тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл.Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш.Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),
парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).
Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),
сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.
Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІВА́ННА (Verbascum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.