ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпертэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАНАЛІ́ЕЎ (Джумаш) (10.5.1923, с. Атуз-Уул Ак-Суйскага р-на Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 25.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Наводчык кулямёта яфрэйтар Асаналіеў 24.6.1944 адзін з першых пераправіўся цераз Зах. Дзвіну каля в. Лабейкі Сіроцінскага р-на (цяпер у Шумілінскім раёне); калі загінуў разлік кулямёта, адзін адбіваў атакі ворага; акружаны фашыстамі, апошняй гранатай падарваў іх і загінуў сам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́НЫ, абарыгены,
арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі ўзніклі ў пэўнай мясцовасці і жывуць у ёй і цяпер. Звычайна складаюць стараж. ядро якой-н. флоры ці фауны, напрыклад качканос і эўкаліпт — аўтахтоны Аўстраліі, мурашкаеды, ляніўцы, дзікая бульба — аўтахтоны Паўд. Амерыкі. Выкапнёвыя аўтахтоны ўваходзяць у склад арыктацэнозаў. На Беларусі да аўтахтонаў належаць б.ч. выкапнёвых раслін і беспазваночных з адкладаў фанеразою; у сучаснай фауне і флоры не адзначаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб.цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАДО́Р (Apollodōros) з Дамаска, старажытнарымскі архітэктар і інжынер пач. 2 ст. Пабудаваў грандыёзны ансамбль форума Траяна ў Рыме (111—114), будынкі бібліятэк і знакамітую калону Траяна, абвітую стужкай рэльефаў на тэму паходу Траяна ў Дакію. Апаладор прыпісваюць аркі Траяна ў гарадах Анкона (пасля 115) і Беневента. Сярод работ, якія не захаваліся, — мост цераз Дунай каля г. Дробета (цяпер у Румыніі), адэон, цырк і тэрмы Траяна ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ЎСКІ (Адам) (1889, фальварак Талочкі Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Саколкаўскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 18.11.1937),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т; працаваў суддзёй у Саколцы, адвакатам у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, заснавальнік «Асветнага таварыства беларусаў» у Варшаве (дзейнічала ў 1930-я г.). Аўтар сцэнічнага абразка «Сваты», які ставілі многія самадзейныя драм. гурткі ў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1890 (арх. А.Кляменцьеў). Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Гал. і бакавыя фасады вылучаны 3 рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі ў завяршэнні; іх паверхні багата дэкарыраваны рустыкай, паўцыркульнымі нішамі, канелюраванымі калонкамі і інш.Цяпер у будынку маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ун-та і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́НДА,
феадальная дзяржава ў 16—17 ст. у Індыі. Утворана ў 1512 у выніку распаду Бахманідскага султаната. Заснавальнік Кулі Кутб-шах, былы бахманідскі намеснік у Варангале, сталіца — крэпасць Галконда, з 1589 — г. Бхагнагар (пазней перайменаваны ў Хайдарабад). Была багатай дзяржавай, мела развітыя ткацкія рамёствы, гарнарудныя промыслы (асабліва здабыча і апрацоўка алмазаў). У 1687 далучана да дзяржавы Вялікіх Маголаў. Цяпер у складзе штата Андхра-Прадэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БАН ((Gibbon) Эдуард) (8.5.1737, Патні, цяпер у межах Лондана — 16.1.1794),
англійскі гісторык. Асн. праца — «Гісторыя заняпаду і разбурэння Рымскай імперыі» (Т. 1—6, 1776—88). Заснавана на дэталёвым вывучэнні крыніц, змяшчае паліт. гісторыю Рым. імперыі і Візантыі з канца 2 ст. да 1453 (падзенне Канстанцінопаля) з экскурсамі ў гісторыю зах.-еўрап. сярэдневякоўя і Расіі. У яго творах знайшлі адлюстраванне ідэі асветніцкай філасофіі 18 ст.