традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Зах. Палесся. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл. Яму ўласцівы серабрыста-белая каларыстычная гама, стрыманае аздабленне натыканнем, вышыўкай і карункамі, якія падкрэслівалі чысціню тонкага накрухмаленага палатна. Жаночы летні гарнітур існаваў у 2 варыянтах: кашуля, спадніца-андарак, фартух, кабат (неабавязковая частка гарнітура), намітка; спадніца-палатнянік, кашуля (потым блуза), фартух, чапец з хусткай. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з адкладным або стаячым каўняром. Арнамент — гладкія пункцірныя ў выглядзе шахматнага поля вузкія пасачкі чырвонага, чырвона-чорнага натыкання на рукавах, грудзях і плечавых устаўках. Фартух шылі з 1 полкі, кроенай на ўтку або з 3(4) полак, кроеных па аснове, аздаблялі паліхромнай расліннай арнаментыкай, карункамі. Гладкія пункцірныя лініі арнаменту размяшчаліся паралельна лініі нізу або краёў бакавіц, утвараючы малюнак палос ці клетак з буйным рапортам. Андарак кроілі з 4 полак аднатоннай ці ў паскі баваўнянай тканіны чырв., фіялетава-сіняга колераў; спадніцу — з белага палатна, падол яе аздаблялі чырвонымі вузкімі паскамі натыкання. Кабат выраблялі з даматканага цёмна-карычневага (радзей сівога) прываленага сукна; кроілі без рукавоў (накшталт гарсэта) і з рукавамі (накшталт курты). Галаўныя ўборы жанчын — намітка, аздобленая жывымі або штучнымі кветкамі, чапец, ажурна выплецены з ільняных ці баваўняных белых нітак (завязваўся на саламяную каробачку ці тканку), белая хустка з паліхромнай вышыўкай на адным рагу.
Мужчынскую кашулю кроілі з плечавымі ўстаўкамі, падпяразвалі шырокім плеценым поясам-ручніком чырвона-бурачковага колеру з мноствам дробных кутасікаў на канцах. Летам насілі саламяныя брылі, абвязаныя паверху ўзорыстай тасьмой, зімой — круглыя шапкі з шэрага ці блакітнага сукна і з чорным аўчынным аколышам. Дапаўнялася мужчынскае адзенне скураною кайстрачкай-калітой (насілі на раменьчыку цераз плячо або падвешвалі да пояса), скураным чэхлікам для ножыка.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Пінска-Івацэвіцкі строй. Жанчыны ў традыцыйным адзенні з чапцамі. Вёска Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ РАЁН,
на ПнУ Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3 тыс.км². Нас. 50,1 тыс.чал. (1995). Сярэдняя шчыльн. 16,7 чал/км². Цэнтр — г.Барысаў, 305 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Аздзяціцкі, Бродаўскі, Весялоўскі, Вяляціцкі, Глівінскі, Забашавіцкі, Зачысценскі, Зембінскі, Іканскі, Карсакавіцкі, Кішчынаслабодскі, Лошніцкі, Майсееўшчынскі, Мётчанскі, Мсціжскі, Навасёлкаўскі, Неманіцкі, Перасадскі, Прыгарадны, Траянаўскі, Хаўхоліцкі, Чарневіцкі.
Тэр. раёна займае паўн.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўд.ч. Верхнебярэзінскай нізіны і ПнУ Мінскага ўзвышша. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 260 м (каля в. Дзядзілавічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 647 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 дзён. Гал. рака — Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Пліса, Рова (справа), Сха, Мужанка, Бобр (злева). На Пнвоз. Палік. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 54% тэрыторыі; вял. масівы на Пн і З; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Агульная пл. балотаў 12 тыс.га, балотныя масівы — Цна, Карма, Лісінскае і інш. У межах раёна — паўд.ч.Бярэзінскага біясфернага запаведніка і біял. заказнік Чэрнеўскі.
Пад с.-г. ўгоддзямі 102,7 тыс.га, з іх асушаных 23,5 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 21 калгас і 8 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства, пашыраны пасевы збожжавых, кармавых культур, бульбы і гародніны. Птушкагадоўля. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), металаапр. і харч. (крухмал, кансервы) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Орша і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі на Плешчаніцы, Беразіно, Бягомль. Суднаходства па Бярэзіне. У раёне 27 сярэдніх, 8 базавых, 10 пачатковых і 1 спарт. школы, 37 дашкольных устаноў, 52 бібліятэкі, 43 клубныя ўстановы, 2 паліклінікі, 4 амбулаторыі, раённая і 9 сельскіх участковых бальніц. Помнікі прыроды: геал. разрэз Мурава, Барысаўскае лесанасаджэнне. Помнікі архітэктуры: цэрквы 2-й пал. 19 ст. ў вёсках Бытча і Зембін, касцёл пач. 19 ст. ў в. Зембін, царква 19 — пач. 20 ст. ў в. Зорычы. Мемар. комплекс у гонар перамогі рус. войскаў над Напалеонам пры пераправе церазр. Бярэзіна ў 1812 (каля в. Брылі). Выдаецца газ. «Адзінства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Я (араб.Аль-Іскандарыя),
горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн.ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца 4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл.цэнтр.Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш.Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.
