ТЭА́ТР РАБО́ЧАЙ МО́ЛАДЗІ, трам,

савецкі паўпрафесійны або аматарскі т-р у 1920—30-я г. Меў на мэце сродкамі т-ра весці агітацыю і прапаганду сярод моладзі (статут прыняты ў 1929 на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі трамаў). Грамадзянская накіраванасць, публіцыстычнасць, кантакт з гледачамі вызначалі мастацтва трама. Вытокі трама ў агітац. аматарскім мастацтве 1920-х г. — «жывой газеце» і «сіняй блузе». Пачынальнік трамаўскага руху — Ленінградскі трам (засн. ў 1925), які стаў узорам для інш. т-раў гэтага тыпу. Існавалі ў Маскве, Варонежы, Харкаве, Баку і інш. Пастаноўкі пераважалі на тэмы жыцця і побыту рабочай моладзі, прац. энтузіязму і сацыяліст. спаборніцтва, у іх выкрываліся адмоўныя з’явы і недахопы. Трамы распрацавалі ўласную эстэтыку, стваралі публіцыст. муз.-танц. сінтэтычныя паказы з гал. дзейнай асобай — камсамольскім калектывам Тыповы трамаўскі спектакль — з песнямі і калектыўнай дэкламацыяй, спарт. практыкаваннямі, кінакадрамі; звычайна пачынаўся маршам, заканчваўся паказам панарамы новабудоўляў, камсамольскім мітынгам, масавай песняй. У 1930-я г. эстэт. праграма трамаў страціла вастрыню і зжыла сябе. У выніку яны былі рэарганізаваны (лепшыя ператвораны ў т-ры Ленінскага камсамола). На Беларусі трамы развіваліся ў рэчышчы ўсесаюзнага трамаўскага руху. У 1929—35 існавалі Беларускі трам у Мінску, Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Мазырскі, Полацкі трамы. Потым рэарганізаваны пераважна ў калгасна-саўгасныя тэатры.

Літ.:

Стэльмах У. Шляхі і перспектывы трамаўскага руху БССР // Узвышша. 1931. № 6—7;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,

1) вайсковыя фарміраванні, якія ствараліся на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы. У СССР, у т. л. ў БССР, існавалі ў 1923—38 (гл. Міліцыйная армія).

2) У шэрагу дзяржаў — частка ўзбр. сіл, прызначаных для папаўнення рэгулярных войск. Выкарыстоўваюцца для аховы і абароны аб’ектаў у глыбіні краіны (аэрадромаў, баз, пунктаў кіравання і інш.), барацьбы з дэсантамі, дыверсійнымі групамі і інш. Тэр.-занальны прынцып, на аснове якога адбываецца камплектаванне і выкарыстанне Т.в., прадугледжвае падзел тэр. краіны на зоны (адм. раёны) абароны. Т.в. Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі наз. войскамі мясц. абароны («Хэмверн»), у ЗША — нац. гвардыяй, у ФРГ — войскамі абароны радзімы («Гайматшугц»). Звычайна з’яўляюцца састаўной часткай сухап. войск. На Беларусі Т.в. фарміруюцца і разгортваюцца ў пагражальны перыяд, а таксама ў ходзе вучэнняў, напр., комплекснага аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002». На іх ускладваюцца задачы: узмацненне асобных прыгранічных участкаў, дзе не плануецца вядзенне баявых дзеянняў рэгулярнымі войскамі; удзел у барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзбр. фарміраваннямі, падтрымка рэжыму ваен. становішча; эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з раёнаў магчымых баявых дзеянняў, выкананне мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў прымянення зброі масавага знішчэння; ахова і абарона тылавых аб’ектаў (раёнаў), гарадоў і інш. населеных пунктаў; вядзенне ўзбр. барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэр. і інш. Асн. фарміраванні: асобныя стралк. батальён, рота, узвод. Кіраўніцтва Т.в. ажыццяўляюць камандуючы сухап. войскамі, адпаведныя структуры аператыўных напрамкаў, нач. зон тэр. абароны і інш.

А.​М.​Любачка.

