БАГДАНО́ВІЧ Янка (Іван Антонавіч; 17.11.1906, в. Гібінята Валожынскага р-на Мінскай вобласці — 13.7.1990),

бел. пісьменнік, мемуарыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927). Працаваў у друкарні імя Ф.​Скарыны (Вільня, 1927—41). Настаўнічаў. У 1952 рэпрэсіраваны, высланы ў Варкуту. З 1956 настаўнічаў у Вільнюсе. Друкаваўся з 1930 пад псеўд. Янка Ваўштолскі (вершы, байкі, апавяданні, артыкулы). Аўтар кн. успамінаў «На жыццёвым шляху» (1992).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ Іван Дамінікавіч, гл. Купала Янка.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЛУХО́ЎСКІ Іван Люцыянавіч, гл. Лучына Янка.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 16 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 1,04 км², даўж. 2,42 км, найб. шыр. 0,63 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 11,8 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае, зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 3 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае р. Янка.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦЭ́ВІЧ Уладзіслава Францаўна (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),

бел. літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.​Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.​Купалы «Янка Купала» (1952, з В.​Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.​Г.​Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.​Купалу, успамінаў пра З.​Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.​Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.

Тв.:

Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;

Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;

3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;

Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.

Літ.:

Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;

Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;

Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ Аляксей Канстанцінавіч (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім Віцебскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.​Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.​Коласа, У.​Уладамірскага, У.​Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.

Літ.:

Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.

Т.​А.​Карповіч.

А.К.Глебаў.
А.Глебаў. Максім Горкі і Янка Купала. 1949.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ХЕЛЬ (Stochel) Уладзімеж (н. 8.3.1945, в. Макаў Малапольскага ваяв., Польшча),

польскі літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1975). Скончыў Варшаўскі ун-т (1969). З 1973 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (у 1978—82 заг. сектара ўсх.-слав. л-р, у 1988—90 нам. дырэктара), з 1997 у Ін-це ўсх. славяназнаўства пры Вармінска-Мазурскім ун-це (г. Ольштын). Даследуе гісторыю бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., узаемасувязі бел. і польскай л-р. Аўтар арт. «Студзеньскае паўстанне ў беларускай літаратуры» (1972), «Янка Купала, Адам Міцкевіч і Тарас Шаўчэнка» (1973), «Польская, руская і ўкраінская літаратура на старонках «Нашай нівы» (1974), «Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін і Тарас Шаўчэнка ў беларускай літаратуры 1863—1917 гг.» (1976), «Янка Купала і Станіслаў Пшыбышэўскі» (1981). «Сучаснае польскае літаратуразнаўства пра польска-беларускія літаратурныя ўзаемаадносіны» (1989), «Янка Купала і традыцыі міцкевічаўскага рамантызму» (2000) і інш. Выступае з артыкуламі пра творчасць М.​Танка, В.​Быкава, рэцэнзіямі на літ.-знаўчыя работы бел. даследчыкаў. Сааўтар «Бібліяграфіі польскай русістыкі, 1945—1975. Літаратуразнаўства» (1976). Адзін з перакладчыкаў на польскую мову «Гісторыі рускай савецкай літаратуры» (1977).

В.​С.​Семенякоў.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́Ш Міхась (Міхаіл Рыгоравіч; 10.1.1929, в. Межная Слабада Клецкага р-на Мінскай вобл. — 10.7.1987),

бел. літаратуразнавец і крытык. Канд. філал. н. (1958). Скончыў БДУ (1953). З 1956 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследаваў праблемы развіцця бел. драматургіі, паэзіі, творчай індывідуальнасці, традыцый і наватарства. Аўтар манаграфій «Драматургія Янкі Купалы» (1959), «Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці» (1963), «Янка Купала і беларуская паэзія» (1971), «Пясняр роднай зямлі» (1982), «Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці» (1988). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі савецкай шматнацыянальнай літаратуры» (т. 4, 1972), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (абедзве на рус. мове, 1977), зб. «Стыль пісьменніка» (1974), кн. «Беларуская савецкая лірыка» (1979), «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў» (1985), падручнікаў па гісторыі бел. л-ры для студэнтаў ВНУ. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Янка Купала и современность. Мн., 1981;

В памяти народной: К 100-летию со дня рождения Я.​Купалы. Мн., 1982.

І.​П.​Чыгрын.

т. 18, кн. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:

Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.​Купала. «А зязюлька кукавала...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́ПКА Янка (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),

бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)