Засн. ў 332—331 да н.э.Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст.н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст.н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.
Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч.арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).
Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц.скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац.б-ка.
Набярэжная ў Александрыі.Александрыя. Мячэць Аль-Каід Ібрагім Машэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМСТЭРДА́М (Amsterdam),
горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс.ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн.т марскіх і больш за 16 млн.т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал.гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.
Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны церазр. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.
Ф.С.Фешчанка.
Амстэрдам. Плошча Дам.Цэнтральная частка Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭН (Dresden),
горад на У Германіі, на р. Эльба. Адм. ц. зямлі Саксонія. 519,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 600 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: эл.-тэхн. (трансфарматары, халадзільнікі, цеплатэхн. і вакуумнае абсталяванне), радыёэлектронная (асабліва паўправаднікі), прылада-буд., аптычная (вытв-сць кіна- і фотаоптыкі), паліграф., трыкат., швейная, абутковая, мэблевая, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, піваварная, шакаладная і інш.), дакладнае машынабудаванне (рэнтгенаўскія апараты, кіна- і фотаапаратура), вытв-сць станкоў, рачных суднаў, хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Традыцыйная вытв-сць фарфоравых і шкляных вырабаў. Тэхн.ун-т. Цэнтр ядз. даследаванняў.
Першапачаткова вёска палабскіх славян (наз. Дрэздзаны). Горад засн. ў 1216 у ходзе герм. каланізацыі, з 1403 меў гар. правы. З 1485 рэзідэнцыя герцагаў альберцінскай лініі саксонскага княжацкага роду Ветынаў. Месца заключэння Дрэздэнскага міру 1745. Акупіраваны прускімі войскамі (1756—59) і значна разбураны ў Сямігадовую вайну 1756—63. З 1806 сталіца Саксоніі. У перыяд напалеонаўскіх войнаў каля горада адбылася Дрэздэнская бітва 1813. Значныя сац. хваляванні ў час рэвалюцый 1830, 1848—49 і рэв. крызісу 1923 у Германіі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны бамбардзіроўкамі англа-амер. ВПС. З мая 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. У 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі, з 1990 — аб’яднанай ФРГ.
Аблічча Д. вызначаюць паркі (палацава-паркавы ансамбль Пільніц, 1720—24; арх. М.Д.Пёпельман) і масты цераз Эльбу, што злучаюць Стары горад з Новым, забудаваным пераважна ў 19—20 ст. У Старым горадзе захавалася адносна правільная сярэдневяковая сетка вуліц з цэнтр.пл. Постплац. Замак (засн. каля 1200, пабудаваны ў 15—19 ст.) разам з прылеглай сярэдневяковай і барочнай забудовай стварае ядро «Фронту Эльбы» (тэрасу Бруля). Сярод інш. славутасцей барочны палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22, арх. Пёпельман), царква Гофкірхе (1738—56, арх. Г.К’яверы), будынак Дрэздэнскай карціннай галерэі і інш. Амаль цалкам адноўлены пасля 2-й сусв. вайны. Музеі: Дрэздэнская карцінная галерэя, гіст. музей, Збор фарфору «Зялёны звод» (калекцыя саксонскіх ювелірных вырабаў), Музей нар. мастацтва і інш.
Дрэздэн. Панарама горада.Да арт.Дрэздэн. Б.Белота. Плошча Новага рынку ў Дрэздэне. 1749—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬН (Köln),
горад на З Германіі, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. 956 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт К. — Бон. Важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкое, с.-г., эл.-тэхн., аўтамабілебудаванне («Форд-Верке»), трактара-, лакаматыва- і суднабудаванне; нафтаперапр. і нафтахім., тэкст., швейная, парфумерная, папяровая, харчасмакавая (тытунёвая, сыраробная, мукамольная). Цэнтр буравугальнага басейна. Метрапалітэн. Кёльнскі універсітэт. Кансерваторыя. Оперны т-р, філармонія, 2 сімф. аркестры.