т. 16, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ,

канстатацыя рэгулярных гукавых змен, якія адбываюцца ў адной мове ў розныя перыяды развіцця або паралельна ў некалькіх роднасных мовах. Першыя Ф.з. сфармулявалі заснавальнікі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Ф.з. распрацавалі ў 1870-я г. младаграматыкі, якія лічылі, што Ф.з. дзейнічаюць без выключэння, калі на іх не ўплываюць інш. Ф.з. або аналогія. Ф.з. не маюць абсалютнага характару. Вынікі дзеяння адных і тых жа Ф.з. у роднасных мовах могуць быць не толькі аднолькавымі, але і рознымі. Напр., змяненне «к», «г», «х» у спалучэнні з j у «ч», «ж», «ш» мела адны і тыя ж вынікі ва ўсіх слав. мовах, а змяненне спалучэнняў «т» і «д» з j дало розныя вынікі ў розных слав. мовах. У выніку дзеяння Ф.з. выдзеліліся ўсх.-слав. мовы. Кожная з іх мае спецыфіку ў рэалізацыі Ф.з., напр., пераход «е» ў «о» вядомы ўсім усх.-слав. мовам, але ў бел. мове ён не адбываецца перад шыпячымі («цешча», «таежны»). Узнікненне рэгулярных гукавых змен у мове звычайна тлумачыцца ўнутр. тэндэнцыямі развіцця мовы або ўплывам інш. моў і дыялектаў.

Літ.:

Шухардт Г. О фонетических законах // Шухардт Г. Избранные статьи по языкознанию: Пер. с нем. М., 1950;

Бодуэн де Куртенэ И.А. «Фонетические законы» // Бодуэн де Куртенэ И.А. Избранные труды по общему языкознанию. М., 1963. Т. 2;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСА́Д (франц. faęade. італьян. facciata ад faccia твар) у архітэктуры, вонкавы бок будынка, збудавання. Адрозніваюць Ф. галоўны, бакавы, дваровы, вулічны, паркавы і інш. Кампазіцыя Ф. характарызуецца яго элементамі (завяршэнне, франтоны, вежы, порцікі і інш.), прапорцыямі і дэкорам; залежыць ад прызначэння формы і канструкцыі будынка. У кампазіцыйным вырашэнні ён адлюстроўвае тыпалагічныя рысы будынка (жылы дом, школа, т-р і інш.), горадабуд. патрабаванні маштабнасці, ансамблевай падпарадкаванасці, стылявога адзінства і інш. Выразнасць Ф. дасягаецца спалучэннем сродкаў архітэктуры, сінтэзам мастацтваў, каларыстыкай, узаемасувяззю збудавання з навакольным асяроддзем. Ф. можа быць падпарадкаваны агульнай кампазіцыі будынка і адлюстроўваць яго ўнутр. структуру. У горадабудаўніцтве Ф. — важны элемент кампазіцыі ў якасці акцэнту на плошчы ці заканчэнні відовішчнай восі.

У асобныя гіст. перыяды Ф. будынка разглядаўся як самаст. галіна арх.-маст. творчасці, часам не звязаная з прызначэннем будынка, яго ўнутр. структурай і канстр. асновай. У архітэктуры рэнесансу, барока і ракако гал. Ф. меў вял. значэнне як самаст. элемент будынка. У перыяд класіцызму характарызаваўся больш лаканічнымі вырашэннямі з адначасовым павелічэннем значнасці бакавых Ф. У сучасным буд-ве звычайна ўсе Ф. маюць аднолькава важнае значэнне. Часам Ф. ствараецца на прынцыпах, якія зрокава скажаюць унутр. структуру кампазіцыі, не ўвасабляюць тыпалагічныя асаблівасці будынка (дэканструктывізм).

С.​А.​Сергачоў.

Галоўны (уверсе) і бакавы фасады архірэйскага палаца ў Магілёве. Чарцёж. 2-я пал. 18 ст.
Бакавы фасад Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску.
Фасад царквы Сент-Эцьен-дзю-Мон у Парыжы.

т. 16, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІ́ГЕЛЬ (ад ням. Flügel, асн. значэнне — крыло),

дапаможная прыбудова да жылога дома ці асобнае збудаванне, якое ўваходзіла ў комплекс сядзібы. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры многіх краін Еўропы. На Беларусі пашыраны ў 16 — пач. 20 ст. Кампазіцыйна і функцыянальна Ф. быў звязаны з сядзібным домам і прызначаўся для жылля прыслугі, аканомаў, гасцей, размяшчэння кухні, пякарні, аранжарэі, залы, б-кі, манежа, скарбніцы, свірна, капліцы і інш.

