СА́КА ((Sacco) Джузепе) (Юзаф; 1735, г. Верона, Італія — 22.12.1798),
архітэктар, прадстаўнік архітэктуры барока і класіцызму. Працаваў на Беларусі. З 1773 у Гродне, прыдворны архітэктар графа А.Тызенгаўза (1774), гал. архітэктар па буд-ве каралеўскіх мануфактур ВКЛ. Кіраваў буд. школай на Гарадніцы ў Гродне. У Гродне пабудаваў Аўгустоўскую сядзібу (1770-я г.), удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў і рэканструкцыі Гродзенскага палаца Тызенгаўза (з арх. Ю.Мёзерам), Гродзенскага Новага замка, езуіцкага касцёла (1773), ратушы (1775, з арх. Фрэйліхам). Сярод інш. пабудоў: Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, палац Станіславоўскай сядзібы, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс (з арх. К.Спампані). Працаваў таксама ў г. Паставы Віцебскай вобл. (1770-я г.), вёсках Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. (1776), Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1781). Стварыў праект ратушы ў Вільні (1784, не ажыццёўлены).
В.Ф.Марозаў.
т. 14, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-САЛЬВАДО́Р (San Salvador),
горад, сталіца Сальвадора, у даліне р. Амакас, каля падножжа вулкана Сан-Сальвадор. Цэнтр. аднайм. дэпартамента. 1408 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт.
Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст. (баваўняная і шаўковая, вытв-сць вырабаў з хенекену), металаапр., гарбарна-абутковая, дрэваапр., керамічная, мінер. угнаенняў. АН і Сальвадорская акадэмія гісторыі. 2 ун-ты. Кансерваторыя. Нац. музей. Бат. сад. Арх. помнікі калан. перыяду.
Засн. ў 1525 ісп. заваёўнікам П. дэ Альварада. У 1546 атрымаў гар. правы. У каланіяльныя часы тут знаходзілася рэзідэнцыя правінцыяльных улад. З 1826 сталіца рэспублікі Сальвадор (у 1831—39 сталіца Цэнтр.-Амер. Саюза). Шмат разоў быў разбураны землетрасеннямі (самае буйное ў 1854, апошняе ў 1988), пажарамі і паводкамі, у т. л. ў 1934.
т. 14, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),
адм. вобласць Італіі на в-ве Сардзінія і суседніх невял. астравах. Адміністрацыйна падзелена на правінцыі Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24,1 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад Кальяры. Асн. галіны эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,7 млн. га, у т. л. каля 74% займаюць пашы і лугі, каля 19% — ворыва, каля 6% — сады і вінаграднікі. Пасевы збожжавых, бабовых, бульбы, артышокаў; агародніцтва, вінаградарства, культура слівы, цытрусавых і інш. Пераважнае значэнне мае жывёлагадоўля (каля 1/3 пагалоўя авечак у Італіі, буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства. Здабыча свінцу і цынку, кам. вугалю, флюарыту, баксітаў. Прам-сць: каляровая металургія, нафтаперапрацоўка і нафтахімія, харч., тэкст., гарбарная, дрэваапр., эл.-тэхн., суднарамонт. Ручное дыванаткацтва. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Прыроду гл. ў арт. Сардзінія (востраў).
т. 14, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХЕ́ЛЬ (араб. — бераг, ускраіна),
прыродная вобласць у Афрыцы, пераходная зона (шыр. да 400 км) ад пустынь Сахары да саваннаў прыэкватарыяльных абласцей Афрыкі. Працягваецца з 3 на У ад Маўрытаніі і Сенегала праз Малі, Буркіна-Фасо, Нігер і Чад да Судана і Эфіопіі. Пераважаюць паўпустыні і апустыненыя саванны. Ападкаў 200—600 мм за год (пераважна летам, ад 2—3 тыдняў да 3 месяцаў), 80—90% вільгаці выпараецца. У час перыядычных катастрафічных засух (у сярэднім праз 30 гадоў) С. ператвараецца ў нежылую пустыню. У паўн. С. пераважае разрэджаная паўпустынная расліннасць (дзернавінныя злакі, хмызнякі і нізкарослыя дрэвы, гал. чынам акацыі). На Пд — калючыя рэдкалессі, пальмавыя гаі (дум, ранье), баабабы. Прычына прагрэсіруючага апустыньвання ў многіх раёнах — звядзенне дрэвавай і хмызняковай расліннасці. Качавая жывёлагадоўля, на Пд пасевы проса і арахісу.
т. 14, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ДЗЕ́ЛЯ ПРАГРЭ́СУ»,
праграма сац.-эканам. развіцця і паліт. пераўтварэнняў у краінах Лац. Амерыкі, якую прапанаваў прэзідэнт ЗША Дж.Ф.Кенэдзі. Прынята 17.8.1961 у г. Пунта-дэль-Эстэ (Уругвай) на надзвычайнай сесіі Міжамер. эканам. і сац. савета Арг-цыі амер. дзяржаў (19 краін Лац. Амерыкі і ЗША). Меў на ўвазе прадухіліць дэстабілізацыю ўнутр. становішча ў краінах рэгіёна пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 і быў разлічаны на 10 гадоў. Прадугледжваў фін. дапамогу краінам-удзельніцам «С.дз.П.» з боку ЗША у абмен на ажыццяўленне там эканам. і паліт. рэформ (дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Спрыяў пэўнаму эканам. прагрэсу краін Лац. Амерыкі ў 1960-я г., але не ў той меры, як разлічвалі аўтары праграмы, гал. чынам з-за супраціўлення на месцах з боку як правых, так і левых сіл.
