ШПЕ́НГЛЕР (Spengler) Освальд (29.5.1880, Бланкенбург, Германія — 29.5.1936),

нямецкі філосаф; прадстаўнік філасофіі жыцця, адзін з заснавальнікаў культуралогіі. Вучыўся ў Берлінскім і Мюнхенскім ун-тах. У асн. працы «Заняпад Еўропы» (т. 1—2, 1918—22) абгрунтаваў ідэю адасобленасці 8 культ.-гіст. тыпаў, якія ў сваім развіцці праходзяць усе стадыі жыццёвага цыкла: дзяцінства, юнацтва, памужнеласці, сталасці і памірання. Усе гэтыя культуры (егіп., вавілонская, інд., кіт., мекс., ант., араб., еўрап.) разам з руска-сібірскай (культурай будучыні) адпавядаюць адна адной па тэмпах свайго развіцця і працягласці існавання (каля тысячагоддзя). Паводле Ш., кожная культура як сукупнасць сімвалаў мае свой уласны прасімвал, які з’яўляецца яе «душой», сістэмастваральным пачаткам; як толькі «душа» культуры ажыццявіла ўсю паўнату сваіх магчымасцей у розных культ. формах (мова, веравызнанне, мастацтва, навука, дзяржава) культура прыходзіць у заняпад і становіцца цывілізацыяй. На яго думку, цывілізацыя нясе «згасанне душы» культуры, перавагу рацыяналізму над ісцінай, прагматызму над натхненнем, перанасычанасць усіх бакоў жыцця тэхнікай і арганізац. формамі, якія падпарадкоўваюць сабе чалавека. Адмовіўся ад ідэі адзінага сусв.-гіст. развіцця і прагрэсу як агульнай яго накіраванасці, але ў сваёй перасцярозе пра апакаліпсіс зах. свету звярнуў увагу на неабходнасць захавання і развіцця культуры як найважнейшага шансу лепшай будучыні чалавецтва.

Тв.:

Рус. пер. — Философия будущего. Иваново-Вознесенск, 1922;

Деньги и машина. Пг., 1922;

Пессимизм ли это? М., 1922;

Человек и техника. М., 1931;

Закат Европы. Мн.;

М., 2000.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 17, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІЯ ВЯКІ, сярэдневякоўе, сярэднявечча,

назва эпохі паміж старажытнасцю (антычнасцю) і Адраджэннем. Уведзена ва ўжытак італьян. гуманістамі 15—16 ст., якія імкнуліся супрацьпаставіць свой час папярэднім стагоддзям, што трактаваліся імі як перыяд заняпаду культуры. У адрозненне ад «цёмнай», «варварскай» эпохі, што настала пасля росквіту культуры ў класічнай старажытнасці (Грэцыя і Рым), новыя часы лічыліся перыядам адраджэння антычнасці. У паняцце «С.в.» ўкладваўся адмоўны сэнс. Пасля таго, як у 1685 ням. гісторык Х.​Келарыус (Келер) выдаў падручнік па універсальнай гісторыі, у якім падзяліў мінулае на старажытнасць, С.в. і новы час, 3-членная схема перыядызацыі і тэрмін «С.в.» трывала ўвайшлі ў гістарыяграфію. У 18 ст. аформілася асобная гіст. дысцыпліна, што вывучае С.в. — медыявістыка.

