РАДЗІ́НЫ,

у беларусаў і інш. слав. народаў сямейна-быт. свята, якім урачыста адзначаецца нараджэнне дзіцяці. У старажытнасці Р. мелі магічнае значэнне — яны павінны былі забяспечыць парадзісе і яе дзіцяці шчасце, здароўе, доўгі век; з’яўляліся святам прыняцця ў грамадства новага прадаўжальніка роду. Пасля прыняцця хрысціянства Р. былі звязаны з абрадам хрышчэння (хрэсьбіны). Бабка-павітуха купала дзіця, потым, трымаючы яго на руках, разам з кумамі абыходзіла 3 разы вакол стала, на якім ляжаў хлеб, які яны за кожным разам цалавалі. Пасля гэтага кумы з нованароджаным адпраўляліся ў царкву. Калі кумы з дзіцем вярталіся — збіраліся госці (толькі жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны), гаспадар запрашаў усіх за стол. Пад канец святочнага абеду падавалі бабіну кашу. Р. суправаджаліся радзіннымі песнямі, рознымі абрадамі. Вял. значэнне на Р. меў абмен падарункамі, ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Пашыраны і ў наш час.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЕ ЎСТРО́ЙСТВА ў электраэнергетыцы,

электраўстаноўка для прыёму электраэнергіі (ад генератараў электрастанцыі, сілавых трансфарматараў, пераўтваральнікаў пераўтваральнай падстанцыі і інш.) і яе размеркавання паміж асобнымі спажыўцамі (па кабельных і паветр. лініях электраперадач). У склад Р.ў. ўваходзяць: выключальнікі, раз’яднальнікі, разраднікі, рэактары электрычныя, зборныя шыны (звычайна секцыянаваныя), трансфарматары току і напружання, вымяральныя прылады. Кіраванне апаратурай Р.у. аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае.

Абсталяванне аднаго ланцуга Р.ў. канструкцыйна вылучаецца ў адну ячэйку. Р.ў. напружаннем да 35 кВ звычайна размяшчацца ў памяшканні (закрытае Р.ў.), пры напружаннях 35 кВ і вышэй — на адкрытым паветры (адкрытае). Ва ўмовах моцна забруджанай атмасферы і пры магчымасці асядання на ізалятарах токаправодных рэчываў Р.ў. робяць закрытымі да напружання 220 кВ. Найчасцей усе элементы Р.ў. да 35 кВ манціруюцца ў метал. заводскіх шафах (т.зв. камплектныя Р.ў.), пашыраны кампактныя герметычныя, у якіх ізаляцыяй служыць элегаз (гексафтарыд серы SF6) пад ціскам у некалькі атмасфер.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПУ́ХІ сапраўдныя

(Bufonidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. Вядомы з верхняй юры і ніжняга мелу (каля 140 млн. г. назад). 21 род, 304 віды. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найб. вял. род — уласна Р. (Bufo) — каля 200 відаў. Пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 3 віды Р.: зялёная (B. viridis); шэрая, або звычайная (B. bufo); чаротная (B. calamita), занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасці кароткія. Зубы ў большасці часткова або цалкам рэдукаваныя. Р. роду Bufo маюць гарыз. зрэнку, пальцы задніх канечнасцей часткова звязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй спіне — дробныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Большасць размнажаецца ў вадаёмах, некат. на сушы; ёсць яйцажывародныя і жывародныя віды.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапухі: 1 — чаротная; 2 — зялёная; 3 — шэрая.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РЫ,

прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл. Карст).

П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл. Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.​Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л. сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.

Літ.:

Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.

Р.​Р.​Паўлавец.

Пячора. Пастойнска-Яма ў Славеніі.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),

аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.

Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.

Бурыя водарасці: 1 — фукус пухіраваты; 2 — ламінарыя цукрыстая; 3 — саргасум змешаны.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

другое раннеантрапагенавае зледзяненне на тэр. Беларусі. Наступіла пасля белавежскага міжледавікоўя. Адбылося каля 480—390 тыс. г. назад. Ледавік насунуўся са Скандынавіі і ўкрыў амаль усю тэр. Беларусі (магчыма, за выключэннем крайняга ПдУ). У час адной са стадый Бярэзінскага зледзянення часткова сфарміраваліся Гродзенскае, Навагрудскае, Мінскае і інш. краявыя ўзвышшы Беларускай грады. Марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і перыгляцыяльныя адклады дасягаюць магутнасці больш за 200 м. Марэны складзены пераважна з суглінкаў, супескаў, пяскоў і жвіру з валунамі, маюць шэры, шэра-зялёны і блакітна-шэры колер, уключаюць адорвені мелу і інш. даледавіковых адкладаў. Найб. пашыраны на ПдЗ, З і ў цэнтр. ч. тэр. Беларусі, на Пд захаваліся ў ледавіковых лагчынах, на паверхню выходзяць у далінах Нёмана, Дняпра і Сажа. Бярэзінскае зледзяненне адпавядае англійскаму і эльстэрскаму ў Зах. Еўропе, міндэльскаму-2 у Альпах, санскім зледзяненням Польшчы і окскаму на тэр. Расіі.

А.​К.​Карабанаў.

т. 3, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Н (Musa),

род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.

Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш. харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.

Банан.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАЎКА́РЫЯ (Araucaria),

род голанасенных раслін сям. араўкарыевых. Каля 18 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, на астравах Ціхага ак. Найб. вядомыя араўкарыя высокая, чылійская і бразільская (культывуюцца як дэкар. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і Крыма). На Беларусі араўкарыю высокую вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Хвойныя, пераважна двухдомныя дрэвы, звычайна з плоскай парасонападобнай кронай, выш. да 60—75 м і дыям. ствала да 2,5 м. Галінкі кальчакаватыя, гарызантальна распасцёртыя. Кара тоўстая, баразнаватая, смалістая. Лісце размешчана спіральна, плоскае, скурыстае, ад ланцэта- да шырокаяйцападобнага, часам іголкападобнае, даўж. 4—10 см. Мікрастробілы («мужчынскія шышкі») цыліндрычныя, буйныя — даўж. да 20—25 см і дыям. да 4—5 см. Жаночыя шышкі авальныя, дыям. 7—35 см. Насенне арэхападобнае, з крыльчатай лускавінкай, у некаторых відаў ядомае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб мэблі, муз. інструментаў, паперы і інш., смала — як лекавы сродак.

Араўкарыя даўгалістая: галінка з мікрастробілам (мужчынская шышка) і жаночая шышка (справа).

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБ (Faba),

род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).

Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.

Боб конскі.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)