«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,
старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́Д,
1) прамысл. прадпрыемства; у палітэканоміі тое, што фабрыка. Першапачаткова розніца паміж імі была ў характары апрацоўкі: механічная — на заводах, хімічная — на ф-ках. З развіццём навукі і тэхнікі на З. і на ф-ках выкарыстоўваецца мех. і хім. апрацоўка. Але па традыцыі адны прамысл. прадпрыемствы, пераважна машынабудавання і металаапрацоўкі, называюць З., другія, у асноўным лёгкай прамысловасці, — ф-камі.
2) Прадпрыемствы па гадоўлі пародзістай жывёлы.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАЦЭНО́З (ад зоа... + цэноз),
сукупнасць жывёл, якія сумесна жывуць у вызначаным біятопе; састаўная ч. біяцэнозу. Выдзяленне З. з біяцэнозу ўмоўнае, таму што жывёлы і расліны цесна звязаны ў сваім існаванні. З. адлюстроўвае спецыфіку біяцэнозу, пры даследаванні якога часта выкарыстоўваюць даныя па З. Заканамернасці, па якіх складаюцца З., заснаваны на ўзаемасувязях жывёл паміж сабой, з інш. арганізмамі (вышэйшыя расліны, мікраарганізмы і інш.) і з неарган. асяроддзем.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ ў біялогіі,
тэорыя праводнасці біяэлектрычных патэнцыялаў уздоўж цыліндрычнай клеткі. Зыходзіць з таго, што нерв., мускульную ці інш. клетку можна ўявіць у выглядзе адрэзка кабелю, змешчанага ў праводным асяроддзі з клетачнай мембранай, якая выконвае ролю ізалятара. Кабельная мадэль цыліндрычнай клеткі і заснаваная на гэтай мадэлі тэорыя разліку суадносін велічынь току і напружання дазваляюць эксперыментальна вызначаць эл. параметры клетачнай мембраны і ацэньваць умовы распаўсюджвання падпарогавых эл. імпульсаў.
т. 7, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУІ́СТЫКА разгляд асобных выпадкаў, здарэнняў у іх сувязі з агульнымі прынцыпамі права, маралі і інш. У юрыспрудэнцыі адшуканне норм права, якія дазваляюць вырашыць казусы (складаныя выпадкі), што ўзнікаюць у працэсе вядзення справы. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне агульных дагматычных палажэнняў да асобных выпадкаў. У тэалогіі (асабліва ў каталіцызме) — вучэнне пра ступень граху. У пераносным сэнсе — спрытнасць, выкрутлівасць у доказах, уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́Ж (франц. collćge),
сярэдняя і няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Францыі і краінах, дзе выкарыстоўваюцца прынцыпы франц. адукац. сістэмы (Бельгія, Швейцарыя, Канада і інш.). Першыя К. ўзніклі ў Францыі ў сярэдневякоўі пры ун-тах. У перыяд Франц. рэвалюцыі канца 18 ст. зачынены. У 1808 такая назва была прысвоена сярэднім школам (прыватным і тым, што былі на бюджэце мясц. улад). У 1963 у Францыі створаны К. сярэдняй адукацыі.
т. 7, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НЫ (ад лац. collido сутыкаць варожа),
арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш. віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.
т. 7, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРАН ((Cameron) Верні Ловет) (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),
англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміж бас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.
т. 7, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЗМ у біялогіі,
захаванне пэўнай ступені ўстойлівасці біял. сістэмы (напр., геному, папуляцыі) у нязменным стане або павольнае яго змяненне, пасіўнае супрацьдзеянне знешнім фактарам, якія ўздзейнічаюць на сістэму і могуць парушыць яе раўнавагу і сувязі, што ўсталяваліся паміж арганізмамі ў сістэме і навакольным асяроддзем (напр., гнездавы К. — прыхільнасць птушак да месцаў гнездавання). Кансерватыўныя прыкметы біял. сістэмы імкнуцца захавацца нязменнымі або павольна змяняюцца ў ходзе эвалюцыі.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭРТМА́ЙСТАР (ням. Konzertmeister),
1) 1-ы скрыпач—саліст сімф. ці опернага аркестра; часам выступае як дырыжор.
2) Музыкант, што ўзначальвае кожную з відавых інстр. груп сімф. аркестра (пераважна ўнутры струннай групы).
3) Піяніст, які дапамагае вакалістам, артыстам балета, інструменталістам развучваць партыі і акампануе ім на рэпетыцыях і ў канцэртах. Сярод бел. канцэртмайстраў С.Талкачоў, Ж.Габа, Г.Карант, Г.Каржанеўская, Л.Максімава, Т.Міянсарава, Н.Ражнова, Л.Талкачова і інш.
т. 8, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)