ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),

нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ТРА (ням. Rethra, слав. Радыгашч, Радгашч),

рэлігійны цэнтр і ўмацаванне 10—11 ст. прыбалт. зах.-слав. племя радарыяў (ратараў, ратран), якое ўваходзіла ў саюз плямён люцічаў; цяпер — гарадзішча каля г. Фельдберг (Германія). У 1068 разбурана войскамі епіскапа Бурхарда II Гальберштацкага, а ў пач. 12 ст. — імператарам Лотарам III. Звесткі аб Р. сучаснікаў-храністаў Адама Брэменскага і Цітмара Мерзебургскага пацверджаны раскопкамі ням. археолага К.​Шухарта (1922). Р. была абкружана 2 землянымі валамі з 3 вял. і 3 малымі вежамі з брамамі. У цэнтры быў драўляны храм бога сонца і агню Радагаста, ці Сварожыча. Каля храма выяўлены рэшткі 10 жылых пабудоў.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЎЧЭ́НЯ (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 18.9.1924, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1971), праф. (1972). Скончыў БДУ (1954), у 1957—95 працаваў у ім (у 1974—88 заг. кафедры гісторыі філасофіі і логікі). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы логікі і філасофіі, гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі і Польшчы, асветніцкую дзейнасць і навук. спадчыну Кірылы Тураўскага і А.​Міцкевіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па логіцы.

Тв.:

Грамадска-палітычныя і сацыялагічныя погляды Адама Міцкевіча. Мн., 1959;

Очерки по истории марксистско-ленинской философской мысли в Польше. Мн., 1978;

У истоков белорусской культуры: Кирилл Туровский // Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1987.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КА ((Baka) Юзаф) (18.3.1707, Міншчына — 2.5.1780),

польскі паэт, каталіцкі прапаведнік. Сын мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі. У 1740-я г. жыў у Мінску. Потым вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Паэт. зб. «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго 2-я частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у 19 ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсёмагутнасць смерці блізкая да нігілізму. Стыль Бакі выкарыстоўвалі В.​Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У.​Сыракомля («Наследаванне Баку»).

Літ.:

Nawarecki A. Czarny karnawał: «Uwagi śmierci niechybney» księdza Baki – poetyka tekstu i paradoksy recepcji. Wrocław etc., 1991.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,

адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.​І.​Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс. чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.​Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр. арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс. чал., французы страцілі 12 тыс. чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».

Аўстэрліцкая бітва. З літаграфіі Адама.

т. 2, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),

бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.​Лізен-Маўэра і М.​Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.

І.​А.​Масляніцына.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЧЫ́ЦКІ (Леў Паўлавіч) (н. 25.10.1925, в. Баяры Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык-славіст, літаратар. Канд. гіст. н. (1972). Скончыў БДУ (1956). З 1956 навук. супрацоўнік Дома-музея А.​Міцкевіча ў Навагрудку, з 1958 — Літ. музея Я.​Коласа АН Беларусі. З 1963 у Бел. т-ве дружбы і культ. сувязей з замежнымі краінамі. З 1970 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе культ. сувязі Беларусі з Чэхіяй, Югаславіяй, Польшчай, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Германіяй, Францыяй, Фінляндыяй, жыццё і творчасць бел. і замежных дзеячаў культуры, нац.-вызв. рух на Беларусі.

Тв.:

Сцежкамі вялікага паэта. Мн., 1957;

З незабыўных дарог. Мн., 1961;

Белорусско-чехословацкие культурные и научные связи. Мн., 1981;

Беларуска-югаслаўскія культурныя і навуковыя сувязі. Мн., 1992;

Светлым ценем Адама Міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны. Мн., 1994.

Т.​А.​Папоўская.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.​В.​Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).

У 18 ст. пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.​М.​Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).

А.​М.​Мартынаў.

Кобрынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,

эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.​В.​Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.​А.​Бяссонаў, П.​В.​Шэйн, Е.​Р.​Раманаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;

Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.

А.​С.​Фядосік.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)