паляпшэнне кармавой базы ў месцах пражывання дзікіх жывёл і птушак у неспрыяльныя перыяды. Праводзіцца пераважна ў заказніках і запаведніках і інш. Садзейнічае зберажэнню і павелічэнню колькасці каштоўных паляўнічых і ахоўных жывёл, паляпшае магчымасці ўзнаўлення іх папуляцый. Адрозніваюць комплексную (у кармах ёсць усе пажыўныя кампаненты) і спецыфічную (кампенсуе нястачу ў прыродных кармах асобных рэчываў). Характар і памеры П.ж. залежаць ад відавога складу і колькасці жывёл, ураджаю і даступнасці прыродных кармоў. Для жывёл выкарыстоўваюць сена, зерне, караняплоды, камбікармы, для птушак — адходы зерня. На Беларусі падкормліваюць аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, лісоў, шэрых курапатак, сініц і інш.
Да арт.Падкормка жывёл. Тыпы падкормачных столікаў для птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш.Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пружанская кераміка. А.Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТКЕ́ВІЧ (Аляксей Міхайлавіч) (н. 30.3.1931, в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, краязнавец. Канд.філал.н. (1963), праф. (1994). Скончыў БДУ (1954). З 1957 працуе ў Гродзенскім ун-це. Даследуе праблемы сучаснай прозы і паэзіі, творчасць бел. пісьменнікаў Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага. асветніцкі рух у Беларусі 19—20 ст., асаблівасці культуры Гродзеншчыны і інш. Аўтар манаграфіі «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар» (1981), сааўтар «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), зб. «Наднёманскія былі» (1968). Культуры Гродзеншчыны прысвечаны кн. «Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́ЛЛІ,
старадаўнія вясенне-летнія святкаванні-ігрышчы і заклінальныя абрады ў славян, звязаныя з аграрнай міфалогіяй і культам продкаў. Назва паходзіць ад стараж.-рым. свята руж (Rosaria, Rosalia), прыйшла ад паўд. славян. Р. прыпадалі на перыяд росквіту расліннасці — Сёмуху і Купалле, ад гэтага месяц чэрвень наз. «русальным». Р. мелі відовішчны характар, суправаджаліся русальнымі песнямі, гульнямі, выступленнямі скамарохаў, танцамі, музыкай, пераапрананнем. Дзяўчына ў рытуальным танцы на Р. паказана на мініяцюры ў Радзівілаўскім летапісе (13 ст.). Рэшткі Р. захаваліся на Беларусі ў выглядзе абраднасці на Сёмуху і ў наступны, «русальны», тыдзень (памінанне бацькоў, завіванне бярозкі і вянкоў на Магілёўшчыне), у вераваннях пра русалку, у карагодах, а таксама ў святкаванні Купалля.
французскі жывапісец; вядучы майстар барбізонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Ш.Рэмона і Г.Лецьера. Зазнаў уплывы Я. ван Ройсдала, Дж.Констэбла, К.Ларэна. З 1830-х г. жыў у Барбізоне. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, паказаў самабытны характарнац. ландшафту пры розным стане прыроды і святлопаветранага асяроддзя. Творы вызначаюцца ўраўнаважанасцю і манументальнасцю кампазіцыі, стрыманым каларытам, адчуваннем матэрыяльнасці свету: «Кірмаш у Нармандыі» (каля 1832), «Алея каштанаў» (1837), «Балота ў Ландах», «Дубы» (абодва каля 1852), «Від у Барбізоне» і інш. Аўтар малюнкаў і афортаў.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З,
прафесіянальна-палітычная арг-цыябел. настаўнікаў. Засн. 25.5.1907 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Мэта: рэарганізацыя сістэмы асветы для ўздыму грамадз. самасвядомасці і культуры народа. Выступаў за свецкі характар асветы, адмену саслоўных, нац. і рэліг. абмежаванняў у сферы адукацыі, перадачу школьнай справы ў распараджэнне настаўніцкіх саветаў, перавод пач. навучання на бел. мову (пры захаванні вывучэння рус. і інш.мясц. моў), увядзенне бел. і інш.мясц. моў у праграмы настаўніцкіх семінарый, паляпшэнне матэрыяльнага і культ. становішча настаўнікаў. Ва ўмовах рэакцыі пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 спыніў дзейнасць. Адноўлены ў час 1-й сусв. вайны намаганнямі І.Луцкевіча, аднак забаронены герм.акупац. ўладамі.