У сядзібна-паркавай архітэктуры стыляў барока і класіцызму сядзібны дом ці палац звычайна фланкіравалі 2 Ф., якія стваралі П-падобную кампазіцыю з парадным дваром-курданёрам у цэнтры (палац у в. Свяцк Гродзенскага р-на, сядзібны дом у в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.). У класіцыстычных комплексах усе Ф. ставілі ў адну лінію з асн. будынкам (в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.). У 19 ст. ў палацава-паркавых ансамблях стылю рамантызму Ф. часам мелі выгляд замкаў, вежаў (в. Прылукі Мінскага р-на). У некат. сядзібах Ф. блакіраваліся з брамамі (б. хутар Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). У невял. сядзібах Ф. часцей будавалі з дрэва ў традыц. формах нар. дойлідства. Ф. існавалі таксама ў манастырскіх і кляштарных комплексах (кляштар езуітаў у г. Слуцк Мінскай вобл.).

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Мн., 1981.

С.​А.​Сергачоў.

Флігель у сядзібе на былым хутары Крыкалы (Пастаўскі раён Віцебскай вобл.). Здымак 1924.

т. 16, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРАЛЕТА́РСКАГА СТУДЭ́НЦТВА, ЦБ Пралетстуда,

кіраўнічы орган бел. студэнцтва ў 1923—32. Створана ў вер. 1923 у Мінску як Бел. бюро пралетарскага студэнцтва, з 1926 — ЦБ Пралетстуда. У яго ўваходзілі Віцебскае, Магілёўскае і Гомельскае гарбюро. Аб’ядноўвала прафкомы і выканаўчыя бюро прафс. секцый ВНУ, тэхнікумаў, рабфакаў і саўпартшкол Беларусі, бел. студэнцкіх зямляцтваў ВНУ СССР. ЦБ (15 членаў і 5 кандыдатаў) выбіралася на канферэнцыях, кіравалася прэзідыумам (5 членаў і 2 кандыдаты). Працу вяло праз арганізац., акад., культ.-асв. і эканам. камісіі. У розныя гады прафсаюзамі было ахоплена ад 25 да 52% студэнтаў; пры паступленні ў іх улічваўся сац. статус і праводзіўся паліт. экзамен. Звычайна прымалі студэнтаў старэйшых курсаў, актывістаў грамадскай дзейнасці. Студэнцкія прафс. арг-цыі, што ўваходзілі ў ЦБ Пралетстуда, будаваліся паводле вытв. прынцыпу (за выключэннем рабфакаў). Яны ўдзельнічалі ва ўсіх кампаніях, што праводзіла партыя (ліквідацыя непісьменнасці, калектывізацыя, арганізацыя сацспаборніцтва і інш.). Ва ўмовах усталявання адм.-каманднай сістэмы ЦБ праяўляла актыўнасць у барацьбе з «праявамі чужой ідэалогіі», у ачышчэнні «ад сацыяльна чужога элементу», «пралетарызацыі» навуч. устаноў. Для яго дзейнасці характэрны фармалізм, адсутнасць рэальнага дэмакратызму. Працай Бел. бюро кіравала, акрамя ЦСПСБ і галіновых прафсаюзаў, яшчэ і Маскоўскае Цэнтр. бюро Пралетстуда пры ВЦСПС. У 1925 ЦБ выпускала час. «Чырвоны сцяг», у 1929—30 — радыёгазету «Чырвоны студэнт». Паводле пастановы прэзідыума ВЦСПС ад 1.7.1932 функцыі па працы сярод студэнцтва перададзены Аргбюро студэнцкіх секцый ЦСПСБ (існавала да 1.6.1937).

