БО́РГЕН ((Borgen) Юхан) (28.4.1902, Осла — 16.10.1979),

нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1979;

Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;

Избр. новеллы. М., 1984.

Літ.:

Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)