ІБА́РУ́РЫ ГО́МЕС ((Ibárruri Gómez) Далорэс) (9.12.1895, Гальярта, прав. Біская, Іспанія — 12.11.1989),
дзяячка ісп. і міжнар. рабочага руху. З 1917 у сацыяліст. руху. Адна з арганізатараў Камуніст. партыі Іспаніі (КПІ, 1920), з 1932 у яе кіраўніцтве. У 1931—33 рэдактар цэнтр. органа КПІ газ. «Mundo Obrero» («Рабочы свет»). З 1936 чл. картэсаў. За рэв. дзейнасць не раз была арыштавана і зняволена ў турмах. У час іспанскай рэвалюцыі 1931—39 адна з арганізатараў Нар. фронту, барацьбы супраць фашызму і італа-герм. інтэрвенцыі. У 1939—77 у эміграцыі ў СССР. У 1942—60 ген. сакратар, потым старшыня КПІ. Выступала супраць еўракамунізму. Адна з заснавальніц Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын (1945). У 1977—79 зноў у картэсах.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г. Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСЦЬ у матэматыцы,
лік, які характарызуе магчымасць ажыццяўлення выпадковай падзеі ў пэўнай масавай з’яве. Фактычны сэнс І. раскрываецца вялікіх лікаў законам і імавернасцей тэорыяй.
У найпрасцейшым выпадку І. вызначаецца адносінамі ліку «спрыяльных вынікаў» да ліку «ўсіх магчымых вынікаў», які мяркуецца быць канечным. Напр., І. таго, што пры адначасовым кіданні 2 гульнявых кубікаў выпадзе сума ў 10 ачкоў, роўна 1/12, бо «спрыяльнымі вынікамі» будуць наступныя тры: (4, 6), (5, 5), (6, 4), у той час, як «усіх магчымых вынікаў» 36. Аналагічны падыход выкарыстоўваецца і ў выпадку бясконцых колькасцей. Тады ў лічніку ставіцца мера спрыяльнага мноства (плошча, аб’ём і г.д.), а ў назоўніку мера ўсяго мноства магчымых падзей. У агульным выпадку І. вызначаецца аксіяматычна.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЁНЮ́ ((Inönü) Ісмет) (24.9.1884, г. Ізмір, Турцыя — 25.12.1973),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Турцыі, паплечнік М.К.Атацюрка. Удзельнік Младатурэцкай рэвалюцыі 1908. У 1920—1923 нач. Генштаба. У грэка-турэцкую вайну 1919—22 тур. войскі пад камандаваннем І. (тады Мустафа Ісмет-паша) у 1921 двойчы перамаглі грэч. войскі каля населенага пункта Інёню (адсюль прозвішча І. з 1934). З 1922 міністр замежных спраў, ад імя Турцыі падпісаў Лазанскі мірны дагавор 1923. У 1923—37 (з перапынкам) і 1961—65 прэм’ер-міністр. У 1938—50 прэзідэнт Турцыі. Працягваў палітыку рэформ Атацюрка (лібералізацыя друку, увядзенне шматпартыйнай сістэмы і інш.). У час 2-й сусв. вайны захаваў нейтралітэт Турцыі. У 1938—72 старшыня Нар.-рэсп. партыі.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т СУЧА́СНЫХ ВЕ́ДАЎ.
Недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1990 у Мінску пры БДУ. З 1993 самаст. ін-т. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: эканам., фін., камерцыйнай дзейнасці, камерцыйнае права, інфарматыкі, гуманіт., прадзюсерскі, педагогікі і псіхалогіі, мастацтва, падрыхтоўкі замежных грамадзян. На ўсіх ф-тах вядзецца паглыбленае вывучэнне замежнай мовы, псіхалогіі і персанальных ЭВМ. Навучанне дзённае і завочнае, платнае. Аспірантура з 1996. Мае інфарм.-выліч. цэнтр і навуч. цэнтр падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, н.-д. і рэдакцыйна-выдавецкі аддзелы. Выдае падручнікі, метадычныя распрацоўкі, з 1997 час. «Пегас». У ін-це працуе чл.кар. Нац. АН Беларусі А.М.Шырокаў (рэктар з 1990). Філіялы ў Брэсце, Віцебску, Гродне.
т. 7, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч. нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Ягор Пятровіч [18.2.1809) (па інш. крыніцах, 1811),
с. Ярошаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 2.10.1868], расійскі падарожнік і пісьменнік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1857, чл.-кар. 1856). Скончыў Харкаўскі ун-т (1828). Даследаваў Паўн.Усх. Афрыку (1847—48), адзін з першых вызначыў дакладнае геагр. становішча вытокаў Белага Ніла. Друкавацца пачаў як паэт (1832), пісаў таксама раманы і аповесці, але найб. вядомасць меў як аўтар нарысаў аб паездках у Сярэднюю Азію, Афрыку, па Пд Еўропы і інш. Склаў апісанне Манголіі і Кітая («Падарожжа ў Кітай», ч. 1—2, 1853) на аснове матэрыялаў, якія сабраў у час падарожжаў у Пекін (1849—50 і 1851).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—5. СПб., 1871—72.
т. 7, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬЧАНКА (Іван Дзмітрыевіч) (26.11.1923, в. Новенькае Старадубскага р-на Бранскай вобл., Расія — 13.12.1995),
расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. з 1972); акад.-сакратар Аддз. гісторыі (1989—95) і акад. (1991) Рас. АН. Д-р гіст. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952). З 1955 выкладчык, у 1966—95 заг. кафедры крыніцазнаўства гісторыі СССР Маскоўскага ун-та. У 1969—87 гал. рэдактар час. «История СССР». Старшыня камісіі па выкарыстанні матэм. метадаў і ЭВМ у гіст. даследаваннях пры Аддз. гісторыі АН СССР (з 1966). Асн. працы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 19 — пач. 20 ст., гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, у т. л. «Метады гістарычнага даследавання» (1987).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (Эля Шоламавіч) (10.2.1909, Мінск — 22.6.1944),
яўрэйскі пісьменнік. У 1936—39 супрацоўнік час. «Штэрн» («Зорка», Мінск). Загінуў на фронце каля г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб. «Вершы» (1932), кніг прозы «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936), «Вясёлая сямейка» (1937), «Розныя апавяданні» (1940). Зрабіў інсцэніроўку (з З.Аксельродам) па творах М.Мойхер-Сфорыма «Маленькі чалавечак» (паст. 1938). На яўр. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, З.Бядулі, Э.Самуйлёнка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі З.Бядуля, Я.Скрыган.
Тв.:
Бел. пер. — Дружная сямейка. Мн., 1940;
Маем зялёным. Мн., 1979.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),
расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад. АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.М.Пржавальскага, М.В.Пяўцова, У.І.Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж. г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.
Тв.:
Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;
Монголия и Кам. 2 изд. М., 1948.
т. 7, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)