АФАНА́СІЙ АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Athanasios; каля 295—2.5.373),
царкоўны дзеяч і багаслоў, прадстаўнік патрыстыкі. Епіскап г. Александрыя з 328. У барацьбе з арыянствам распрацаваў містычнае вучэнне пра «адзінасутнасць» Бога-айца і Бога-сына, дагматызаванае на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. Ідэалам рэліг. жыцця лічыў аскетызм. Адстойваў незалежнасць Александрыйскай царквы, за што ў 335—65 імператары 5 разоў яго звяргалі і ссылалі. Аўтар «Жыція Антонія», прысвечанага заснавальніку манаства ў Егіпце Антонію Вялікаму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сенна, гл.Александрыйскі ліст
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,
найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Амвросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФА́НТАлександрыйскі
(Diophantos von Alexandreia; мабыць, 3 ст.),
старажытнагрэчаскі матэматык. Аўтар трактата «Арыфметыка» (збераглося 6 кніг з 13) і працы пра т.зв. многавугольныя лікі (засталіся ўрыўкі). У «Арыфметыцы» даецца рашэнне задач, якія прыводзяць да т.зв.дыяфантавых ураўненняў. Увёў літарную сімволіку ў алгебру. Працы Д. з’явіліся зыходным пунктам для даследаванняў П.Ферма, Л.Эйлера, К.Гаўса і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Арифметика и книга о многоугольных числах. М., 1974.
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающая наука: Пер. с гол. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАНКА,
вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).
Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Н (Heronus) Александрыйскі, старажытнагрэчаскі вучоны, які ў 1 ст. працаваў у Александрыі. Аўтар прац «Пнеўматыка» і «Механіка», у якіх сістэматызаваў дасягненні ант. навукі ў галіне прыкладной матэматыкі (апісаў аўтамат для адчынення дзвярэй, вадзяны арган, пажарную помпу і інш.). Аўтар адной з першых кніг па тэхніцы — «Тэатр аўтаматаў». У «Метрыцы» прывёў формулы для вылічэння плошчаў і аб’ёмаў геам. фігур (у т. л.Герона формула), правілы рашэння квадратных ураўненняў, прыблізнага здабывання квадратных і кубічных каранёў і інш. Яго матэм. працы — энцыклапедыя ант. прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. gnōstikos пазнавальны),
агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх.ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст.Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
Да арт.Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),
Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э.Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн.Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.
Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.