АСЦЮКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобласці. За 35 км на ПдУ ад Вілейкі, 91 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Уша. 122 ж., 50 двароў (1995). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДЗІМА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

выветрыванне верхняга слоя глебы разам з пасеяным насеннем, іншы раз і з усходамі. Часцей выдзімаюцца вясной палі, засеяныя яравымі збожжавымі, шматгадовымі і аднагадовымі травамі, радзей — пасевы азімых увосень. На Беларусі адзначаецца часам на тарфяных і пясчаных глебах. Гл. таксама Эрозія глебы.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ПЁС (лац. Canis Major),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка — Сірыус (α Вялікага Пса, -1,4 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая зорка ўсяго неба. 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі Вялікага Пса відаць зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЛЯ́ЦЫЯ, развяванне,

разбурэнне горных парод і глеб пад уздзеяннем ветру з наступным пераносам цвёрдых часцінак (часам на вял. адлегласці) і іх абточваннем. Асабліва моцна праяўляецца ў пустынях. У Беларусі бывае на асушаных тарфяна-балотных і мінер. глебах Палесся, часам у форме пылавых бур.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі ў 15—16 ст. Цэнтр — г. Камянец. Утвораны ў 1413 у складзе Трокскага ваяводства, з 1520 — Падляшскага ваяводства. У выніку ўзбуйнення паветаў паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшоў у склад Брэсцкіх павета і ваяводства.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁЦКІ,

традыцыйная бел. страва з таркаванай бульбы, пшанічнай або інш. мукі ў форме невял. галачак. Звараныя К. забельваюць малаком, часам заскварваюць. Страва пад падобнай назвай ёсць у літоўцаў (kleckiene). У старажытнасці былі адной з абавязковых страў на памінках пераважна на У Беларусі.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГНІ́Т (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

гаручы карысны выкапень, слабаабвугленая драўніна, бурага колеру, з захаванай будовай тканак, таксама буры вугаль, утвораны поўнасцю або часткова з такой драўніны. На Беларусі трапляецца ў Прыпяцкай упадзіне ў адкладах каменнавугальнага, юрскага і кайназойскага ўзросту.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),

народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],

арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРГ (ад ням. Morgen раніца),

даўняя мера (адзінка) зямельнай плошчы. У сярэдневяковай Германіі М. — плошча зямлі, якую мог апрацаваць адзін чалавек з ранку да поўдня. У ВКЛ, у т. л. на Беларусі, М. стаў пашыраным з сярэдзіны 16 ст. 1 М. = 0,71 га.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)