т. 14, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́НСЕН ((Svendsen) Юхан Северын) (30.9.1840, Осла — 14.6.1911),
нарвежскі кампазітар, скрыпач, дырыжор; адзін з заснавальнікаў нарв. кампазітарскай школы. Вучыўся у Лейпцыгскай кансерваторыі (1863—67). З 1871 канцэртмайстар аркестра муз. т-ва ў Лейпцыгу, у 1872—77 (да 1874 з Э.Грыгам) і 1880—83 узначальваў Муз. т-ва Хрысціяніі. У 1883—1908 гал. капельмайстар аркестра Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. Яго музыка пабудавана на ладава-інтанацыйнай аснове нарв. фальклору, вызначаецца яскравым каларытам, ёй уласцівы рысы ням. рамантызму. Зрабіў значны ўплыў на развіццё муз. жыцця сканд. краін. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1867, 1876), 4 нарв. рапсодыі (1872—77), сімф. паэма «Зарахайда», п’еса «Карнавал нарвежскіх артыстаў» (1874), канцэрты для скрыпкі (1870) і віяланчэлі (1871) з арк., камерна-інстр. ансамблі, хоры, рамансы і песні, апрацоўкі нар. песень і інш.
І.Ю.В’югінава.
т. 14, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 8—10 жн. як працяг Аршанскага паўстання 1918, найб. арганізаванае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Кіравала паўстаннем мясц. арг-цыя левых эсэраў на чале з А.Закрэўскім. У ім удзельнічалі чырвонаармейцы 2-га Смаленскага і Стайкаўскага палкоў, якія паходзілі з мясц. сялян і гал. задачай лічылі барацьбу супраць ням. акупантаў. У пач. жніўня пав. з’езд саветаў, дзе большасць належала эсэрам, прыняў рэзалюцыю аб непадпарадкаванні сенненскіх саветаў сав. ўраду. Непасрэдным повадам да паўстання паслужыла спроба чырв. камандавання змяніць камандзіра 2-га Смаленскага палка (эсэр Дз.Ф.Прышчэпаў), які дыслацыраваўся ў зоне дэмаркацыйнай лініі за 10 км ад Сянно. Паўстанне задушыў сфарміраваны спецыяльны атрад на чале з В.Даўбэ з дапамогай 1-га Латышскага кавалерыйскага палка.
Літ.:
Дзядзенка З. Аршанскае й сеньненскае паўстаньні // Спадчына. 1999. №4.
Н.І.Стужынская.
т. 14, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗКО́ (Вера Аляксандраўна) (2.3.1916, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 25.3.1999),
бел. музыказнавец, педагог. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948). У 1948—74 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.І.Глінкі (з перапынкам), адначасова ў 1948—68 — Бел. кансерваторыі (з перапынкам), у 1959—64 на Рэсп. радыё (маст. кіраўнік, гал. рэдактар муз. вяшчання, старшыня муз.-рэпертуарнай камісіі). У 1974—89 выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Даследавала бел. опернае мастацтва, творчасць бел. кампазітараў. Складальнік зб-каў арт. пра Р.Шырму «Песня на ўсё жыццё», песень «Спадчына» на вершы Я.Купалы і Я.Коласа (абодва 1983), аўтар муз. радыё- і тэлеперадач.
Тв.:
Белорусская советская опера. Мн., 1959;
И.М.Лученок // Они пишут для детей. М., 1980. Вып. 3;
Творчае гарэнне // Мастацтва Беларусі. 1989. №11;
Све. духоўнай музыкі // Там жа. 1999. №10.
І.М.Шмелькіна.
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́НАЎ (Канстанцін Арсенавіч) (20.6.1910, с. Казнакова Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія —3.1.1987),
бел., укр. і рас. дырыжор. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1936). З 1918 вучыўся ў класах пры Ленінградскай акад. капэле імя М.І.Глінкі, спяваў у ёй, у 1928—31 дырыжор капэлы. З 1938 дырыжор Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, у 1939—41 маст. кіраўнік і дырыжор Дзярж. нар. аркестра Беларусі. З 1946 выступаў пераважна як сімф. дырыжор з вядучымі аркестрамі краіны. Ў 1961—66 і 1975—76 гал. дырыжор Кіеўскага т-ра оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі, у 1966—75 — Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. Дзярж. прэмія Украіны імя Шаўчэнкі 1976.
Літ.:
Григорьев Л.Г., Платек Я.М. Современные дирижеры. М., 1969.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 14, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́ЛМЕ ((Skulme) Ота) (8.8.1889, г. Екабпілс, Латвія —22.3.1967),
латвійскі жывапісец. Нар. маст. Латвіі (1959). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў студыях Я.Розентала ў Рызе (1906—07), Р.Жукоўскага і К.Юона ў Маскве (1907—08), вучылішчы Штыгліца ў С.Пецярбургу (1909—14). У 1926—47 гал. мастак латв. Маст. т-ра імя Я.Райніса ў Рызе, у 1944—61 рэктар Латв. АМ Пісаў у сакавітай жывапіснай манеры нацюрморты, пейзажы, жанравыя карціны («Вандроўны музыкант», 1928), творы гісторыка-рэв. тэматыкі («Паўстанне каугурцаў», 1945). Аформіў больш за 250 спектакляў у т-ры імя Райніса, у т. л. «Агонь і ноч» Райніса (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947).
Літ.:
Лацис Р. Отто Скулме. М., 1959;
Станковая и театральная живопись О Скулме с 1920 по 1963 г.: [Каталог]. Рига, 1964.
т. 14, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)