НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),

умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.

У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.​Кіплінга, Р.​Л.​Стывенсана, Э.​Растана, Дж.​Конрада, К.​Дойла, Э.​Л.​Войніч, Дж.​Лондана, К.​Гамсуна, Г.​Ібсена, Ф.​Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.​Бальмонта, З.​Гіпіус, С.​Гарадзецкага, у прозе Л.​Андрэева, А.​Рэмізава, Дз.​Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.​Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.​Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.​Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.​Караткевіча і інш.

У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.​Ліста, Р.​Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Вольфа, Г.​Малера, Р.​Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.​Рэгер, Л.​Яначак, Р.​Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.​Абеліёвіча, Г.​Гарэлавай, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, У.​Кандрусевіча, В.​Помазава, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, А.​Соніна.

Літ.:

Царик Д.К. Типология неоромантизма. Киев, 1984.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар. Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад. АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ. «Наша ніва», рэдагаваў час. «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ. «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл. Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.​Грыбам, К.​Дуж-Душэўскім, А.​Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.​Бадунова, Я.​Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел. дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз. чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел. АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.​Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел. АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.​Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.​Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.​Палуяна, П.​Багрыма, Ц.​Бычкоўскага, К.​Каліноўскага, В.​Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.​Багдановіча, Я.​Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.​Талстой), англ. (Р.​Кіплінг, Б.​Мэон), польск. (Э.​Ажэшка, А.​Валодзьскі, К.​Тэтмаер), дацкай (Х.​К.​Андэрсен) і інш. моў.

Літ.:

Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.

Я.​Я.​Янушкевіч.

В.Ю.Ластоўскі.
Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.​Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.​Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.​Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.​Рахманінава, «Тры пальмы» А.​Спендыярава) і рамансавай (А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.​Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.​Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.​Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.​Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.​Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.​Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.​Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.​Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.​Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.​Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.​Колас, А.​Зарыцкі, А.​Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.​Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.​Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.​Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.​Зуёнак, П.​Макаль, Я.​Міклашэўскі (Я.​Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.​Броўка, М.​Танк, Я.​Брыль, С.​Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.​К.​Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.​Ю.​Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.​Ю.​Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.​Ф.​Кузьміна, У.​В.​Гніламёдаў, В.​А.​Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.​Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)