РЭХАВЕ́РШ,

верш, у якім сумежныя радкі зарыфмаваны рэхарыфмай. Няцотныя радкі ў ім звычайна доўгія, а цотныя — кароткія, з адна- ці двухскладовых слоў. Прыклад — жартоўны Р. «Цімох» А.​Русака:

Як правёў мяне Цімох,
 Ох, ох!
Было цёмна на дварох,
 Ох, ох!
«Ну, Цімошка, дык бывай»,
 Ай, ай!
А ён кажа: «Пачакай»,
 Ай, ай!

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНАМБУЛІ́ЗМ (ад лац. somnus сон + ambulo хаджу),

лунацізм, парушэнне свядомасці і сну, пры якім чалавек несвядома робіць шэраг дзеянняў, не абумоўленых сітуацыяй (напр., ходзіць). Часцей бывае ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Пры С. захоўваецца каардынацыя рухаў, назіраецца амнезія. С. — выяўленне павышанай эмацыянальнай узбудлівасці, эпілепсіі, істэрыі і інш. хвароб. Лячэнне: ліквідацыя першасных хвароб.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ, серыялізм (ад ням. serielle Musik),

у музыцы — від серыйнай тэхнікі, пры якім серыйны прынцып распаўсюджваецца больш чым на 1 параметр муз. кампазіцыі: вышыню, рытм, агогіку, тэмп і інш. Звязана з новай арганізацыяй муз. «прасторы-часу». Элементы С. сустракаюцца ў творах Л.​Берыо, А.​Веберна, Э.​Дзянісава, Л.​Нона, К.​Штокгаўзена.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІТУА́ЦЫЯ (ад позналац. situatio становішча),

1) сукупнасць абставін, якія ствараюць пэўнае становішча, што патрабуе таго ці інш. рэагавання; таксама становішча, у якім хто-н. знаходзіцца.

2) У картаграфіі С. наз. сукупнасць адлюстраваных на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў, дарожнай сеткі і інш. асаблівасцей мясцовасці.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́ЛА,

народны сход у стараж. Спарце. Фармальны вышэйшы орган улады, у якім удзельнічалі ўсе паўнапраўныя грамадзяне, якія дасягнулі 30-гадовага ўзросту. Апела склікалася штомесячна, выбірала назіральнікаў (эфораў) і членаў савета, прымала рашэнні аб абвяшчэнні вайны, заключэнні ці скасаванні міжнар. дагавораў; галасавалі крыкам. Рашэнні апелы адмяняліся, калі савет старэйшын герусія ці цар прызнавалі іх шкоднымі для дзяржавы.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРТУ́РА (ад лац. apertura адтуліна),

дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.

Вуглавая апертура (α) аптычнай сістэмы.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ЛІ, качэлі, гушкалка,

прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы. Звычайна рабілі ў месцах, дзе збіралася моладзь у час адпачынку і святаў (абавязковыя на масленіцу). На ўкапаных у зямлю слупах мацавалі папярочку, да якой на жэрдках, металічных кольцах, скураных рамянях ці вяроўках падвешвалі шырокую дошку, на яе станавіліся ці садзіліся і гушкаліся. У наш час робяць невялікія арэлі для дзяцей.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТМА́ЙСТАР (ням. Ballettmeister),

аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык балетаў, канцэртных танцавальных нумароў, танц. сцэн і асобных танцаў у оперы, драм. спектаклі, аперэце, мюзікле і інш. Творчасць балетмайстра рэалізуецца майстэрствам танцоўшчыкаў з улікам іх індывід. здольнасцяў. Можа выступаць і аўтарам сцэнарыя (лібрэта) твора, у якім ідэйная канцэпцыя ўвасабляецца ў сістэме харэагр. вобразаў. Балетмайстра — аўтара арыгінальнага харэагр. тэксту наз. таксама харэографам.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРАМА́Т (ад грэч. achromatos бясколерны),

аб’ектыў, у якім выпраўлена сферычная і часткова храматычная аберацыя. У залежнасці ад прызначэння ахрамата храматычную аберацыю выпраўляюць толькі для 2 пэўных даўжыняў хваляў, напрыклад у візуальных прыладах — для жоўтага і зялёнага прамянёў, у фатаграфічных — для блакітнага і фіялетавага. Ахрамат выкарыстоўваюць у дальнамерах, біноклях, фотаапаратах, мікраскопах і інш. Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм.

т. 2, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ МУЗЕ́ЙНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Створана ў 1995 у г. Браслаў на базе Браслаўскага краязнаўчага музея і Дома рамёстваў, у якім працуюць класы па ткацтве, ганчарстве, салома- і лозапляценні, ствараецца экспазіцыя традыц. рамёстваў Браслаўшчыны. У складзе аб’яднання клуб нар. майстроў, выставачная зала, гарадзішча Замкавая Гара, а таксама музеі прыроды і этнаграфіі, земляробства і млынарства, якія ствараюцца ў Браславе.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)