РЭКЛЮ́ (Reclus) Жан Жак Элізэ (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),
французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЁНАК Лявон (Леанід Вікенцьевіч; 26.6.1897, в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 21.2.1974),
бел. пісьменнік і журналіст. Бацька З.Кіпель. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914). Настаўнічаў. У 1921—29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Друкаваўся з 1927 пад псеўд. Леанід Свэн, Л.Крывічанін. Аўтар зб. фельетонаў «Чароўная іголка» (1929). У 1933 рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір, пазней — у Комі АССР. Пасля адбыцця высылкі вярнуўся на Беларусь, настаўнічаў. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў у «Беларускай газэце» (апубл. «Дзённік Чужанінава»). З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША. Друкаваўся ў газ. «Бацькаўшчына», «Беларус», час. «Сакавік» і інш. выданнях. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАК (Simak) Кліфард Дональд (3.8.1904, г. Мелвіл, ЗША — 25.4.1988),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вучыўся ў Вісконсінскім ун-це. Працаваў настаўнікам, рэпарцёрам, рэдактарам газеты. Дэбютаваў у 1931. У навук.-фантаст. раманах «Касмічныя інжынеры» (1950), «Горад» (1952, Міжнар. прэмія па фантастыцы 1953), «Спярша ён памёр» (1952), «Кольца вакол Сонца» (1953), «Перасадачная станцыя» (1964), «Вы стварылі нас» (1969) і інш. праблемы распаду сучаснага тэхнакратызаванага грамадства, адчужэння бацькоў і дзяцей, небяспекі ядз. катастрофы, суіснавання розных форм розуму, неабходнасці мірных адносін паміж прадстаўнікамі розных цывілізацый, узаемадачыненняў навукі і маралі. Для яго твораў характэрны дынамізм дзеяння, глыбокі лірызм і мяккі гумар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст.Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаў Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, соль прафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс.т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДЗІ́НА (Sandino) Аўгуста Сесар (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),
дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс.чал. і кантралявала значную ч.тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.
Літ.:
Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;
Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;
Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.Сандино. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТ-Э́ЛІЯ (Sant’ Elia) Антоніо (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),
італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.Т.Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПФІ́Р (грэч. sappheiros ад стараж.-яўр. — сапір, магчыма, ад стараж.-інд. sanipriya літар. — любімы Сатурнам),
мінерал, празрыстая разнавіднасць карунду любога колеру, акрамя чырвонага (гл.Рубін). Сінганія трыганальная. Крышталі выцягнутыя бочкападобныя або дыпірамідальныя. Колер пераважна сіні, а таксама фіялетавы, жоўты, аранжавы (падпараджа), зялёны, ружовы або бясколерны (лейкасапфір). Утвараецца як магматычны мінерал у выглядзе парфіравых украпанікаў у базальтах, лампрафірах, шчолачных пегматытах і пры гідратэрмальна-метасаматычных працэсах. Прамысл. радовішчы — элювіяльныя, элювіяльна-дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы. Прыродны сіні С. — каштоўны камень 1-га парадку, астатнія колерныя разнавіднасці — 2-га парадку. Сінтэзуецца ў прамысл. маштабах. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, лейкасапфіры — у эл.-тэхн. прам-сці. Радовішчы ў Індыі, Бірме, Танзаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн.км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЬ Іван Трафімавіч (9.10.1892, в. Ляхаўцы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 18.7.1967),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Скончыў Ленінградскую прамысл. акадэмію (1933). З 1906 рабочы лясніцтва ў Брэсцкім пав., потым у ЗША. З 1914 у арміі, з 1915 на ваен. з-дзе ў Гомелі. У 1917 чл. Гомельскага Савета і адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Навабеліцы. З сак. 1918 чл. ініцыятыўнай пяцёркі па арганізацыі партыз. руху і падп. дзейнасці на Гомельшчыне, чл. Палескага паўстанцкага к-та. Удзельнік грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. З 1924 на парт. і гасп. рабоце на Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны. Удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1954 на Мінскім аўтазаводзе. Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭ́НДБЕРГ (Sandburg) Карл (6.1.1878, г. Гейлсберг, штат Ілінойс, ЗША — 22.7.1967),
амерыканскі паэт. Дэбютаваў у 1916 «Вершамі пра Чыкага». Свабодны верш С. максімальна набліжаны да прозы, яго паэт. своеасаблівасць — у праўдзівым лірычным бачанні свету (зб-кі «Зборшчыкі кукурузы», 1918; «Дым і сталь», 1920; «Камяні спаленага сонцам Захаду», 1922; «Добрай раніцы, Амерыка!», 1928). У традыцыях У.Уітмена напісана эпічная паэма «Народ — так!» (1936). Аўтар біяграфіі «Аўраам Лінкальн» (т. 1—6, 1926—39), гіст. рамана «Скала ўспамінаў» (1948), зб.філас. лірыкі «І мёд, і соль» (1963). Аптымізм паэзіі С. звязаны з верай у духоўнасць народа, сац. справядлівасць.