акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАНЕ́МА (ад прата... + грэч. nēma нітка),
прадростак, мікраскапічнае ніткаватае або пласціністае ўтварэнне ў водарасцей і мохападобных. Утвараецца са споры або ў выніку рэгенерацыі клетак гаметафіту ці спарафіту. Дае пачатак аднаму або некалькім макраскапічным слаявінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦІ́РКА,
у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, пшанічную або грэцкую муку крута замешваюць або пераціраюць з яйцом (часам з крухмалам) і вараць на вадзе або малацэ. З., прыгатаваную на вадзе, заскварваюць, запраўляюць алеем, забельваюць малаком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯШЧА́ННЕ,
распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я АТРУЧЭ́ННІ,
захворванні жывёл, што ўзнікаюць у выніку прыёму няправільна падрыхтаваных або недабраякасных кармоў ці парушэння норм кармлення жывёл. Выклікаюцца хім. ядамі, што ўтвараюцца ў кармах пры іх няправільным прыгатаванні або захоўванні. К.а. выклікаюць кармы, пашкоджаныя таксікаінфекцыяй, напр.батулізмамабо таксічнымі грыбамі (фузарыятаксікоз, стахібатрыятаксікоз і інш.), ядамі сінт. паходжання (карбамід абовял. доза бялкова-вітамінна-мінер. дабавак, рэшткі пестыцыдаў і нітратаў пры захоўванні іх у кармах звыш дапушчальных нарматываў). К.а. выклікае таксама парушэнне рэжыму кармлення, напр. рэзкі пераход на інш. кармы, на пашавае або стойлавае ўтрыманне жывёл, залішняе кармленне галодных жывёл. Гл. таксама Атручэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНКО́ЎКА,
шматлязовы рэжучы інструмент для атрымання канічных або цыліндрычных паглыбленняў, апорных плоскасцей вакол адтулін, зняцця фасак цэнтравых адтулін. Апрацоўка З. (зенкаванне) робіцца на свідравальных абоспец. цэнтровачных станках (часам з дапамогай дрыля або ўручную).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПНІК,
у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТЫФІКА́ЦЫЯ,
1) у міжнародным праве — афіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты абоінш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.
2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл.Індасамент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНІК (Lactarius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. сыраежкавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 42 віды. Найб. вядомыя М.: белы, або бялянка (L. pubescens), горкі, або гаркуха (L. rufus), грузд чорны (L. necator), ружовы, або ваўнянка (L. torminosus), скрыпіца (L. vellereus), смачны, або рыжык (L. deliciosus). Трапляюцца з ліп. па кастр. у лясах, на ўзлесках і лугах, дзе ёсць карані дрэў. Утвараюць «ведзьміны кольцы».
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка белая, шэрая да ружавата-ліловай, карычневая. дыям. да 25 см, звычайна правільна-круглаватая з загорнутым ці апушчаным уніз краем, не аддзяляецца ад ножкі. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка шчыльная або рыхлая, часта ўнутры полая. Мякаць белая, палевая, з млечным сокам (сістэм. адзнака). Споры авальныя або шарападобныя, белыя ці жаўтаватыя. Усе віды ядомыя.