ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р.аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012 т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ ((Kant) Герман) (н. 14.6.1926, г. Гамбург, Германія),
нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб.апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.
Тв.:
Рус.пер. — Остановка в пути. М., 1979;
Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;
Актовый зал;
Выходиые данные. М., 1987.
Літ.:
Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
дзеяч аўстр., герм. і міжнар.с.-д. руху, адзін з тэарэтыкаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. Скончыў Венскі ун-т (1879). З 1875 у аўстр.с.-д. руху. У 1881 у Лондане пазнаёміўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам. У 1883 заснаваў і да 1917 рэдагаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Германіі (СДПГ) час. «Die Neue Zeit» («Новы час»). Выступаў супраць рэвізіянізму Э.Бернштэйна і рэв. радыкалізму Р.Люксембург, пазней супраць інтэрпрэтацыі марксізму У.І.Леніным («бальшавізм»). У 1910—12 ідэолаг цэнтрызму. У 1-ю сусв. вайну (1914) выступаў пераважна з пазіцый пацыфізму. У 1917—22 чл.Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Амстэрдам. Аўтар фундаментальных прац «Эканамічнае вучэнне Карла Маркса» (1887), «Папярэднікі сацыялізму» (1909—21), «Матэрыялістычнае разуменне гісторыі» (1927), брашуры «Дыктатура пралетарыяту» (1918) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Происхождение христианства. М., 1990.
Літ.:
Брайович С.М. Карл Каутский — эволюция его воззрений. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕРМАН ((Kellermann) Бернгард) (4.3.1879, г. Фюрт, Германія — 17.10.1951),
нямецкі пісьменнік. Чл.Ням.АМ (з 1950). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене. Друкаваўся з 1904. У ранніх раманах «Іестэр і Лі» (1904), «Інгеборг» (1906), «Мора» (1910) і інш. уплыў неарамантызму. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тунэль» (1913), які выкрывае супярэчнасці паміж творчай працай, талентам і бурж. цывілізацыяй. Раманы «9 лістапада» (1920), «Браты Шэленберг» (1925, экранізацыя 1926), «Горад Анаталь» (1932), «Песня дружбы» (1935), «Блакітная стужка» (1938) адметныя спалучэннем рэалізму і экспрэсіянізму. Вяршыня творчасці К. — раман «Скокі смерці» (1948) пра трагедыю ням. народа пры фаш. дыктатуры. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, кніг дарожных нарысаў. Нац. прэмія ГДР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор святой Сафіі,
помнік стараж.-рус. архітэктуры ў Кіеве; гал. культавы і грамадскі будынак Кіеўскай Русі, гал. храм кіеўскіх мітрапалітаў. Закладзены ў 1037. Пабудаваны з плінфы. Вялікі (37 × 55 м, выш. 29 м) 13-купальны 5-нефавы храм. З трох бакоў абкружаны 2-яруснымі галерэямі. У галерэі з З убудаваны 2 вежы (11—12 ст.), лесвіцы якіх вядуць на хоры. Першапачаткова меў пірамідальную кампазіцыю. У 1699—1707 перабудаваны ў формах укр. барока. Звонку аздоблены ўзорыстай муроўкай з цэглы і каменю. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны мазаікамі (260 м²), тэматычным і арнаментальным фрэскавым жывапісам 11 ст. (каля 3 тыс.м²; у т. л. групавы партрэт сям’і Яраслава Мудрага). У храме была велікакняжацкая пахавальня (захаваўся саркафаг Яраслава Мудрага). З 1934 музей-запаведнік, які ўключае таксама ансамбль будынкаў 17—18 ст. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Кіеўскі Сафійскі сабор.Інтэр’ер Кіеўскага Сафійскага сабора. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (17.6.1852, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія — 22.10.1915),
рускі пісьменнік. Скончыў пед. курсы (1869). Настаўнічаў, працаваў у Валагодскай казённай палаце. Друкаваўся з 1870. Найб. значныя творы адрасаваны дзецям: зб-кі апавяданняў і вершаў «Падарунак на ёлку» (1880), «Незабудкі» (1885), аповесці «Іван Іванавіч і кампанія» (1882), «Бальшак» (1883) і інш. Цыкл артыкулаў «Літаратура «маленькага народа» (1892—95) — адна з першых рус.тэарэт. прац па дзіцячай л-ры. Аўтар зб-каў «Каханне і ісціна» (1899), «Вечаровыя песні» (1912) і інш., вершы з якіх пакладзены на музыку А.Барадзіным, С.Танеевым, С.Рахманінавым. Сярод прозы вылучаюцца дакумент. творы: зб-кі нарысаў і апавяданняў «Паны сяляне» (1897), «Патрывожаныя» (1909), аўтабіягр. аповесць «Правінцыйныя карэспандэнты» (1879), этнагр. нарысы аб жыцці зыран (комі) «Лясныя людзі» (1887) і інш. Аўтар раманаў «Свае — чужыя» (1891), «Немудрагелістае шчасце» (1895) і інш., успамінаў, у т. л. пра літаратараў 1870—80-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕЎ (Кайсын Шуваевіч) (1.11.1917, с. Верхні Чэгем Чэгемскага р-на, Кабардзіна-Балкарыя — 4.6.1985),
балкарскі паэт.Нар. паэт Кабардзіна-Балкарыі (1967). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1935—39). Друкаваўся з 1934. Ў 1944 незаконна высланы з Кабардзіна-Балкарыі, да 1957 жыў у Кіргізіі. Паэтычныя цыклы «Мае суседзі» (1939—45), «Песні цяснін» (1947—51), кнігі вершаў «Паранены камень» (1964; Дзярж. прэмія РСФСР імя М.Горкага 1966), «Мір дому твайму!» (1967), «Кніга зямлі» (1972), «Краса зямная» (1980) і інш. — своеасаблівы летапіс гіст. мінулага і сучаснага балкарскага народа, прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, жыццялюбствам, гуманізмам. Пераклаў на балкарскую мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, А.Куляшоў, У.Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1974, Ленінская прэмія 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТКІН (Аляксей Мікалаевіч) (29.3.1848, б. маёнтак Шашурына, Таропецкі р-н Цвярской вобл., Расія — 16.1.1925),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1901). Скончыў Акадэмію Генштаба (1874). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78 і заваявання Сярэдняй Азіі, адзін з памочнікаў ген. М.Дз.Скобелева. У 1890—97 нач. Закаспійскай вобл. У 1898—1904 ваен. міністр. У руска-японскую вайну 1904—05 камандаваў Маньчжурскай арміяй і ўсімі рас. войскамі на Д. Усходзе; пасля няўдалай Мукдэнскай бітвы 1905 зняты з пасады і прызначаны камандуючым 1-й арміяй. Чл.Дзярж. савета (з 1906). У 1-ю сусв. вайну камандаваў корпусам, 5-й арміяй, Паўн. фронтам; у 1916—17 туркестанскі ген.-губернатар. З 1917 на радзіме, настаўнічаў у сярэдняй і заснаванай ім с.-г. школах. Аўтар прац «Алжырыя» (1877), «Дзеянні атрадаў генерала Скобелева ў Руска-турэцкую вайну 1877—78 гадоў. Лоўча і Плеўна» (ч. 1—2, 1885), дзённіка (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАШКЕ́ВІЧ ((Kuraszkiewicz) Уладзіслаў) (н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «З даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).