БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб. пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.

Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.

Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,

праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.​І.​Гучкоў, П.​Л.​Корф, М.​У.​Радзянка, Дз.​М.​Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.

На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,

1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст. дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.

2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.

3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра I як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.​К.​Корабавым у 1727—38 і А.​Дз.​Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.

Да арт. Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.​Дз.​Захараў.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЕ́ЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

умоўная назва аўтамабіля, канструкцыйныя асаблівасці якога найбольш спрыяюць прадухіленню, аварый, траўматызму вадзіцеля, пасажыраў і пешаходаў у выпадку дарожна-трансп. здарэння. Аснашчаны элементамі «актыўнай» і «пасіўнай» бяспекі. Першыя ўзоры створаны ў ЗША (1957) і ў Італіі (1963). Бяспечны аўтамабіль з поўным камплектам элементаў бяспекі выпускаюцца аўтамаб. фірмамі на заказ.

Да элементаў «актыўнай» бяспекі адносяць павышэнне ўстойлівасці і кіроўнасці аўтамабіля, эфектыўнасці тармазоў, паляпшэнне агляднасці і інш. Элементы «пасіўнай» бяспекі змяншаюць траўматызм кожнага пасажыра (у выпадку аварыі забеспячэнне зручнага выхаду з аўтамабіля, абмежаванне перамяшчэння адносна сядзення, змяншэнне імавернасці траўмаў ад унутр. паверхняў кузава і інш.). Рулявая калонка бяспечнага аўтамабіля лётка дэфармуецца (пры аварыі) або яе няма зусім (кіраванне ажыццяўляецца рычагамі), рухавік перамяшчаецца пры аварыі пад пасажырскі салон і інш. Сучасныя канструкцыі бяспечных аўтамабіляў абсалютную бяспеку гарантаваць не здольныя.

А.​С.​Рукцяшэль.

Бяспечны аўтамабіль: 1 — падвойная проціпажарная пераборка; 2 — кола з магніевага сплаву; 3, 9 — бамперы; 4 — ветравое шкло, якое не дае скажэнняў; 5 — перыскоп люстэрка; 6, 10 — арачныя стойкі кузава; 7 — мяккая абіўка салона; 8 — падгалоўнік.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯВО́ДА,

1) у Стараж. Русі і іншых слав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.

3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.

5) Назва гаспадара Валахіі і Малдовы ў 14—18 ст.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),

атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЦЫ́,

два роды рыб: Salvelinus і Noemacheilus. Гальцы Salvelinus — род прахадных і прэснаводных рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Каля 10 відаў. Пашыраны на ўзбярэжжы Еўразіі і Паўн. Амерыкі, у Ладажскім, Анежскім і альпійскіх азёрах, бас. воз. Байкал. Найб. вядомыя: галец арктычны (S. alpinus), паліі, кунджа (S. leucomaenis). 1 зах.-еўрап. від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 88 см, маса да 15 кг. Ад ласосяў адрозніваюцца адсутнасцю зубоў на ручцы сашніка і цёмных плям на целе (за выключэннем амер. віду). Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.

Галец Noemacheilus — род рыб сям. ўюновых атр. карпападобных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе, Азіі, Афрыцы (1 від). Жывуць у невял. рэках, ручаях, у падземных водах, на выш. больш за 4000 м. На Беларусі трапляецца ва ўсіх рэках і ручаях галец звычайны (N. barbatulus). Нар. назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і інш.

Даўж. да 25 см, маса да 100 г. Цела голае (адсюль назва) або ўкрытае дробнай луской. Афарбоўка бурая, карычнявата-шэрая з больш цёмнымі плямамі. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой, водарасцямі.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),

назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.​А.​Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.​А.​Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.​Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.​Брамс, Р.​Вагнер, Э.​Грыг, Р.​Штраус, П.​Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.​Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.

Гевандхаўз. Канцэртная зала (стары будынак). Сярэдзіна 19 ст.

т. 5, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́МАТА (ад грэч. grammata чытанне, пісьмо),

1) уменне чытаць і пісаць.

2) Афіц. пісьмовы акт, які сведчыць пра якое-н. міжнар. пагадненне ці вызначае пэўныя прававыя адносіны (даверчая грамата, адзыўная грамата, ратыфікацыйная і інш.).

3) Афіц. заканад. акт Стараж.-рус. дзяржавы, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Граматай замацоўваўся дзярж. лад, правы і прывілеі землеўладальнікаў, афармлялася прававое становішча асобных тэр. адзінак і розных груп насельніцтва, прызначаліся службоўцы на дзярж. і службовыя пасады, афармляліся наданні зямель, маёнткаў і інш. маёмасці, ганаровых званняў і чыноў. У ВКЛ наз. таксама лістамі гаспадарскімі, прывілеямі. Падзяляліся на даравальныя граматы, устаўныя граматы, ільготныя, ахоўныя, купчыя і інш. 4) Форма ўзнагароды ў былым СССР, у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД дзярж. органамі, грамадскімі арг-цыямі, адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, спарт. т-вамі за поспехі ў якой-н. справе (напр., Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пахвальныя, ганаровыя граматы і інш.) 5) Стараж. назва ўсякага дакумента, пісьма.

6) У пераносным сэнсе: фількава грамата (непісьменны дакумент, які не мае юрыд. сілы), кітайская грамата (незразумелы дакумент, незнаёмая справа).

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,

назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст. Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл. Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.

Літ.:

Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)