ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum), даўно мінулы час,
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЖЭ́ (Léger) Жуль Фернан Анры (4.2.1881, г. Аржантан, Францыя — 17.8.1955),
французскі мастак. Вучыўся ў Школе дэкар. мастацтва (1903—05) і акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Працаваў пераважна ў Парыжы, у 1940—45 у ЗША. У 1924 заснаваў «Сучасную акадэмію». У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана, фавізму, футурызму. У 1909—14 прымыкаў да кубістаў. Творы гэтага перыяду вызначаюцца дынамікай прасторавай пабудовы, кантрастамі адкрытых колераў: «Аголеныя ў лесе» (1909—10), «Дама ў блакітным» (1912) і інш. Пад уплывам падзей 1-й сусв. вайны прыдумаў «новую эстэтыку машынных форм», якая абумовіла «механічны» перыяд у яго міжваен. творчасці. Работам гэтага часу ўласціва пабудова фігур чалавека і прадметаў з абагульненых цыліндрычных і акруглых форм, яркія лакальныя колеравыя зоны: «Дыскі» (1918), «Горад» (1919—20), «Механік» (1920), «Механічныя элементы», «Чалавек у світэры», «Чытанне» (усе 1924) і інш. З 1920 супрацоўнічаў з Ле Карбюзье ў афармленні тагачасных інтэр’ераў. У 1924—27 зазнаў уплыў пурызму («Акардэон», 1926; «Нацюрморт з рукой», 1927). У 1930—50-я г. ўзмацніліся рысы дэкаратывізму («Вялікія чорныя ныральшчыкі», 1944), імкненне да сюжэтнасці і сац. скіраванасці («Будаўнікі», 1951). Сярод манум. работ: мазаікі і вітражы ў цэрквах у Асі (1949) і Адэнкуры (1951), пано для будынка ААН у Нью-Йорку (1952); паводле яго эскізаў аформлены музей яго імя ў Б’ё (1956—60), зроблены мазаікі ў Доме культуры моладзі ў Карбей-Эсоне (1965—66), вітражы ў Ін-це М.Тарэза ў Парыжы (1960) і інш. Працаваў таксама ў галіне манум.-дэкар. керамікі, габелена, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва, кніжнай ілюстрацыі. У 1924 зняў маляваны фільм «Механічны балет».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРАЎ Пётр Уладзіміравіч (31.12.1854, г. Казань, Расія — 1902, паводле інш. звестак, пасля 1913),
рускі філолаг-славіст і гісторык літаратуры; адзін з заснавальнікаў беларусазнаўства. Д-ррус. славеснасці (1888). Скончыў Казанскі ун-т. З канца 1880-х г.праф. Кіеўскага ун-та. Аўтар кніг і артыкулаў, прысвечаных стараж.-слав. л-рам. Праблемам стараж.-бел. л-ры і гісторыі старабел. мовы прысвяціў працы «Жыціе св. Аляксея, чалавека божага ў заходнярускім перакладзе канца XVI ст.» (1887), «Агляд паўднёварускіх і заходнярускіх помнікаў пісьменнасці ад XI да XVII ст.» (1890) і інш. У сваёй асн. працы «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) разглядаў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф.Скарыны ў шырокім гіст.-культ. кантэксце. Тэзісы да працы (выд. асобнае) пра лінгватэксталагічныя аспекты дзейнасці Скарыны і суадносіны яго перакладаў і іншамоўных выданняў той пары (напр., чэшскай Бібліі, 1506) не страцілі навук. каштоўнасці да нашага часу. Выявіў новыя дакументы пра Скарыну, даволі поўна аднавіў яго біяграфію, падрабязна прааналізаваў выданні, адзначыў іх асаблівасці, наватарства і значэнне для бел. і ўсх.-слав. культур. Даследаваў мову выданняў Скарыны, якую лічыў узорам бел. мовы пач. 16 ст., а таксама іншамоўныя лінгвістычныя запазычанні, шрыфты выданняў.
Тв.:
К исследованию о «Великом зерцале». Казань, 1885;
Введение в историю русской словесности. Киев, 1896;
Научное изучение апокрифов — отреченных книг в руссхой литературе во второй половине XIX ст. Киев, 1900;
Древняя русская литература Киевского периода XI—XIII вв. Киев, 1900.
Літ.:
Мезиер А.В. Русская словесность с XI до XIX столетия включительно: Библиогр. указ. Ч. 1—2. СПб., 1899—1902;
Булахоа М.Г. Восточнославянские языковеды. Т 1. Мн., 1976;
Немировский Е.Л. По следам Франциска Скорины: Док. повесть. Мн., 1990.