54 рэжысёр Т-ра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у 1963—75 гал. рэжысёр Гродзенскага абл. драм. т-ра. Пастаноўкам уласцівы пафас жыццесцвярджэння, спалучэнне маст. формы з сац.-псіхал. накіраванасцю: «Порт-Артур» паводле А.​Сцяпанава (1963), «Перабежчык» П. і А. Тур, «Capua на далоні» паводле І.​Шамякіна (абодва 1965), «Алека Дундзіч» М.​Каца і А.​Ржашэўскага (1967), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Навальніца» А.​Астроўскага (абодва 1971), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1972), «Апошні шанц» В.​Быкава, «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1975) і інш. Аўтар п’ес «Адплата» і «Я прысягаў Радзіме» (абедзве паст. ў 1968).

А.​А.​Лабовіч.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ Анатоль Васілевіч (16.5.1938, в. Тоўсты Лес Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 19.2.2002),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 працаваў у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Талент Л. найб. раскрыўся ў спектаклях паводле твораў бел. драматургіі: Алёша Губаты («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Міліцыянер («Амністыя» М.​Матукоўскага), Паляніца («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Сідаровіч («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Парфён («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава), Мульцік («Вечар» А.​Дударава), Мужык з малатарняй («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Крыніцкі, Лявон Гарошка («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Шчырэцкі («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча). Сярод інш. роляў: Прохар («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Іван («Без віны вінаватыя» Астроўскага), Сцяпан Ухавёртаў, Свістуноў («Рэвізор» М.​Гогаля), Томас («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Садоўнік («Гаральд і Мод» К.​Хігінса, Ж.​К.​Кар’ера) і інш. Здымаўся ў тэле- і кінафільмах.

т. 18, кн. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),

антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс. чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс. чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.

Літ.:

Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;

Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА Уладзімір Паўлавіч (н. 17.3.1939, Вільня),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990), праф. (1995). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1970). З 1973 на Бел. тэлебачанні, з 1984 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра, з 1987 у Бел. АМ (з 1994 заг. кафедры кінатэлемастацтва). Пастаноўшчык тэатр. спектакляў: «Амністыя» М.​Матукоўскага (1971), «Свой востраў» Р.​Каугвера (1972) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа; «Бярозавая галіна» Ю.​Візбара (1985), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1990) і інш. у Брэсцкім драм. т-ры, а таксама тэлевізійных: «Крыло цішыні» паводле Я.​Сіпакова (1978), «Завеі, снежань» паводле І.​Мележа (1979, абодва Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Лісце каштанаў» паводле У.​Караткевіча (1980), «Я, Іван Дамінікавіч» паводле В.​Вярбоўскай (1988) і інш. Аўтар творчых тэлепартрэтаў вядомых дзеячаў бел. л-ры і мастацтва, дакумент. тэлефільмаў і тэлепраграм па гісторыі і духоўнай спадчыне бел. народа. Пастаноўкі вызначаюцца лаканізмам сцэнаграфіі і сканцэнтраванасцю ўвагі на акцёрскім выкананні.

Н.​В.​Грэская.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КШТЫС Тадэвуш Антонавіч (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1958 у Бел. акад. т-ры імя Я.​Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.​Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.​Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.​Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.​Вампілава).

В.​С.​Іваноўскі.

Т.А.Кокштыс.
Т.Кокштыс у ролі Жабрака.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ Андрэй Пятровіч (1.9.1910, с. Нікіцкае Куркінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 26.4.1993),

расійскі і бел. рэжысёр, акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). З 1928 вучыўся і працаваў акцёрам у маскоўскіх тэатр. студыях пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага, А.​Жыльцова, М.​Хмялёва, з 1932 працаваў у розных трах Расіі. У 1955—80 рэжысёр Магілёўскага абл. драм. т-ра. Для пастановак характэрны дакладнасць рэалізацыі аўтарскай задумы, глыбокая прапрацоўка вобразаў, раскрыццё акцёрскіх індывідуальнасцей: «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава (1964), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1965), «Мільянерка» Б.​Шоу, «Тры дні і тры ночы» (абедзве 1967), «Амністыя» (1971), «Апошняя інстанцыя» (1975), «Наследны прынц» (1976) М.​Матукоўскага, «Гарачае сэрца» А.​Астроўскага (1971), «Таблетку пад язык» (1973), «Не сумуй, Верачка» («Верачка», 1979) А.​Макаёнка. У Магілёўскім т-ры найб. значныя ролі Керанскі («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Дзяржынскі («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М.​Шатрова).

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЧЭ́ЎСКАЯ Галіна Францаўна (н. 20.1.1945, в. Палессе Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1968). З 1968 актрыса Бел. т-ра імя Я.​Коласа, з 1972 Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы. Яе творчасці ўласцівы эмац. напоўненасць, псіхал. дакладнасць, мяккі лірызм, паэт. адухоўленасць. Сярод роляў: Дуня Пракопіна («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Маня («Верачка» А.​Макаёнка), Марфа («Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча), Зоська, Адэля, Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Віталія («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Акуліна («Улада цемры» Л.​Талстога), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Люсета («Нежанаты мнагажэнец, або Залёты пана дэ Пурсаньяка» Мальера), Ліза Брычкіна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Шафак («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Валя («Характары» паводле В.​Шукшына), Элейн («Пакуль мамы няма дома» Н.​Саймана) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)