І́ШКАЛДЗЬ,

вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б Іван Мікітавіч (8.6.1920, в. Абражыеўка Шосткінскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 6.8.1991),

тройчы Герой Сав. Саюза (1944, двойчы; 1945). Маршал авіяцыі (1985). Скончыў акадэміі Ваен.-паветр. (1949), Генштаба (1956). У арміі з 1940. Ў Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах: пілот, камандзір звяна і эскадрыллі, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка; у 120 паветр. баях збіў 62 самалёты праціўніка. Пасля вайны на кіруючых пасадах у ВПС, удзельнік Карэйскай вайны 1950—53 (у крас. 1951 — лют. 1951 1952 камандзір 324-й знішчальна-авіяц. дывізіі ў складзе сав. 64-га знішчальна-авіяц. корпуса). З 1978 у Групе ген. інспектараў ’Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар кніг «Служу Радзіме» (1949), «Вернасць Айчыне» (1967) і інш.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАІ́РСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,

міжнародная нарада з удзелам прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і кіраўніка гамінданаўскага ўрада Кітая Чан Кайшы ў 2-ю сусв. вайну. Адбылася 22—26.11.1943 у Каіры напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі 1943. На К.к. прынята рэзалюцыя (дэкларацыя) трох дзяржаў адносна палітыкі саюзнікаў у раёне Ціхага ак., дзе канстатаваўся намер пазбавіць Японію ўсіх захопленых тэрыторый, у т. л. і ціхаакіянскіх астравоў, акупіраваных ёю ў час 1-й сусв. вайны, выказвалася патрабаванне вярнуць Кітаю Маньчжурыю, Фармозу і Пескадорскія а-вы (Паўн.-Усх. Кітай, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао); падкрэслівалася незацікаўленасць вядучых краін свету ў тэр. экспансіі. У рэзалюцыі пракламавалася неабходнасць аднаўлення незалежнай Карэі, але вырашэнне гэтай праблемы адкладвалася на няпэўны час. Дамоўленасці, дасягнутыя на К.к., пазней парушаліся ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі.

В.​В.​Варановіч, М.​С.​Даўгяла.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́,

школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́РЛСБАД»

(«Karlsbad»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш. спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каля в. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СПЛЯ,

рака ў Смаленскай вобл. Расіі і ў Віцебскім р-не, левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 136 км, у межах Беларусі 20 км. Пл. вадазбору 5410 км², у межах Беларусі 513 км². Выцякае з воз. Каспля ў Смаленскім р-не на ўсх. схілах Віцебскага ўзв., у нізоўі цячэ па Суражскай нізіне. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 300—400 м (у вярхоўі да 3 км). Пойма ніжэй вусця Габзы перарывістая, шыр. да 200 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 10—30 м у верхнім цячэнні і да 50 м у ніжнім. Асн. прытокі: Жараспея, Габза (злева), на Беларусі — Вымнянка і Неварожка (справа). Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35 м³/с. На рацэ — г. Дзямідаў (Смаленская вобл.) і г.п. Сураж.

Рака Каспля ў Віцебскім раёне.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕМА́Н (Clément) Рэнэ (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),

французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.​Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).

У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,

баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.​С.​Юркаўцаў), В.​І.​Лівенцава, В.​П.​Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЕ́БЕЛЬ Марыя Восіпаўна (18.5.1898, Масква — 1985),

расійская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1958). Скончыла школу пры 2-й студыі МХАТ. З 1924 у трупе гэтага т-ра, з 1935 рэжысёр у Маск. т-ры імя Ярмолавай, з 1950 у Цэнтр. дзіцячым т-ры (у 1955—60 гал. рэжысёр). З 1948 выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1960 праф.). Сярод роляў: Шарлота («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага). Пастаноўкі: «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1936), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1937) і «Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра (1940, абедзве разам з М.​П.​Хмялёвым), «У добры час» В.​Розава (1954), «Іванаў» А.​Чэхава (1955), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1969), «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага (1972). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)