МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),
французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.Сезана, А.Радэна, усх.мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.Мантэрлана, С.Малармэ, П.Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.
Літ.:
Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;
Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;
Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр.Л., 1979.
В.Я.Буйвал.
А.Матыс. Танец. 1910.А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.
грамадская культ.-асв. і літ.-маст.арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм.т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.Чырыкава, А.Аляксандрава, В.Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.Мейчык, С.Мядзведзеў, А.Холмскі, К.Какоўцаў, К.Фальковіч, М.Мысаўской, С.Нейфах, С.Камінскі, В.Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.По, М.Метэрлінка, В.Бялінскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, М.Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля, «Улада цемры» Л.Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.Лермантава, «Нора» Г.Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана і інш.Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус.літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ЛИСТО́К»,
першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выходзіла з 2(14).4.1886 да 31.10(13.11).1902 у Мінску на рус. мове 2—3 разы на тыдзень. Кіраўнікі газеты дапускалі памяркоўную апазіцыю да царызму, некат. з іх прытрымліваліся больш радыкальных народніцкіх поглядаў, за што газета мела адм. спагнанні, а з 27.2.1897 яе выхад прыпынены на 8 месяцаў. Асвятляла мясц. жыццё, падзеі ў краіне і за мяжой, сац.-эканам. становішча сялян і гар. жыхароў, дзейнасць грамадскіх дэмакр. арг-цый. Змяшчала агляды рас. кніг і часопісаў прагрэс. кірунку, прапагандавала дэмакр. і рэалістычныя традыцыі рус. л-ры і маст. культуры, памяркоўна крытыкавала мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі. У пэўнай ступені падтрымлівала развіццё бел. мовы (7.3.1893) і л-ры (рэцэнзія на бел. пераклад апавядання У.Гаршына «Сігнал», 9.4.1891), друкавала творы Я.Лучыны, К.Каганца, мясц. літаратараў Д.Бохана, А.Бярозы, Р.Цягло, А.Шункевіча (Марозіка), бел. народныя песні, казкі, легенды. Упершыню апубл. ананімную паэму «Тарас на Парнасе» (16.5.1889, пад назвай «Тарас»). Змяшчала краязнаўчыя і этнагр. даследаванні А.Багдановіча (19.8, 18.11 і 5.12.1886), А.Слупскага (5.5.1895), М.Доўнар-Запольскага (пра Ф.Скарыну, 27.12.1886), рэцэнзіі на фальклорна-этнагр. зборнікі Е.Раманава (21.4.1887) і П.Шэйна (8.9.1887). Знаёміла з мясц. выстаўкамі выяўл.мастацтва, асвятляла работу Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, тэатр. і муз. жыццё, маст. самадзейнасць горада. З 1888 выдавала неперыядычны навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-Западный календарь». Пераўтворана ў газ.«Северо-Западный край».
Літ.:
Федорова Т.Н. Общественно-политическая мысль в Белоруссии и «Минский листок» (1886—1902 гг.). Мн., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 212—230;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 408—425.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст.Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар.выяўл.мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял.Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.
А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.
Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫпры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,
установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар.навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук.зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСАПРА́ЎДНАЯ ГО́ТЫКА, псеўдаготыка,
умоўная назва кірунку ў архітэктуры 18—19 ст., які пераймаў формы, а часам і канструкцыі сярэдневяковай готыкі.
Зараджэнне Н.г. ў зах.-еўрап. архітэктуры звязана з росквітам садова-паркавага мастацтва, з ідэалізацыяй сярэднявечча, характэрнай рамантызму. Выяўлялася ў культавых і вял. грамадскіх збудаваннях. Часам узнаўляліся помнікі сярэдневяковай архітэктуры, часцей будынкі мелі толькі гатычны дэкор. Для еўрап. Н.г. сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. характэрна шырокае выкарыстанне чыгунных канструкцый і паліхроміі. У Расіі Н.г. пашырылася спачатку ў сядзібным буд-ве, у творчасці В.Бажэнава і М.Казакова спалучаліся з некат. матывамі сярэдневяковай рус. архітэктуры.
На Беларусі першыя ўзоры Н.г. паявіліся ў палацавым буд-ве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным буд-ве 19 ст. выяўлялася ў асобных гасп. і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага р-на). Рысы Н.г. мелі шматлікія станцыйныя будынкі 1-й пал. — сярэдзіны 19 ст., у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага р-на). З сярэдзіны 19 ст. Н.г. стала адной з найб. значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найб. дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці Н.г. выявіліся ў збудаваннях 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Некат. будынкі набылі рысы Н.г. пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве Н.г. выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага р-наў). У пач. 20 ст. псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем маст. цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Н.г. паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму.
В.М.Чарнатаў.
Да арт.Несапраўдная готыка. Мост у Царыцыне (Масква). Арх. В.Бажэнаў. 1776—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАСІ́Я (Nikosia),
Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс.ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.
Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст.н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст.н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.
Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар.мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).
Літ.:
Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.
Да арт.Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),
піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва«Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.Вітвіцкага і А.Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.Голубеў). Іл.гл. таксама да арт.Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Літ.:
Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;
Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;
Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.
Л.Н.Дробаў.
Н.Орда.Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМІ́РА,
старажытны горад на тэр.Паўн.-Усх. Сірыі (паблізу сучаснага г. Тадмар). Як буйны цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва ўпершыню згадваецца ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. У канцы 2-га тыс. да н.э. разбурана асірыйцамі, у 10 ст. да н.э. адбудавана ізраільска-іудзейскім царом Саламонам. У 1 ст.н.э. ў час праўлення Тыберыя прызнала вярх. ўладу Рыма, але захавала аўтаномію. Найб. росквіту дасягнула ў 1—3 ст.н.э., калі гандлявала з гарадамі Паўд. Месапатаміі, Скіфіі, Сярэдняй Азіі, Паўд. Аравіі. Развівалася сельская гаспадарка; былі пабудаваны падземныя водаправоды і рэзервуары для арашэння палёў і садоў вакол П. У 3 ст.н.э. ў часы праўлення Адэната і Зенобіі дасягнула вял.паліт. магутнасці (валодала ўсёй Пярэдняй Азіяй і Егіптам). У 272 рым. імператар Аўрэліян захапіў П. У 273 пасля антырым. паўстання рымляне зруйнавалі горад, а яго жыхароў прадалі ў рабства.
Арх. ансамблі П. вылучаюцца маштабамі, веліччу і пышнасцю форм, багаццем скульпт. дэкору. З 19 ст. праводзяцца сістэм. раскопкі П. Выяўлена частка руін ант. горада з рэгулярнай планіроўкай і вуліцамі ў абрамленні грандыёзных карынфскіх каланад. Арх. помнікі: свяцілішча Бела на высокай платформе (з храмам у цэнтры, 1 ст.), храмік Баалшаміна (2 ст.), «Вялікая каланада» з 3-пралётнай манум. аркай (1100 м; 2—3 ст.), агора, т-р (3 ст.), частка гар. сцяны (2-я пал. 3 ст., адноўлена ў сярэдзіне 6 ст.), т.зв. лагер Дыяклетыяна (канец 3 — пач. 4 ст.). з «Храмам знамёнаў». Па-за гар. сценамі даследаваны некропаль з грабніцамі 3 тыпаў: вежавымі, падземнымі і ў выглядзе дамоў з атрыямі. Знойдзены шматлікія статуі, рэльефы, мазаікі, размалёўкі. Археал. запаведнік П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Слова П. стала сімвалам горада мастацтва.
А.У.Казленка.
Пальміра. «Вялікая каланада» з трохпралётнай аркай. 2—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.