РО́ЗА ((Rosa) Сальваторэ) (Сальватор; 20.6 або 21.7.1615, г. Арэнела, Італія — 15.3.1673),
італьянскі жывапісец, графік, паэт. Вучыўся жывапісу ў Ф.Фраканцыяна і, магчыма, Х. дэ Рыберы. Зазнаў уплыў караваджызму. Працаваў у Неапалі (да 1635), Рыме, Фларэнцыі (1640—48). Выявіў перадрамантычныя тэндэнцыі ў жывапісе класіцызму, выступаў супраць акад. кірунку італьян. барока. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя сюжэты, пейзажы з відамі дзікіх, часам фантастычных ландшафтаў, сцэны бітваў. Творы вызначаюцца экспрэсіўна-змрочнай атмасферай, якую ствараў свабоднай манерай пісьма з дапамогай рэзкіх святлоценявых кантрастаў буравата-свінцовага каларыту: «Бітва» (1637), «Блудны сын» (каля 1640—48), «Адысей і Наўзікая», «Дэмакрыт здзіўляецца спрыту Пратагора» (абедзве 1650-я г.), «Нявер’е Фамы», «Хрышчэнне ў Іардане», «Лясны пейзаж з трыма філосафамі», «Пейзаж з мостам», «Марына», «Дэмакрыт думае», «Астрэя развітваецца з сялянамі», «Караблі» і інш. Ствараў афорты («Гульня трытонаў») і малюнкі («Баявая схватка»). У паэт. творах (напісаны тэрцынамі 7 сатыр) выкарыстоўваў складаныя алегорыі і вычурна драматызаваныя вобразы, высмейваў тагачасныя плыні італьян. л-ры, недахопы грамадства. У сатыры «Вайна» адлюстраваў паўстанне гар. нізоў Неапаля пад кіраўніцтвам Мазаньела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМЕ́ВІЧ (Янка) (Іван Уладзіміравіч; н. 29.10.1938, в. Малая Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Канд.філал.н. (1971). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у выд-вах. З 1968 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя». Адначасова ў 1987—97 выкладаў у БДУ. Даследуе гісторыю бел. л-ры і культуры, фальклор. Увёў у навук. ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, М.Арла, З.Верас, Т.Гардзялкоўскай, А.Зязюлі, К.Лейкі, Г.Леўчыка, Ф.Шантыра, У.Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў Біруты, П.Дземідовіча, Р.Зянькевіча, Ч.Пяткевіча, М.Федароўскага і інш. Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)» (1983), манаграфіі «Міхал Федароўскі» (1972). Склаў бібліягр. даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)» (1964), кн. «М.Гарэцкі; Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з А.Лісам), зб-кі Г.Леўчыка «Доля і хлеб» (1980, з Н.Ляшковіч), М.Арла «Лірнік» (1991), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1991, на рус. мове), «П’есы XIX — пачатку XX ст.» (1998), выбр. творы Я.Чачота «Свіцязь» (1999), зб-кі «Беларускія загадкі» (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі» (1983), літ.-маст. каляндар «Кола дзён» (1987, 1988, у сааўт.), «Каляндар памятных дат 2001» (2001). На бел. мову пераклаў манаграфію «Беларуская казка» і паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» Л.Барага, падручнік «Гісторыя беларускай савецкай музыкі», кн. Федароўскага «Люд беларускі: Вяселле», аповесць «Адысей з Беларусі» В.Гузанава, «Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану» Л.Патоцкага, раманы «Зверабой» Дж.Ф.Купера, «Блукаючыя зоркі» Шолам-Алейхема (з Г.Шупенькам) і інш. У 1979—88 адзін з вядучых тэлечасопіса «Роднае слова». Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. № 1;
Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12.
Літ.:
Трыгубовіч В. Легла песня на душу // Так мы жывём. Мн., 1984.