ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.​Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд. ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял. кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жылібер засн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт. Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук. мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.​Дэмбоўскі, Л.​Калянкоўскі, В.​Камарніцкі, Г.​Лаўмянскі, В.​Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням. акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.​Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).

В.​Ф.​Шалькевіч.

Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,

этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.​Маркса і Ф.​Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.​І.​Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.

Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.​Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.​Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).

Літ.:

Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;

Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969;

Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),

славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.​Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж. бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.​Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав. нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.

Тв.:

O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;

Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;

Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.

Літ.:

Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;

Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.

Л.​А.​Малаш-Аксамітава.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал. т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ. «Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып. «Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел. фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял. Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.​Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.

Тв.:

Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;

Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;

Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.​Р.​Раманава). Мн., 1962.

Літ.:

Бандарчык В.К. Е.​Р.​Раманаў. Мн., 1961.

В.​К.​Бандарчык, Г.​А.​Каханоўскі.

Е.Р.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ЎСКІЯ,

сям’я рускіх акцёраў.

Проў Міхайлавіч (сапр. Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.​Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.​Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.​Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.​Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.​Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, К.​Гальдоні, К.​Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар. арт. СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.​Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.​Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.

Літ.:

Семья Садовских. М.; Л., 1939;

Дурылин С.Н. П.​М.​Садовский. М., 1950;

Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.​М.​Садовский. М., 1968.

т. 14, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЗМ,

метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.

Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав. муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.​Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.​Араноўскага, Ю.​Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.​Булеза, С.​Губайдулінай, В.​Лютаслаўскага, А.​Месіяна, К.​Пендарэцкага, В.​Сільвестрава, А.​Шнітке і інш).

У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.​Манюшкі, канцэрты М.​Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.​Аладаў, В.​Залатароў, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.​Багатыроў, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.​Мдывані, Ф.​Пыталеў, Г.​Гарэлава, У.​Дамарацкі, У.​Дарохін, В.​Кузняцоў, А.​Хадоска і інш.).

Літ.:

Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;

Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;

Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;

Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.​В.​Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;

Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;

Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр. Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.

В.​П.​Савіцкая.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),

старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.

Арбалет з запальнай стралой.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКУШ (Алесь) (сапр. Козік Аляксандр Барысавіч; н. 28.5.1960, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, выдавец. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1987). Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Тутэйшыя». Стваральнік Т-ва вольных літаратараў (1993). Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдае літ. альманах «Ксэракс беларускі», серыю «Паэзія новай генерацыі». У яго вершах (зб-кі «Вяртанне», 1988; «Тайніца», 1991, з П.​Бурдыкам; «Крылы ператворацца ў карэнні», 1993; «Развітанне з Танталам», 1994) інтэлектуальная заглыбленасць, псіхалагізм, матывы міфалогіі.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Георгій Міхайлавіч) (8.4.1901, Курск — 16.4.1985),

рускі архітэктар. Нар. арх. СССР (1970), правадз. член АМ СССР (з 1979). Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы (1921—26). Праф. Маскоўскага арх. ін-та (з 1969); 1-ы сакратар праўлення Саюза архітэктараў СССР (1963—81). Адзін з аўтараў праекта Днепрагэса (1927—32) і яго аднаўлення ў 1944—50, гал. архітэктар Кахоўскай (1951—55), Крамянчугскай (1955) і Брацкай (1960—67) ГЭС. Дзярж. прэмія СССР 1951, Дзярж. прэмія Расіі 1969.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)