ДАЎГЯ́ЛА (Георгій Хрысанфавіч) (9.12.1902, г. Віцебск — 29.7.1974),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў БДУ (1928). З 1946 у Мінскім мед. ін-це, у 1955—74 заг. кафедры шпітальнай тэрапіі. У 1953—59 гал. тэрапеўт Мін-ва аховы здароўя БССР. Навук. працы па гематалогіі, кардыялогіі, рэўматалогіі, атэрасклерозе, хранічных пнеўманіях, гастраэнтэралогіі.

Тв.:

Злокачественное малокровие (болезнь Аддисона — Бирмера). 2 изд. Мн., 1962;

Система гемостаза в норме и патологии. Мн., 1973 (разам з У.​Л.​Крыжаноўскім).

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАПАРЫ́ДЗЕ (Уча Малакіевіч) (17.8.1906, с. Гары Анскага р-на, Грузія — 1988),

грузінскі жывапісец і графік. Праф. (1944). Нар. мастак СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Нар. маст. студыі М.Таідзе (1922—24) і Тбіліскай АМ (1924—25, 1928—31). Аўтар маст. палотнаў гіст. тэматыкі «Першамайская дэманстрацыя ў Тыфлісе ў 1901 годзе» (1939—41, Дзярж. прэмія СССР 1942), жанравых карцін «Сябры юнацтва» (1938), «Думкі маці» (1945), «Свята працы» (1970—75), партрэтаў У.​Чхеідзе, Д.​Гурамішвілі, Т.​Шаўчэнкі і інш. Вядомы як ілюстратар.

У.Джапарыдзе. «Думкі маці». 1945.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЁК ((Giauque) Уільям Фрэнсіс) (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),

амерыканскі фізікахімік. Чл.

Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду​17O і ​18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.

У.Ф.Джыёк.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЛАЎДА́РЫ (Ігар Захаравіч) (н. 9.8.1945, г. Гомель),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1978 у БПА. Навук. працы па оптыцы і тэарэт. механіцы. Даследаваў асаблівасці адбіцця святла ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваў тэорыю і прынцыпы пабудовы адчувальнага элемента індукцыйнага гравітацыйнага градыентаметра для рухомых аб’ектаў.

Тв.:

Отражение плоской световой волны от нелинейной прозрачной изотропной среды (разам з Б.​Б.​Бойкам, М.​С.​Пятровым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1975. Т. 23, № 5.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯ́ТАЎ (Аркадзь Сяргеевіч) (н. 11.3.1923, г. Харанор Чыцінскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-р с.-г. н. (1962), праф. (1965). Скончыў Новасібірскі с.-г. ін-т (1946). З 1957 у Бел. НДІ садоўніцтва. Навук. працы па біялогіі і агратэхніцы пладовых раслін, вывучэнні архітэктонікі каранёвай сістэмы, рэсурсу плоданашэння высакашчыльных садоў, праектаванні і арганізацыі прамысл. пладаводства. Чл. Нью-Йоркскай АН (1994).

Тв.:

Проектирование плодоводства. Мн., 1967;

Повышение качества плодовых деревьев и урожайности садов. 2 изд. Мн., 1985;

Как правильно формировать и обрезать плодовые деревья и ягодные кусты. Мн., 1995.

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМА́Н,

археалагічная культура плямён, якія ў 5-м тыс. — 3 ст. да н.э. жылі на тэр. Японіі. Назва ад асаблівага тыпу керамікі з лінейным арнаментам у большасці спіральна-крывалінейных форм (яп. «дзумон»), Насельніцтва жыло на паселішчах у лёгкіх хацінах круглай і прамавугольнай формы, займалася рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам ракавін. З 4-га тыс. да н.э. вядомы свойская жывёла, проса, грэчка. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы ў грунтавых пахаваннях. Прылады працы выраблялі з каменю (шліфаваныя сякеры, нажы) і касцей (рыбалоўныя кручкі, гарпуны). Змянілася культурай Яёі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМ’Я́НАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (27.3.1861, г. Цвер, Расія — 19.3.1938),

савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1929; чл.-кар. 1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1886). З 1894 праф. Пятроўскай лясной і земляробчай акадэміі ў Маскве, з 1935 у Ін-це арган. хіміі АН СССР. Навук. працы па хіміі цыклічных злучэнняў. Распрацаваў агульны метад атрымання нармальных гранічных гліколяў, ненасычаных спіртоў і ізамерных ім аксідаў. Адкрыў ізамерызацыю аліцыклаў (расшырэнне ці звужэнне на адзін атам вугляроду) пры дэзамінаванні першасных амінаў азоцістай к-той (перагрупоўка Дз., 1903). Ленінская прэмія 1930.

М.Я.Дзям’янаў.

т. 6, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМАНІ́СІ,

руіны горада-крэпасці (пл. 25 га) каля г.п. Дманісі ў Грузіі ў сутоках р. Машавера і Пінезауры. Узнік у эпоху сярэдневякоўя. З 9 ст. Д. валодалі арабы, пасля туркі-сельджукі, выгнаныя ў 1123 Давыдам IV Будаўніком. Росквіт Д. адносіцца да 12—13 ст. Пасля разгрому Д. Цімурам у 14 ст. пачынаецца яго заняпад. Да 18 ст. горад абязлюдзеў. У выніку раскопак (вядуцца з 1936) выяўлены гар. пабудовы, знойдзена кераміка, манеты, прылады працы, зброя, скарб з 25 залатых і сярэбраных упрыгожанняў 12—13 ст.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КТАРАЎ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 2.9.1946, г. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1971). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэарэт. фізіцы і фізіцы салітонаў. Распрацаваў метады дакладнага інтэгравання нелінейных эвалюцыйных ураўненняў і з іх дапамогай даследаваў дынаміку салітонавых імпульсаў у валаконна-аптычных лініях сувязі.

Тв.:

Некоторые геометрические и групповые методы в теории вполне интегрируемых нелинейных уравнений // Теория групп, гравитация и физика элементарных частиц: Тр. Физического ин-та АН СССР. М 1986 Т 167.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МАГК ((Domagk) Герхард) (30.10.1895, Лагаў, каля г. Штэрнберг, Германія — 24.4.1964),

нямецкі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў Кільскі ун-т (1921) і працаваў у ім. З 1924 у Ін-це паталогіі ў Грайфсвальдзе, з 1925 у Мюнстэрскім ун-це (з 1928 праф.). Адначасова з 1927 дырэктар лабараторыі канцэрна «І.​Г.​Фарбэніндустры» у г. Вуперталь. Навук. працы па хіміятэрапіі бактэрыяльных інфекцый. Распрацаваў першы эфектыўны прэпарат для лячэння ганарэі (1934), новыя прэпараты для хіміятэрапіі туберкулёзу і пухлін. Абгрунтаваў антыбактэрыяльнае ўздзеянне і ўвёў у лячэбную практыку сульфаніламідныя прэпараты. Нобелеўская прэмія 1939.

Г.Домагк.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)