археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), што жылі ў Італіі. Назва ад Апенінскага п-ва. Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй на высакагорных пашах, жыло ў пячорах і на ўмацаваных паселішчах. Прылады вырабляліся з косці, рогу і каменю; бронзавыя рэчы трапляюцца адносна рэдка. Характэрны групавыя пахаванні паводле абраду трупапалажэння. Кераміка — цемнаглянцавая, упрыгожаная стужачным арнаментам з белай інкрустацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫ́ЛІЯ (Bastille),
крэпасць у Парыжы ў 14—18 ст. Пабудавана ў 1370—82. У 15 ст. ператворана Людовікам XIV у турму. У канцы 16 ст. тут трымалі пераважна паліт. зняволеных. Была сімвалам дэспатызму Бурбонаў. 14.7.1789 паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У 1790 Бастылія разбурана. З 1880 у Францыі дзень 14 ліп. святкуюць як нац. свята.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЫ́ЛЫ,
палачкападобныя бактэрыі, у цыкл развіцця якіх уваходзіць спораўтварэнне. У вузкім сэнсе бацылы — аэробныя і факультатыўныя анаэробныя грамстаноўчыя палачкападобныя прадстаўнікі роду Bacillus, што ўтвараюць тэрмаўстойлівыя эндаспоры. Большасць бацыл — сапрафіты, удзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэчыва і працэсах самаачышчэння асяроддзя. Выкарыстоўваюцца ў тэхн. мікрабіялогіі для атрымання ферментаў, антыбіётыкаў, мікрабіял. сродкаў барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур; некаторыя бацылы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб (сібірская язва, слупняк і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́НДАў оптыцы,
прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАГІЛЬБЕ́Р, Буагійбер (Boisguillebert) П’ер (17.2.1646 — 10.10.1714), французскі эканаміст, пачынальнік класічнай школы ў палітэканоміі ў Францыі, адзін з заснавальнікаў тэорыі прац. вартасці. Адрозніваў рыначную цану ад «існай вартасці», мерай якой лічыў рабочы час. У грошах бачыў асн. зло і прычыну нар. бедстваў, меркаваў, што для ліквідацыі ўлады грошай неабходна звесці іх ролю да простага сродку абарачэння. Выступаў супраць феад. прыгнёту і меркантылізму, быў папярэднікам фізіякратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).
Вінтавая паверхня: 1 — агульнага выгляду, 2 — гелікоід (OO′ — нерухомая вось; L — лінія, пры дапамозе якой утвараецца вінтавая паверхня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТЫ́ЗМ (ад лац. occultus патаемны, скрыты),
агульная назва ідэаліст. вучэнняў і поглядаў, што прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навук. даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Да акультных вучэнняў адносяць магію, астралогію, спірытызм, тэасофію, парапсіхалогію, тэлепатыю, ёга і інш. У філас. плане блізкі да гілазаізму і пантэізму. Вядомы з часоў антычнасці. На розных этапах развіцця культуры быў у складаных узаемаадносінах з навукай, філасофіяй, рэлігіяй, мастацтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МП (Olympos),
самы высокі горны масіў у Грэцыі. Выш. 2917 м. Складзены з вапнякоў і сланцаў. Вечназялёныя хмызнякі, шыракалістыя і хваёвыя лясы. Нац. парк (пл. каля 4 тыс.га, засн. ў 1938). У стараж.-грэч. міфалогіі Алімп — месца, дзе жывуць багі. Лічылася, што на Алімпе знаходзяцца палацы Зеўса і інш. багоў, пабудаваныя і ўпрыгожаныя Гефестам. Алімп таксама сімвал вярхоўнай улады новага пакалення багоў — алімпійцаў, якія перамаглі тытанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА,
назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10−3м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.