АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ

(ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),

раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.А.Працко), моўнай дзейнасці (К.Г.Ярмілава, Л.Г.Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.А.Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.С.Сляповіч).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ

(ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.А.Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯВО́ДНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. працэсаў дэградацыі (катабалізму) і біясінтэзу (анабалізму) вугляводаў у арганізме. На 1-й стадыі катабалізму пры ўдзеле стрававальных ферментаў складаныя поліцукрыды і алігацукрыды распадаюцца да монацукрыдаў (гексоз і пентоз), якія на 2-й стадыі расшчапляюцца да аднаго і таго ж трохвугляроднага прамежкавага прадукту — пірувату (гліколіз), а потым у аэробных умовах да двухвугляроднай формы — ацэтыльнай групы ацэтылкаферменту A (гл. Трыкарбонавых кіслот цыкл). У анаэробных умовах піруват у большай частцы клетак жывёльных і раслінных тканак аднаўляецца да лактату, а ў клетках дражджэй у ходзе спіртавога браджэння ператвараецца ў этылавы спірт і вуглякіслы газ. На 3-й стадыі ацэтыльная група ацэтылкаферменту A уступае ў цыкл лімоннай к-ты — агульны канчатковы шлях, на якім усе віды малекул вугляводаў акісляюцца да вуглякіслага газу. Дэградацыя вугляводаў у арганізме суправаджаецца вызваленнем значнай энергіі, якая расходуецца на розныя працэсы жыццядзейнасці. Біясінтэз вугляводаў у жывых клетках можа адбывацца шляхам глюканеагенезу (сінтэз глюкозы ў клетках печані, які ўключае 9 з 11 ферментацыйных рэакцый, што ўдзельнічаюць у яе раскладзе) і шляхам ператварэння простых вугляводаў у больш складаныя аліга- і поліцукрыды.

С.А.Вусанаў.

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНІ́Я

(ад аліга... + грэч. phrēn розум),

разумовая недаразвітасць, прыроджаная ці набытая ў першыя гады жыцця дзіцяці. Прычыны: паталогія на ўзроўні генаў і храмасом, неспрыяльнае ўздзеянне экзагенна-арган. фактараў на мозг зародка, плода дзіцяці (алкагалізм бацькоў, таксікозы, асфіксія пры родах, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы і інш.). Найб. тыповыя прыкметы алігафрэніі — недаразвіццё абстрактна-лагічнага мыслення, зніжэнне памяці, малы запас слоў. Інтэлектуальная недастатковасць часта спалучаецца з заганамі развіцця органаў, сістэм, будовы цела. Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю, цяжкую і глыбокую алігафрэнію

Дзеці з лёгкай ступенню разумовай адсталасці (дэбільныя) у стане авалодаць праграмай дапаможнай школы, моўнымі навыкамі і нескладанымі прафесіямі; каэф. інтэлектуальнага развіцця 50—69 балаў. Да сярэдняй ступені разумовай адсталасці (імбецыльнасць) адносяцца дзеці з каэф. інтэлектуальнага развіцця 35—49 балаў, здольныя авалодаць толькі элементамі мовы і навыкамі самаабслугоўвання. Сістэматычная вучэбная і прац. дзейнасць недаступная. Дарослыя самастойна жыць не могуць. Пры цяжкай ступені разумовай адсталасці (каэф. інтэлектуальнага развіцця 20—34 балы) інтэлектуальная недастатковасць больш выяўлена, парушана маторыка, ёсць фіз. дэфекты. Хворыя з глыбокай разумовай адсталасцю (ідыятыя) не маюць вышэйшых псіх. функцый, мова не развіваецца, увага не засяроджваецца, рэакцыя рэзка зніжана; каэф. інтэлектуальнага развіцця ніжэй за 20 балаў. Патрабуюць пастаяннага догляду. Лячэнне алігафрэніі сімптаматычнае.

Ф.М.Гайдук.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)