У еўрап. гуманістыцы лічыцца, што ў вузкім значэнні слова паняцце «С.в.» тычыцца толькі тых тэрыторый, якія зведалі Адраджэнне (г.зн. уласна Еўропы), а ў дачыненні да іншых гаварыць пра С.в. можна толькі ўмоўна. Храналагічныя межы эпохі вызначаюцца па-рознаму. Звычайна яе пачынаюць ад канца 4—5 ст. (у франц. гістарыяграфіі ад 395 — года смерці імператара Феадосія Вялікага, у нямецкай — ад 476 — краху Зах. Рымскай імперыі), а завяршаюць сярэдзінай 15 — пач. 16 ст. (1453 — крах Візантыйскай імперыі, 1492 — адкрыццё Амерыкі, 1517 — выступленне М.​Лютэра і інш.). У межах гэтай эпохі вылучаюць 3 падэпохі: раннія С.в. (канец 4—11 ст.), высокія С.в. (11—1-я пал. 13 ст.) і познія С.в. (2-я пал. 13 — пач. 16 ст.). У сучаснай зах. гістарыяграфіі прызнаецца, што паміж С.в. і новым часам існавала пераходная эпоха — прыкладна паміж 1450 і 1550. У бел. падручніках па гісторыі ў адпаведнасці з «Праграмай па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ» (1996) прынята траічная схема перыядызацыі з такімі ж храналагічнымі межамі, як у Зах. Еўропе. Аднак правамернасць вызначэння межаў С.в. як 5—15 ст. ў дачыненні да гісторыі Беларусі аспрэчваецца ў навук. л-ры.

Асн. прыкметамі С.в. прынята лічыць існаванне васальна-леннай сістэмы (гл. Васалітэт) і феадалізму як асаблівага тыпу грамадскага ладу. Эпоху характарызавалі панаванне натуральнай гаспадаркі і падзеленасць свету на мноства малых, практычна аўтаномных гасп. рэгіёнаў, а таксама поўная перавага рэліг. светапогляду. Паколькі ў гаспадарцы, формах грамадскага жыцця і асабліва ў менталітэце С.в. вызначалі еўрап. культуру і пасля 16 ст., прадстаўнікі «школы «Аналаў» увялі канцэпцыю «працяглага сярэдневякоўя», згодна з якой С.в. доўжыліся да 18—19 ст.

Літ.:

Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр. М., 1992;

Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // Бел. гіст. агляд. 1997. Сш. 1—2;

Dinzelbacher R. Sachwörterbuch der Mediávistjk. Stuttgart, 1992;

Sauer H. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Berlin. 1993. Bd. 6;

Goetz H.-W. Moderne Mediavistik: Stand und Perspektiven der Mittelalterschung. Darmstadt, 1999.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́ВЕДЗЬ, пакаянне,

адно з 7 хрысціянскіх таінстваў, якое заключаецца ў прызнанні вернікам сваіх грахоў перад святаром, які дазвольнымі (магічнымі) словамі ад імя Ісуса Хрыста адпускае грахі хрысціяніну, што шчыра пакаяўся. У 2—3 ст. у хрысц. абшчынах склалася дэталёвая рэгламентацыя пакаяння за розныя катэгорыі праграшэнняў (смяротныя, прабачальныя) перад абшчынай (публічная С.). Звычай публічнай С. існаваў да 7 ст., пазней пачала пераважаць індывід. тайная С. перад святаром. Формула абавязковай тайнай С., прадпісаная IV Латэранскім саборам (1215) і зацверджаная Трыдэнцкім саборам (1545—63), прадугледжвала неабходнасць пакаяння для ўсіх католікаў «разумнага ўзросту» не радзей як адзін раз на год. У рус. праваслаўі тайная С. узаконена ў 17 ст. Захаванне тайны С. ўстанаўлялася ў якасці абавязковага патрабавання дэкрэтамі пап Клімента VIII і Інакенція XI, аднак некаторыя тэолагі абгрунтоўвалі магчымасць яе парушэнняў у надзвычайных выпадках. У Расіі ў 1722 царскі ўказ абавязваў святароў даносіць пра выяўленыя на С. замахі супраць дзярж. і царк. улад. С. звязана з гал. хрысц. таінствам — прычасцем (еўхарыстыяй), якому яна, як правіла, папярэднічае. Сярэдневяковыя ератычныя рухі і пратэстанты рашуча адвяргалі права святароў адпускаць грахі на С., назначаць адкупныя пакаранні, выдаваць індульгенцыі. Пратэстантызм захаваў С. толькі як традыц. царк. абрад, які выяўляе пакаянне і шкадаванне хрысціяніна пра ўчыненыя ім грахі, пазбавіўшы яго характару таінства.

