АЎЧА́РНЯ, кашара,

пабудова для ўтрымання авечак, асноўны вытворчы будынак авечкагадоўчых фермаў і комплексаў. Звычайна маюць аддзяленні для розных груп авечак: бараноў-вытворнікаў, матак з ягнятамі, рамонтнага, адкормачнага пагалоўя; памяшканні для ягнення, штучнага кармлення ягнят і інш.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рамбулье (парода авечак) 8/613; 9/93, 306

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Савецкі мерынос (парода авечак) 7/146; 9/306

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́НСКІ ГО́РНЫ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага кірунку. Выведзена ў 1935—47 у гаспадарках Азербайджана скрыжаваннем малапрадукцыйных мерыносавых авечак з баранамі асканійскай і каўказскай танкарунных парод, а таксама помесяў мясц. грубашэрсных авечак пароды базах з танкаруннымі баранамі. Шырока выкарыстоўваюць для паляпшэння шэрсных якасцяў мясц. авечак.

Жывёлы рухавыя, трывалыя, добра прыстасаваныя да пашавага ўтрымання ў горных раёнах. Маюць моцны касцяк, дужыя ногі, развітую грудную клетку з вял. аб’ёмам лёгкіх; скура тлустая, шчыльная, без складак. Жывая маса бараноў 70—80 (да 100) кг, матак 45—50 (да 70) кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10 кг, з матак 4,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 112—120%.

Азербайджанскі горны мерынос.

т. 1, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай грубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. Асн. кірункі грубашэрснай авечкагадоўлі: футравы (раманаўская парода), смушкавы (каракульская), мяса-сальны (гісарская і інш. курдзючныя пароды), мяса-воўнавы (кучугураўская, міхноўская), мяса-воўна-малочны (тушынская, карабахская і інш. закаўказскія і паўн.-каўказскія пароды). У некаторых еўрап. краінах (Швецыя, Нарвегія, Данія), а таксама на Беларусі грубашэрсных авечак гадуюць пераважна для атрымання мяса і аўчыны; у краінах з гарачым кліматам (Індыя, Алжыр, Ірак) — курдзючных і тлустахвостых авечак. Смушкавая авечкагадоўля развіта ў Іране, Афганістане, Паўд.-Зах. Афрыцы і інш. Маса грубашэрсных авечак ад 45 кг (раманаўская) да 90—140 кг (гісарская). Характэрны высокі (да 80%) выхад чыстай воўны, якую выкарыстоўваюць для вытв-сці грубага сукна, дываноў, валеных і вязаных вырабаў, лямцу. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 5, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЫР (Анатоль Антонавіч) (н. 21.6.1937, в. Грэбінкі Кіеўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па эфектыўных тэхналогіях кармлення, утрымання і ўзнаўлення парод авечак, размнажэнні і ўдасканаленні авечак паліплоіднага паўтанкаруннага тыпу.

Тв.:

Кормление и содержание овец. Мн., 1984;

Справочник по приготовлению, хранению и использованию кормов. 2 изд. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́ЛАСЦЬ, бязрогасць,

прыроджаная адсутнасць рагоў у жывёл. У некат. парод с.-г. жывёл К. — спадчынная прыкмета (напр., у абердзін-ангускай пароды буйн. раг. жывёлы, гемпшырскай, шропшырскай і інш. парод авечак). У асобных парод авечак (мерыносавая, рамбулье) бязрогія толькі маткі. У буйн. раг. жывёлы К. — дамінантная прыкмета. Пры скрыжаваннях жывёл камолых парод з рагатымі атрымліваюцца мяшанцы першага пакалення пераважна камолыя. Выкарыстоўваюць таксама штучнае выдаленне рагоў у жывёл для спадручнай гадоўлі.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.

Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.

Баран гемпшырскай пароды.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎНА,

валасяное покрыва авечак; сыравіна для вытв-сці шарсцяных тканін, трыкатажу і валеных вырабаў. Воўну падзяляюць на аднародную (тонкую і паўтонкую) і неаднародную (грубую і паўгрубую). Тонкая воўна — найб. каштоўная сыравіна, якая складаецца з пуховых валокнаў. Атрымліваюць яе ад танкарунных авечак. Паўтонкая воўна мае больш тоўстыя пуховыя або тонкія пераходныя валокны (воўна паўтанкарунных парод). Грубая і паўгрубая воўна складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці (воўна грубашэрсных і паўгрубашэрсных парод). Паўгрубую воўну выкарыстоўваюць пераважна ў дывановай прам-сці, грубая ідзе на выраб грубага сукна, валеных вырабаў. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)