КАГА́Л (стараж.-яўр. абшчына, сход),

у шырокім сэнсе — яўрэйская абшчына, у больш ужывальным — форма яе самакіравання (праўленне абшчыны) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст., у Рас. імперыі ў 1772—1844. Быў пасрэднікам паміж уладамі і яўр. насельніцтвам. Адказваў за збор падаткаў, выконваў адм., гасп., судовыя і інш. функцыі. На чале К. стаялі 3—5 выбарных старшын (рошым) і 3 ганаровыя члены (товім), якія складалі правамоцную калегію К. У буйным горадзе К. падпарадкоўваў сабе дробныя К. суседніх мястэчак — прыкагалкі. Указам рас імператара 1844 К. скасаваны, іх адм. функцыі перададзены паліцэйскім установам, а гасп. і агульнападатковыя — гар. думам і ратушам.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Верв (сельская абшчына) 3/36, 98; 5/561

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),

народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),

1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.

2) Самакіравальная абшчына з правам юрыд. асобы.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБУ́Ц (яўр. сход, абшчына),

добраахвотная яўр. абшчына каланістаў у дзяржаве Ізраіль. Першапачаткова меў с.-г., пазней агр.-прамысл. характар. Засн. на прынцыпах агульнай уласнасці (або арэнды) на зямлю і сродкі вытв-сці, добраахвотнай працы, роўных правоў і абавязкаў, супольнай матэрыяльнай адказнасці яго членаў. К. кіруюць абраныя камітэты. Узнікненне К. звязана з мэтамі сіянісцкага руху і рассяленнем яўрэяў у Палесціне, якое развівалася з пач. 20 ст. Першы К. створаны ў 1909 у Паўн. Галілеі; да 1914 на землях, што належалі Яўр. нац. фонду, было 14 К. Пасля 1-й сусв. вайны К. ператварыліся ў агр.-прамысл. паселішчы. У 1990 было 270 К. (ад 200 да 700 чал.), аб’ядноўвалі каля 125 тыс. чал. Яны адыгрываюць значную ролю ў нац. эканоміцы Ізраіля. Ідэалогія К. (прынцыпы дэмакратыі і роўнасці) значна паўплывала на фарміраванне грамадства краіны і яе паліт. эліты.

Літ.:

Гвати Х. Киббуц: так мы живем: Пер. с иврита. СПб.;

Иерусалим, 1992.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРВ,

сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГМІ́,

абшчына ў Паўд. В’етнаме, дзе ў час в’етн. вайны (1964—73) амер. салдаты ў ходзе антыпартыз. аперацыі 16.3.1968 забілі каля 500 мірных жыхароў. Масавае забойства ў С. негатыўна паўплывала на знешнепаліт. пазіцыю ЗША і актывізавала антываен. настроі. 11—12.7.1972 у Мінску адбылася міжнар. сустрэча прыхільнікаў міру пад дэвізам «Няхай ніколі не паўтарыцца трагедыя Хатыні, Лідзіцы, Арадура, Хірасімы, Сангмі».

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Грамада 3/582, гл. Абшчына «Грамада» (выд-ва) 6/39

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАН (гэльскае clann нашчадак, патомства),

1) старажытная радавая абшчына ў ірландцаў і шатландцаў; у перыяд разлажэння радавых адносін — група кроўных сваякоў, нашчадкаў аднаго стараж. роду, якія насілі імя магчымага родапачынальніка.

2) Род, група, члены якой звязаны пераважна сваяцкімі адносінамі; замкнёная грамадская група, групоўка, якая звычайна ўзнікае і існуе на аснове эканам., дзелавых сувязей, агульнасці інтарэсаў, якія часта маюць злачынны характар (напр., мафіёзны К.).

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)