МАЖА́ЙСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (21.3.1825, г. Котка, Фінляндыя — 1.4.1890),

расійскі вынаходнік у галіне лятальных апаратаў, цяжэйшых за паветра. Контр-адмірал (1886). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1841). У 1881 атрымаў прывілей на вынайдзены ім «паветралятальны снарад» (самалёт манаплан). У 1882 пабудаваны лятальны апарат з 2 паравымі машынамі, аднак самастойны палёт на ім зрабіць не ўдалося.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял. Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв.жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГ (Аксель Іванавіч) (10.11.1893, г. Арэнбург, Расія — 9.7.1979),

савецкі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1943), адмірал-інжынер (1955). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Марскі корпус (1914), Ваенна-марскую акадэмію ў Ленінградзе (1925). У 1924—43 на пед. і навук. рабоце, з 1959 у АН СССР. Навук. працы па радыётэхніцы, кібернетыцы. Залаты медаль АН СССР імя Папова 1951.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2 М.; Л., 1964.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТФА́ТЭР (Васіль Міхайлавіч) (4.1.1883, Варшава — 20.4.1919),

расійскі ваенна-марскі дзеяч, контр-адмірал (1917). Скончыў Марскую акадэмію (1908). Служыў на Балт. флоце, у Марскім ген. штабе. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік ВМФ, нач. Ваенна-марскога ўпраўлення пры галоўнакамандуючым Паўн. фронтам. Быў экспертам на перагаворах аб міры ў Брэсце. З 1918 на камандных пасадах у сав. ВМФ, у т. л. чл. РВС і першы камандуючы Марскімі сіламі Рэспублікі.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра І, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.П.Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ (Пётр Фёдаравіч) (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),

расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус. геагр. т-ва (з 1848), ганаровы чл. Геагр. т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШКО́Ў (Сяргей Георгіевіч) (26.2.1910, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 1988),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1967), двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1982). Скончыў Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1931), курсы пры Ваенна-марской акадэміі (1941). З 1932 на Ціхаакіянскім, з 1939 на Чарнаморскім флоце. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, з ліст. 1942 каманд. 47-й арміяй, у 1943—48 — Азоўскай і Дунайскай ваен. флатыліямі, эскадрай Чарнаморскага флоту. У 1948—55 нач. штаба і каманд. Чарнаморскім флотам. У 1956—85 галоўнакаманд. ВМФ, нам. міністра абароны СССР. Дзярж. прэмія СССР 1980, Ленінская прэмія 1985.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568), граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач. Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам І Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)