Л.​М.​Гесь.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАВЕКАПАДО́БНЫЯ (Pongidae),

сямейства вышэйшых прыматаў. Разам з сям. гамінід складаюць надсям. чалавекападобных прыматаў (Hominoidea). Выкапнёвыя Ч. былі пашыраны ў міяцэне і пліяцэне Еўразіі і Афрыкі. Ад міяцэнавых пліяпітэкаў (продкаў гібонаў) узялі пачатак дрыяпітэкі — зыходная форма ўсіх сучасных Ч. і чалавека (у адпаведнасці з тэорыяй Ч.Дарвіна). Сучасныя 4 віды Ч.: арангутан, гарыла, шымпанзэ (2 віды). Пашыраны ў Азіі і Афрыцы. Актыўныя ўдзень. Трымаюцца невял. групамі (2—15 асобін). Паводле анатама-фізіял. прыкмет найб. блізкія да чалавека гарыла і шымпанзэ (з апошнім — амаль 100-працэнтная ідэнтычнасць паводле складу поліпептыдаў). Усе віды Ч. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. (выш.) да 180 см (зрэдку больш, гарыла), маса да 300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Хвост адсутнічае. Валасяное покрыва грубае, кароткае, часам касматае, чарнаватае (у арангутанаў чырванаватае). Тваравы аддзел слаба ўкрыты валасамі, далоні, падэшвы і вушы без валасоў. На чэрапе самцоў арангутанаў і гарыл развітыя грабяні. Зубоў 32. Мозг адносна вял., з развітымі барознамі і звілінамі, масай да 600 г, зрэдку да 750 г (у гарыл), што абумоўлівае ў Ч. высокаразвітую вышэйшую нерв. дзейнасць. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Першы палец проціпастаўлены астатнім. У арангутанаў 12 пар рэбраў, у астатніх — 13 пар. 4 групы крыві (як у чалавека). Ёсць сляпая кішка, яе адростак (апендыкс) дасягае даўж. 25 см. Спажываюць пераважна расл. (гарыла), часам дробны жывёльны корм. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРЦЁЖНА-КАНСТРУ́КТАРСКАЯ ТЭ́ХНІКА,

пабор інструментаў, прылад і прыстасаванняў для выканання чарцяжоў, планаў, карт, схем. Асн. сродкі: чарцёжныя дошкі, станкі, прылады каардынатнай і пантографнай сістэмы, інструменты і дапаможныя прыстасаванні.

Чарцёжныя дошкі служаць для размяшчэння і замацавання чарцяжоў. Робяцца з драўняных матэрыялаў, пластмас, шкла; празрыстымі і з падсвечваннем, з маштабнымі сеткамі. Партатыўныя дошкі 350 × 500 мм, канструктарскія 1000 × 1350 мм. Чарцёжныя станкі забяспечваюць замацаванне і зручнае для работы становішча чарцёжных дошак пад любым вуглом, іх ураўнаважванне, апусканне, падыманне і паварочванне спец. прыстасаваннямі. Бываюць мала- і буйнагабарытныя, адна- і двухстоечныя, з падсвечваннем і без яго. Чарцёжныя прылады каардынатнага тыпу (кульманы) — прэцызійныя прыстасаванні з вугламернай галоўкай, лінейкамі і інш. для правядзення прамых ліній зададзенай даўжыні пад любым вуглом; пантографнага тыпу — сістэмы змацаваных паралелаграмаў з дзялільнай (вугламернай) галоўкай і ўзаемна перпендыкулярнымі маштабнымі лінейкамі для перачэрчвання чарцяжоў у змененым (звычайна больш дробным) маштабе (гл. Пантограф). Чарцёжны інструмент — цыркулі, лінейкі (у т. л. маштабныя, рэйсшыны, лякалы), курвіметры, транспарціры, чарцёжныя трафарэты, рэйсфедэры, вугольнікі і інш., з дапамогай якіх алоўкам або тушшу выконваюць чарцяжы. Набор асн. інструментаў у спец. футарале складае гатавальню. Выкарыстоўваюцца таксама пішучыя машынкі (для ўдрукоўвання ў чарцяжы стандартных абазначэнняў, літар, лічбаў), графапабудавальнікі і прынтэры (для аўтам. вычэрчвання і друкавання графічных відарысаў), дысплеі (для візуальнага адлюстравання графічнай і інш. інфармацыі). Пашыраецца выкарыстанне персанальных ЭВМ, для ўводу ў якія графічнай інфармацыі ўжываюць сканеры і дыгітайзеры.

У.​М.​Сацута.

