ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
т. 5, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
геалагічнае агаленне адкладаў муравінскага міжледавікоўя каля г. Заслаўе (Мінскі р-н) у пясчана-жвіровым кар’еры; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1984). Адкрыта ў 1979. Магутнасць азёрна-балотных (торф, суглінак) адкладаў 1,5—2,5 м, якія агаляюцца на працягу больш за 100 м. Залягаюць на флювіягляцыяльных пародах дняпроўскага зледзянення і перакрыты лёсападобнымі асадкамі паазерскага зледзянення. У адкладзе выяўлены пылок, споры, плады, насенне каля 60 відаў дрэвавых і травяністых раслін (граб, ліпа, клён, ляшчына, зрэдку дуб і елка), больш за 20 відаў рэшткаў насякомых, якія існавалі ў час оптымуму муравінскага міжледавікоўя.
Г.І.Літвінюк.
т. 6, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРААДКЛА́ДЗЕНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
выкапнёвыя і сучасныя арганізмы або іх рэшткі, якія пасля смерці пераносяцца з адных месцаў адкладаў у інш. (больш маладыя ці больш старажытныя). На Беларусі выяўлены шматлікія выкапнёвыя расл. і жывёльныя П.а. ў адкладах розных геал. сістэм. Напр., у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну трапляюцца мікрафітафасіліі кембрыю — сілуру, споры і пылок карбону і антрапагену, у адкладах антрапагену — споры дэвону, ледавіковыя фрагменты з акамянеласцямі ардовіку, дэвону і мелу, алювій з канадонтамі дэвону і інш. Такія пераадклады абцяжарваюць дакладную ідэнтыфікацыю геал. ўзросту першапачатковых адкладаў. Вынікі вывучэння П.а. выкарыстоўваюцца ў стратыграфічных, палеаэкалагічных і палеагеагр. даследаваннях. Вывучае П.а. тафаномія.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 12, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,
прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.
т. 1, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦЫ́Т,
метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.
У.Я.Бардон.
т. 8, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ННАЯ МАРЭ́НА,
тып адкладаў марэны з грубаабломкавай горнай пароды, моцна ўшчыльненай пад ціскам лёду. Характэрна для покрыўных і горных ледавікоў. Утвараецца ў працэсе намнажэння матэрыялу, які пераносіцца прыдонным слоем ледавіка. Вельмі пашырана на Беларусі.
т. 6, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦУ́НДА,
мыс на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, каля вусця р. Бзыб, у Абхазіі. Складзены з пясчана-галечнікавых адкладаў р. Бзыб. На П. гай рэліктавай піцундскай хвоі (уваходзіць у Піцунда-Мюсерскі запаведнік). Прыморскі кліматычны курорт Піцунда.
т. 12, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖГО́РНЫ ПРАГІ́Н,
тэктанічная дэпрэсія паміж складкавымі горнымі збудаваннямі, утвораная ад прагінання зямной кары з адначасовым падыманнем навакольных хрыбтоў. Звычайна запоўнены магутнымі тоўшчамі абломкавых адкладаў. З М.п. часта звязаны радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю і інш. карысных выкапняў.
т. 10, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. potamos рака + ...логія),
навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз. эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).
Літ.:
Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АН СССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;
Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.
А.Ф.Санысо.
т. 11, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ХШСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная даліна паабапал сярэдняга і ніжняга цячэння р. Вахш у Таджыкістане. Даўж. 110 км, шыр. 7—25 км, выш. ад 400 да 1200 м. Складзена пераважна з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты і газу. Арашальныя сістэмы. Пасевы доўгавалакністага бавоўніку. Пладаводства.
т. 4, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)