т. 15, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЛЕ́ННЕ,

катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.

У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.​Лок, Б.​Спіноза, Т.​Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, І.​Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.​Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Ням. філосаф В.​Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЕРАБЕНД (Feyerabend) Пол (Пауль) Карл (13.1.1924, Вена — 11.2.1994),

аўстра-амерыканскі філосаф. Скончыў Венскі ун-т (1951). З 1962 праф. Каліфарнійскага ун-та. Аўтар прац «Суцяшэнне для спецыяліста» (1970), «Супраць метадалагічнага прымусу: Нарыс анархісцкай тэорыі пазнання» (1975), «Навука ў свабодным грамадстве» (1978), «Тры размовы пра навуку» (1991) і інш. Распрацаваў «анархісцкую» тэорыю пазнання, у якой абвяргаў існаванне абсалютнай ісціны, аб’ектыўнасць ведаў і наяўнасць універсальнага гнасеалагічнага метаду; прапагандаваў навук. і светапоглядны плюралізм. Гісторыю навукі разглядаў як хаатычны працэс напластавання разнастайных тэорый, таму адмаўляў прынцып пераемнасці навук. пазнання. Лічыў, што ўсе тэорыі будуюцца на розным эмпірычным матэрыяле і тэрміналогіі і таму з’яўляюцца «несувымернымі»: не могуць ні супярэчыць, ні пацвярджаць адна адну. На яго думку, прагрэс навук. ведаў патрабуе ад навукоўцаў прытрымлівання 2 процілеглых і дыялектычна ўзаемазвязаных прынцыпаў: «праліферацыі» (неабмежаванае прымнажэнне тэорый-«канкурэнтаў») і «ўпартасці» (паслядоўнае адстойванне выбранай тэорыі і катэгарычнае адмаўленне ўсіх альтэрнатыўных канцэпцый). Побач з навуковым вылучаў рэліг., міфалагічны і магічны тыпы пазнання, крытэрыем ацэнкі якіх лічыў садзейнічанне творчым здольнасцям, інтэлектуальнай і духоўнай свабодзе людзей, а не ступень дакладнасці атрыманых ведаў. Выступаў супраць «дыктатуры» навукі як афіц. ідэалогіі сучаснага грамадства і прапаноўваў разглядаць яе толькі як пэўную канцэпцыю сярод мноства іншых.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные труды по методологии науки. М., 1986.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСХАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. eschatos апошні, канцавы + ...логія),

у рэлігійных светапоглядных сістэмах вучэнне аб канчатковым лёсе свету, чалавецтва і чалавека. Адрозніваюць індывідуальную Э. — вучэнне аб пасмяротным лёсе адзінкавай чалавечай душы і універсальную, сусветную Э. — вучэнне аб мэце і прызначэнні касм. і чалавечай гісторыі, аб канцы і аб тым, што пасля гэтага будзе. Асаблівая роля ў распрацоўцы традыцыі індывід. Э. належыць стараж. Егіпту (трактоўка замагільнага жыцця як станоўчага быцця), а ў станаўленні сусв. Э. — стараж. Ізраілю, потым іудаізму (асэнсаванне ўсяленскай гісторыі як разумнага працэсу, які накіроўваецца воляй асабістага Бога). Э. фарміруецца толькі там, дзе адбываецца абгрунтаванне магчымасці пазітыўнага рашэння асабістых і ўсяленскіх лёсаў у нейкай абсалютнай перспектыве, дзе рух з мінулага ў будучыню разглядаецца як набліжэнне да канчатковай мэты светабудовы, да сканчэння часу і зліцця яго з вечнасцю. Вучэнні, якія зыходзілі з цыклічнай канцэпцыі сусв. працэсаў (напр., брахманісцкія і піфагарэйска-стаічныя дактрыны вечнага вяртання і сусв. года), не маглі стварыць Э. ў сапраўдным яе значэнні. Сама ідэя кругавароту выключае нешта канечнае: бо ў светабудовы няма ні мэты, ні абсалютнага канца. Эсхаталагічныя матывы можна выявіць у шэрагу свецкіх ідэалагічных праектыўных пабудоў новага і найноўшага часу: амер. пурытанізму, утапічнага і марксісцкага камунізму, нацысцкай міфалагемы «тысячагадовага рэйха» і да т.п.