т. 17, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫ МІКРАСКО́П,

вакуумная электронна-аптычная прылада для атрымання павялічанага відарыса аб’екта, у якой замест светлавых прамянёў выкарыстоўваюцца пучкі электронаў, паскораных да высокіх энергій. Прынцып дзеяння Э.м. заснаваны на законах электроннай і іоннай оптыкі. Па раздзяляльнай здольнасці (да 0,1 нм) пераўзыходзіць аптычны мікраскоп у некалькі тысяч разоў, што дазваляе вывучаць атамную і малекулярную структуру даследуемых аб’ектаў. Паводле характару даследаванняў аб’ектаў адрозніваюць прасвечвальныя, адбівальныя, растравыя, эмісійныя, ценявыя і люстраныя Э.м.

У прасвечвальных Э.м. відарыс аб’екта ствараецца з дапамогай электронных лінзаў электронамі, якія прайшлі праз даследаваны аб’ект. У адбівальных — рассеянымі (адбітымі) электронамі. У растравых электронны пучок факусіруецца лінзамі ў тонкі прамень-зонд, які сканіруе паверхню аб’екта. Такімі мікраскопамі даследуюцца празрыстыя і непразрыстыя (для электронаў) аб’екты, відарыс якіх звычайна назіраецца на экране электронна-прамянёвай трубкі. У эмісійных Э.м. аб’ект сам за кошт награвання, асвятлення, бамбардзіроўкі яго электронамі ці іонамі і інш. выпрамяняе электроны, якія паскараюцца і праходзяць праз лінзы. У ценявых Э.м. электронныя лінзы ствараюць электронны зонд, які на аддаленым ад аб’екта экране ці на фотапласцінцы стварае ценявы відарыс. З дапамогай люстраных Э.м. вызначаюць размеркаванне эл. патэнцыялу паблізу паверхні даследуемага ўзору (электроны адбіваюцца ад эквіпатэнцыяльнай паверхні, якая ўтварылася перад узорам). Э.м. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях, у тэхнал. мэтах, напр., для вырабу мікрасхем метадам электроналітаграфіі, а таксама для кантролю ў розных галінах мікраэлектронікі, паўправадніковай тэхнікі і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Электронная мікраскапія.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 18, кн. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ ператварэнні ядраў атамных, абумоўленыя іх узаемадзеяннямі з інш. ядрамі, элементарнымі часціцамі, у т. л. гама-квантамі. Часта да Я.р. адносяць узаемадзеянні элементарных часціц паміж сабой. Імавернасць Я.р. характарызуецца сячэннем рэакцыі. якое залежыць ад энергіі часціц (ядраў). Адрозніваюць Я.р. пругкага (састаў і станы ядраў захоўваюцца) і няпругкага (састаў захоўваецца, станы змяняюцца) рассеянняў (гл. Рассеянне мікрачасціц) і ўласна Я.р. (змяняюцца ўнутр. ўласцівасці і састаў ядраў, адбываюцца ператварэнні элементарных часціц).

У выніку ўласна Я.р. пры ўзаемадзеянні часціцы (ядра) a і ядра A атрымліваецца часціца (ядро) b і ядро B: a + A → b + B, ці ў скарочаным запісе: A(a,b)B (у дужках звычайна запісваюць больш лёгкія прадукты рэакцыі. а па-за імі — больш цяжкія). Пры высокіх энергіях колькасць прадуктаў рэакцыі можа быць значна большая. Я.р. наз. экзатэрмічнымі (эндатэрмічнымі), калі рознасць сумарных мас зыходных і канечных прадуктаў рэакцыі дадатная (адмоўная). Экзатэрмічныя рэакцыі з нейтральнымі часціцамі ідуць пры любых энергіях. для эндатэрмічных — існуе парог рэакцыі. напр., парог дзялення урану-238 нейтронамі прыкладна роўны 1.1 МэВ. Даследаванні Я.р. важныя для вывучэння ўласцівасцей і будовы атамных ядраў. Я.р. — асн. крыніца радыеактыўных ізатопаў. Для атрымання ядзернай энергіі выкарыстоўваюцца ланцуговыя ядзерныя рэакцыі і тэрмаядзерныя рэакцыі.

Літ.:

Ситенко А.Г. Теория ядерных реакций. М., 1983;

Валантэн Л. Субатомная физика: ядра и частицы: Пер. с фр. Т. 2. М., 1986.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)