ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Узеір Абдул Гусейн аглы) (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),
азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес.муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар.арт.СССР (1938). Акад.АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж.азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац.муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб.нар. песень (з М.Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.
Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л.найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб.нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб.нар. песень і інш.
Літ.:
Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;
Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia),
Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на 3 — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс.км2, у т.л. на п-ве Малака 131,6 тыс.км2, на Калімантане 198,2 тыс.км2. Нас. 20,9 млн.чал. (1998), у т.л. каля 17 млн.чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).
Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б.ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш.Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.
Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км2, на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб.г. Куала-Лумпур — 1236 тыс.ж. (1997); больш за 200 тыс.ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т.л. ў кіраванні 11%.
Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс.н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.
У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч.нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.Оне (1976—81) і М.Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл.ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.
Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.
Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс.дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб.прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн.т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн.т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс.т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс.т, баксітаў — каля 70 тыс.т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс.т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах.ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд.кВтгадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн.шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс.шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш.Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн.т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн.т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн.шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн.га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал.харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс.т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т.л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн.т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т.л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс.км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс.км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс.км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т.л. міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд.дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн.чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).
Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст.л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.Нававі, А.Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.Самада Ахмада, Ш.Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.Н.Масуры, Крыс Мас, У.Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.Амінуррашыд, А.Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.Самада Саіда, А.Ваці, А.Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.Самада Ісмаіла, А.Хусейна, Ш.Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.Ахмед, Р.Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.Сетхураман), англ. (Т.Вігнесан) мовах. У 1958 засн.Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.Палупанаў.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд.выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц.кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц.інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на 3 з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км2. Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На 3 — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км2, найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал на 1 км2, у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км2Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т.л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т.л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т.л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т.л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т.л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т.л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах,еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т.л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.