ГЕ́РАК ((Gierek) Эдвард) (н. 6.1.1913, в. Паромбка, цяпер у межах г. Сасновец, Польшча),
польскі дзярж. і парт. дзеяч. У 1923—48 жыў і працаваў на вугальных шахтах у Францыі і Бельгіі. У 1946—48 узначальваў Нац. раду палякаў у Бельгіі. З 1948 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), сакратар ЦК (1956—64), чл. Палітбюро ЦК ПАРП (1956, 1959—80), 1-ы сакратар катавіцкага к-та ПАРП (1957—70). У 1970—80 1-ы сакратар ЦК ПАРП. Прыхільнік эканам. супрацоўніцтва Польшчы з Захадам, выкарыстання замежных крэдытаў з мэтай паскарэння развіцця краіны, пры гэтым захоўваліся прынцыпы сацыяліст. эканомікі і залежнасць Польшчы ад СССР. У выніку выраслі даўгі і Польшча апынулася ў глыбокім эканам. крызісе. У перыяд узнікнення хвалі забастовак ва ўсёй краіне ў 1980 Герак выведзены з ЦК, у 1981 выключаны з ПАРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз.чл.АМСССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),
жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел.нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРСЕ́ВІЧ (Максім Тарасавіч) (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Чл.ЦВКБССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ШКО́ЛЫ.
Існавала ў Вільні з 1921 да сярэдзіны 1930-х г.Засн.Таварыствам беларускай школы для выдання навуч.-пед. л-ры. Яму папярэднічала выд-ваБел. школьнай рады. На пач. дзейнасці выпусціла падручнікі-чытанкі Л.Гарэцкай «Родны край» для 2—4-га класаў, «Праграмы для паступлення ў беларускія гімназіі», Я.Станкевіча «Паўкулі па-беларуску» і інш. З уздымам вызв. барацьбы працоўных Зах. Беларусі і звязаным з ім культ. рухам выд-ва пачало выпускаць драм. творы для самадзейнай сцэны гурткоў т-ва. У 1927—28 выдадзены вадэвіль «Модны шляхцюк» К.Каганца, п’есы М.Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі», аднаактоўка Маладога Дзядка (С.Новіка-Пеюна) «Ёлка Дзеда Мароза» і інш. Рэпрэсіі ўрада Польшчы супраць легальных формаў нац.-вызв. руху працоўных Зах. Беларусі прымусілі выд-ва спыніць сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.
Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТА́ЦЫ (Ніна Барысаўна) (н. 14.5.1908, г. Цэсіс, Латвія),
бел. бібліёграф, літаратуразнавец. Засл. дз. культуры Беларусі (1963). Скончыла БДУ (1930). У 1930—92 працавала ў Нац. б-цы Беларусі (з 1945 — гал. бібліёграф аддзела бел. л-ры і бібліяграфіі). Складальнік фундаментальных бібліягр. паказальнікаў асобных выданняў бел.маст. л-ры, літ.-знаўства і крытыкі. Унікальны па шырыні зафіксаваных звестак даведнік «Беларуская савецкая драматургія, 1917—1965» (1967). Склала бібліягр. даведнікі па творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, П.Труса, І.Шамякіна, П.Панчанкі і інш.бел. пісьменнікаў. Даследуе жыццё і творчасць М.Багдановіча: склала літ. альбом пра яго жыццё і творчасць (1968, разам з А.Лойкам), зборнік успамінаў і біягр. матэрыялаў «Шлях паэта» (1975), бібліягр. паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай л-ры «Максім Багдановіч» (1977).
літоўскі пісьменнік, драматург.Засл. дз. мастацтваў Літвы (1947). Нар. пісьменнік Літвы (1957). Прадстаўнік псіхал. рэалізму ў нац. л-ры. Найб. значны твор ранняга перыяду — апавяданне «Тапельніца» (1909). Мастацкае асэнсаванне лёсу краіны, асобы праз прызму гіст. падзей, сац. і маральныя праблемы, унутраны свет героя ў раманах Венуоліса «Перад днём» (1925), «Ростані» (1932), «Госця з Поўначы» (1933), «Міністр» (1935), «Сядзіба Пуаджунасаў» (1952), п’есах «Змрок» (1936), «1831 год» (1937). Аўтар кн. мемуараў «З маіх успамінаў» (1957) і інш. Выкарыстоўваў матывы груз. (цыкл «Каўказскія легенды», 1905—06), каўк. і літ. паданняў (кн. «Паданні і легенды», 1957). На бел. мову творы Венуоліса перакладалі С.Грахоўскі (у кн.: «Літоўскія апавяданні», 1957), Н.Рыбак (у кн. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна
(1901—8.1.1967),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз.Бел.т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.