А.​Б.​Савеня.

т. 18, кн. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎЕ ў граматыцы,

граматычная катэгорыя, якая паказвае на адсутнасць прадмета, якасных прыкмет прадмета, дзеяння або стану, а таксама слова-сказ, што перадае нязгоду з выказваннем («не»). У бел. мове асн. сродкі выражэння: часціца «не» («Ён не чытае»); часціца «ні» («На небе ні хмурынкі»); займеннікі і прыслоўі з прэфіксамі «не» («нейкі», «неяк») або «ні» («ніхто», «ніякі»); прэдыкатывы «не», «нельга», «немагчыма»; слова «не» як эквівалент адмоўнага члена сказа або яго галоўнага члена ў рэпліках, пры супрацьпастаўленні («Ён дома? — Не»); слова «няма».

Адмоўе можа быць агульнае — калі адмаўляецца ўся сітуацыя, пра якую паведамляецца ў сказе («Брат не хадзіў учора ў кіно»), і прыватнае — калі адмаўляецца толькі частка сітуацыі («Брат хадзіў учора не ў кіно», «не брат хадзіў учора ў кіно»).

Я.​М.​Камароўскі.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГСО́Н (Bergson) Анры (18.10.1859, Парыж — 4.1.1941),

французскі філосаф-ідэаліст, прадстаўнік інтуітывізму і «філасофіі жыцця». З 1900 праф. Калеж дэ Франс, з 1914 чл. Франц. акадэміі. Светапогляд Бергсона сфарміраваўся пад уплывам франц. спірытуалізму. Першаасновай свету лічыў нематэрыяльную «чыстую дзейнасць», матэрыю, час і рух — толькі формамі яе праяўлення. Інтэлектуальным метадам супрацьпастаўляў інтуіцыю як асн. метад спасціжэння ісціннага, канкрэтнага часу («працягласці»). Лічыў «адкрытае грамадства» з яго дынамічнымі мараллю і рэлігіяй неабходнай умовай далейшай эвалюцыі чалавецтва, разгортвання самога жыццёвага працэсу і творчасці. Нобелеўская прэмія 1927.

Тв.:

Écrits et paroles. Т. 1—2. Paris, 1957—59;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. 2 изд. СПб., 1913—14;

Философская интуиция // Новые идеи в философии. 1912. Сб. 1;

Длительность и одновременность: (По поводу теории Эйнштейна). Пб., 1923.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст. Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.​Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.​Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.​Мурнер, Г.​Сакс і інш.

Тв.:

Рус. пер. Корабль дураков: Избр. сатиры. М., 1984.

А.​С.​Шаўчэнка.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПНАПЕ́ДЫ́Я (ад гіпноз + грэч. paideia навучанне),

навучанне ў час натуральнага сну. Сон (натуральны і штучны) як сродак для набыцця ведаў выкарыстоўваўся яшчэ ў старажытнасці (будыйскія святары ў Кітаі, факіры і ёгі ў Індыі і інш.). Спробу практычнага выкарыстання гіпнапедыі ў навейшы час рабілі Д.​А.​Фіней (1923, ЗША), А.​М.​Свядашч (1936, СССР). Цікавасць да гіпнапедыі і імкненне надаць ёй тэарэт. абгрунтаванне аднавіліся ў 1950—60-я г. Паводле эксперым. даных засваенне інфармацыі пры гіпнапедыі залежыць ад характару памяці, узросту навучэнца, колькасці сеансаў, аб’ёму праграмы за 1 сеанс навучання, інтанацыйнай характарыстыкі мовы. Аднак гіпнапедыя не замяняе натуральны пед. працэс; яна можа быць выкарыстана для замацавання ў памяці толькі некаторых відаў інфармацыі (замежныя словы, формулы, тэлегр. азбука і інш.).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)