ЛУСТО́ Міхаіл Васілевіч (21.9.1921, г. Магілёў — 16.3.1979),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Армавірскую ваен.авіяц. школу пілотаў (1942), акадэміі Ваен.-паветр. (1954) і Генштаба (1961).
У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы 1943, баёў на Украіне, у Малдове, Румыніі, Польшчы, Германіі. Лётчык, камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяц. палка ст. лейтэнант Л. зрабіў 251 баявы вылет, правёў 49 паветр. баёў, збіў 20 самалётаў праціўніка. Да 1974 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РГАРАД,
горад на Украіне, у Палтаўскай вобл., на р. Харол (бас.р. Дняпро). Засн. ў 1575. Каля 50 тыс.ж. (1998). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў і металаапр. прам-сці. Здабыча і разліў мінер. вады. Музеі: краязнаўчы і літ.-мемар. Д.Гурамішвілі. На ўскраіне горада бальнеагразевы курорт. Размешчаны ў лесастэпавай зоне. Клімат умерана кантынентальны. Асн.лек. фактары — мінер. хларыдныя натрыевыя воды (мінералізацыя да 3 г/л) і тарфяныя гразі. Мінер. воды выкарыстоўваюць пры лячэнні хвароб органаў стрававання, абмену рэчываў, торф — для гразевых аплікацый; таксама электралячэнне, масаж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУБО́ЦКАЯ ГРАМАДА́ (ад укр. парубок — хлопец, халасцяк),
аб’яднанне, саюз нежанатай моладзі на ПдЗ Беларусі і на Украіне; перажытак старадаўніх мужчынскіх саюзаў, у якім зберагліся сляды першабытнага калектывізму. Існавала да пач. 20 ст. У П.г. прымалі хлопцаў з 17—18-гадовага ўзросту. Унутры саюза існавалі звычаі і няпісаныя правілы паводзін у адносінах да сваіх сяброў і дзяўчат-аднавясковак. За ўступленне ў П.г. браўся невялікі грашовы ўзнос. Мела агульную касу, выбарнага атамана, месца зборышчаў (на вуліцы, ігрышчах, вячорках). Адыгрывала пэўную ролю ў грамадскім жыцці вёскі, карысталася прызнаннем бацькоў, сельскай грамады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎ, План,
рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р. Сцвіга (бас.р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯПРО́ЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПдУсх.-Еўрап. раўніны паміж сярэднім цячэннем рэк Дняпро і Паўд. Буг, на Украіне. Выш. каля 200 м на Пн, 150 м на Пд, найб. — 323 м. У фундаменце П.ў. — Украінскі крыштал. масіў, пароды якога ўкрыты глінамі, пяскамі, лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Плоскія водападзелы чаргуюцца з глыбокімі (да 60—80 м), часта каньёнападобнымі далінамі рэк і яроў. Паўн.ч. П.ў. ўваходзіць у лесастэпавую зону, Паўд. — у стэпавую. Большая частка ўзарана. Развіты збожжавая гаспадарка, жывёлагадоўля, садаводства. Радовішчы жал. (Крыварожскі жалезарудны басейн) і марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФАЛО́ВІЧ Аляксандр Міхайлавіч (20.8.1898, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 2.6.1971),
генерал-лейтэнант авіяцыі (1944). Скончыў школу паветр. флоту (1921), Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1936). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Зах. фронце. З 1939 і ў 1946—50 выкладчык Ваенна-паветр. акадэміі. У Вял.Айч. вайну нач. штаба ВПС 12-й і камандуючы ВПС 6-й армій Паўд.-Зах. фронту, нач. паветрана-стралк. службы ВПСЧырв. Арміі. Удзельнік баёў на Украіне, Барвенкава-Лазоўскай аперацыі, баёў пад Харкавам. 1946—50 на выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРЧКО́Ў Мікіта Іванавіч (н. 30.4.1916, в. Трафіменкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Рыбінскі аэраклуб (1936), Балашоўскую ваен. школу пілотаў (1940). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Сталінградскім, Варонежскім, 1-м, 2-м, 3-м Укр. франтах камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік баёў пад Масквой, Варонежам, Курскай бітвы, на Украіне, у Румыніі, Югаславіі, Венгрыі. Капітан С. да снеж. 1944 зрабіў 196 баявых вылетаў. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1991 на адм. і сав. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Дуброўна Аршанскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ЧКА Іван Іванавіч (н. 10.10.1919, в. Пажарышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946), Ваен.артыл. камандную акадэмію (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд., 1-м і 4-м Укр. франтах, удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Украіне, у Польшчы. Камандзір узвода процітанк. гармат мал. лейтэнант С. вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы каля г. Сандамір.(Польшча) і абароне плацдарма. Да 1970 у Сав. Арміі, да 1994 на адм. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУСКАВЕ́Ц,
горад на Украіне, у Львоўскай вобл., у перадгор’ях Карпат. Вядомы з 1462, горад з 1948. Каля 40 тыс.ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. З-д па разліве мінер. вады. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Бальнеалагічны курорт. Засн. ў 1827 (першая бальнеалячэбніца). Клімат умерана кантынентальны. Асн. прыродны лек. фактар — мінер. крыніцы з хларыдна-сульфатнанатрыевымі водамі на піццё, ванны, інгаляцыі. Найб. вядомая вада «Нафтуся» (гідракарбанатна-кальцыева-магніевая слабамінералізаваная з высокім утрыманнем арган. рэчываў). Лечаць хваробы нырак, страўніка, печані і жоўцевых шляхоў, парушэнні абмену рэчываў. Санаторыі, пансіянаты, курортная паліклініка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬСКАЯ АЭС,
першая атамная электрастанцыя на Украіне. Буд-ва пачалося ў 1971 каля г.Чарнобыль (адсюль назва), 1-ы і 2-і энергаблокі здадзены ў эксплуатацыю ў 1977. Мела 4 блокі на гетэрагенных водаграфітавых ядзерных рэактарах на цеплавых нейтронах тыпу РБМК агульнай магутнасцю 4000 МВт (1985). Пасля аварыі 1986 (гл.Чарнобыльская катастрофа 1986) эксплуатацыя і далейшае буд-ва станцыі спынена.