Узнік з рым.ваен. лагера, засн. каля 38 да н.э. (з 50 н.э.рым. калонія) на месцы паселішча герм. племя убіяў. У 3 ст.н.э. тут узніклі хрысц. абшчыны. З канца 8 ст. значны рэліг. цэнтр (рэзідэнцыя епіскапа, пазней архіепіскапа), буйны горад сярэдневяковай Германіі (12 брам, больш за 80 вежаў), адзін з вядучых гарадоў Ганзы. У 1388 засн.Кёльнскі універсітэт. У выніку паўстання гараджан 1370—96 скасавана ўлада патрыцыяту. У 1794 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 у складзе Прусіі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё (банкі, страхавая справа, металургія, машынабудаванне, хім.прам-сць, эксплуатацыя параходаў і чыгунак). Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны (да 1926) брыт. войскамі. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны, пасля вайны ў брыт.акупац. зоне. З 1949 у складзе ФРГ.
Сярод помнікаў раманскія цэрквы Санкт-Панталеон (964—980, дабудоўвалася ў 1150—1503), Санкт-Георг (1059—1188), Санкт-Марыя-ім-Капітоль (1067—1250), гатычныя Кёльнскі сабор, цэрквы Мінарытэнкірхе (пасля 1248—1408), Санкт-Урсула (асвячона ў 1287), Антанітэркірхе (14 ст.; у інтэр’еры скульптура Э.Барлаха «Анёл смерці», 1927, 2-я адліўка 1938), Петэрскірхе (каля 1515—30, у інтэр’еры «Распяцце Пятра» П.П.Рубенса, 1640), ратуша (1350—70), барочныя цэрквы Узнясення Марыі (1618—27, арх. К.Вамзер), Марыі Міру (1643—1716), Марыі-індэр-Купфергасе (1705—15). Найб. значныя пабудовы 20 ст.: фабр. і адм. будынкі на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» (1914, арх. В.Гропіус, А.Маер), Новы мост церазр. Рэйн (1950, арх. Г.Ломер), з-д Форда (1957, П.Ф.Шнайдэр), драм.т-р (1959—65, арх. В.Рыпхан). У К. музеі: маст. рамяства, Кунстгале, усх.-азіяцкага мастацтва, рым.-германскі, Шнютгена, Вальраф-Рыхарц і інш.
Літ.:
Солодкова Л.И. Ранний Кёльн: соц.-экон. развитие и освободительная борьба горожан XI—XIII вв. Саратов, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.
М.А.Ткачоў.
Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫКС (Аскар Пятровіч) (20.12.1890, г. Львоў, Украіна — 24.6.1976),
бел. мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў бел.прафес. дэкарацыйнага мастацтва. Нар. мастак Беларусі (1961). Скончыў Пражскую акадэмію выяўл. мастацтваў (1912), вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў (1912—14), у Вене і Львове. З 1920 у Мінску. У 1921 мастак, у 1922—29 і 1934—39 гал. мастак БДТ-1, у 1929—34 мастак т-раў Смаленска, Ноўгарада, Ташкента, у 1940—46 — Бел.т-ра імя Я.Коласа. Выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1949—62), афармляў спектаклі ў бел. т-рах. Дэкарацыі вызначаліся вобразнасцю, кампазіц. выразнасцю, стылёвай своеасаблівасцю, глыбокім веданнем эпохі, таленавітай інтэрпрэтацыяй бел.фалькл.-этнагр. матываў. Асн. работы: у БДТ-1 — «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1921), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» (абедзве 1923), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Каваль-ваявода» (1925) Е.Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча (1929), «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага (1936), «Салавей» З.Бядулі (1937); у Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай — «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939); у т-ры імя Я.Коласа — «Здані» Г.Ібсена, «Лекар паняволі» Мальера (1940), «Проба агнём» К.Крапівы і «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Заложнікі» А.Кучара (1944, з Я.Нікалаевым), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі (1940) і «Дзядзька Ваня» Чэхава (1949); у Пінскім абл.драм. т-ры — «Несцерка» Вольскага (1946); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — опера «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1936), балет «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1947) і інш., эскізаў дэкарацый («Разбойнікі» Шылера, 1956, і інш.). Аўтар графічных серый «Помнікі дойлідства Беларусі» (1944—61), «Беларускае адзенне» (1950-я г.), «Беларусь старажытная» (1972—76), пано «Уладзімір Полацкі» (1944), «Пераправа Уладзіміра Полацкага цераз Дзвіну» (1945), вітражоў «Папараць-кветка», «Клён», Бярозка» (усе 1966), «Восень» (1967), чаканак «Лірнік», «Сказ пра Машэку» (абедзве 1967), «На Купалле», «Лясная песня» (абедзве 1970), дэкар. пано «Восень» (1968), «Макі», «Нацюрморт» (абодва 1970), вышытага пано «Лявоніха» (1940, з В.Волкавым; не збераглося) і інш. Пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты.
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў [Альбом]. Мн., 1989;
Часнова Р. Марыкс // Тэатр. Беларусь. 1992. № 6.
Л.А.Марыкс.
А.П.Марыкс.А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да п’есы «Разбойнікі» Ф.Шылера. 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТА («Otto»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.К.Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.М.Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца церазр. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс.чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.