ПЯРУ́Н,

вобраз стараж. міфалогіі слав. народаў; вярхоўнае язычніцкае бажаство ўсх. славян., бог грому і маланкі. Падобны да стараж.-грэчаскага бога Зеўса і стараж.-рым. Юпітэра. У стараж. славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў П. названы першым. У гонар П. будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некат. выяўлены на Беларусі). Ідалы П. былі пастаўлены ў Кіеве (побач з Дажбогам) і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыі і рысы П. нададзены Ільі.

Паводле стараж. бел. павер’яў П. трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі, як стрэлы. Лічылі, што П. накіроўвае свае ўдары супраць дэмана Жыжаля, пазней — супраць чорта. Рэлігійнае значэнне вобраз П. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ГАС (Rigas) Велестынліс, Рыгас Ферэас [сапр. Кірыязіс (Kiriazis) Антоніяс; каля 1757, г. Велестынан, Грэцыя — 24.6.1798], адзін з заснавальнікаў грэч. нац.-вызв. руху супраць тур. панавання, паэт. Скончыў вучылішча ў Фесаліі, быў нар. настаўнікам. З 1774 жыў у г. Стамбул, каля 1782—1796 — у Валахіі. У 1796—97 заснаваў у Вене тайнае грэч. рэв. т-ва («Этэрыя» Рыгаса Велестынліса). Выступаў за аб’яднанне ўсіх балк. народаў для барацьбы супраць тур. панавання, прапаноўваў план стварэння дэмакр. «Грэчаскай рэспублікі» на тэр. Балканскага п-ва і М.​Азіі. У снеж. 1797 пры вяртанні ў Грэцыю арыштаваны аўстр. паліцыяй і выдадзены тур. уладам. Пакараны смерцю ў Бялградзе. Мужнай лірыцы Р. (вершы «Усход і Захад», «Палымяны гімн») уласцівы патрыятызм, антытур. скіраванасць. Ідэі Р. былі ўспрыняты дзеячамі «Філікі этэрыі» (1814—21). Грэч. народ шануе Р. як нац. героя.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЬ ((Riel) Луі) (23.10.1844, г. Сент-Боніфейс, Канада — 16.11.1885),

палітычны дзеяч Канады. Вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Манрэалі (1858—65). У 1869 узначаліў антыбрыт. паўстанне ў даліне р. Рэд-Рывер, стаў сакратаром нац. к-та метысаў, які кіраваў барацьбой фермераў супраць захопу іх зямель федэральнай уладай. Аўтар біля пра самакіраванне і статус правінцыі для тэр., якая належала англ. кампаніі Гудзонава праліва. У снеж. 1869 паўстанцы выбралі Р. прэзідэнтам часовага ўрада. У жн. 1870 карная экспедыцыя задушыла паўстанне, Р. эмігрыраваў у ЗША. У 1873—74 насельніцтва прав. Манітаба тройчы выбірала Р. ў парламент Канады, куды ён не быў дапушчаны. У сак. 1885 Р. узначаліў паўстанне пасяленцаў-метысаў і індзейцаў даліны р. Саскачэван супраць чыг. кампаній і федэральных улад. У 1885 пасля задушэння паўстання паводле прыгавору суда павешаны.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАШЧО́Ў (Якаў Аляксандравіч) (24.12.1885, С.-Пецярбург — 11.1.1929),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1920). Скончыў Акадэмію Генштаба (1911). Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. У грамадз. вайну 1918—20 у добраахвотніцкай арміі А.​І.​Дзянікіна камандаваў брыгадай, Чэчэнскай коннай дывізіяй, дзейнічаў супраць войск Н.​І.​Махно. Са снеж. 1919 камандзір 2-га армейскага корпуса, кіраваў абаронай Крыма (студз.—крас. 1920). У жн. 1920 з-за рознагалоссяў з П.​М.​Урангелем зняты з пасады камандзіра корпуса. Пасля эвакуацыі ў Турцыю белагвардзейскіх войск выступіў у друку супраць Урангеля, паводле загаду якога асуджаны і разжалаваны ў радавыя. Увосень 1921 з дазволу сав. ўрада з групай афіцэраў вярнуўся ў Сав. Расію, амнісціраваны. Служыў у Чырв. Арміі. Правобраз генерала Хлудава ў п’есе М.​Булгакава «Бег».

Тв.:

Белый Крым, 1920: Мемуары и док. М., 1990.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЕСП’Е́Р ((Robespierre) Максімільен Франсуа Мары Ізідор дэ) (6.5.1758, г. Арас, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вучыўся ў Калежы Людовіка Вялікага ў Парыжы, скончыў юрыд. факультэт Сарбоны (1780). З 1781 адвакат у Арасе. З 1783 чл. Араскай акадэміі навук і мастацтваў, з 1788 яе прэзідэнт. У 1789 дэпутат Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя. Актыўна ўдзельнічаў у іх працы і ў дзейнасці створанага на іх аснове Нац. сходу, з ліп. 1790 яго сакратар. Абараняў інтарэсы шырокіх нар. мас, насуперак ліберальнай большасці сходу, выступаў супраць замацаваных канстытуцыяй 1791 каралеўскага права вета, падзелу грамадзян на актыўных і пасіўных, маёмаснага цэнзу на выбарах, захавання рабства ў калоніях і г.д. У 1791—92 працаваў у секцыях камуны Парыжа, выдаваў штотыднёвік «Défenseur de la constitution» («Абаронца канстытуцыі»), на старонках якога выказваў свае погляды. Меў падтрымку шэрагу дэмакр. арг-цый: Якабінскага клуба, Клуба кардэльераў, паліт. клубаў Марселя, Версаля, Тулона і інш. гарадоў. Асуджаў агітацыю жырандыстаў за рэв. вайну супраць феад.-абсалютысцкіх манархій Еўропы. Пасля пачатку вайны Францыі з Аўстрыяй і Прусіяй (крас. 1792) агітаваў за рэв. метады вядзення вайны. Р. не прыняў непасрэднага ўдзелу ў паўстанні 10.8.1792, якое скінула караля, але на наступны дзень быў абраны чл. камуны Парыжа. У вер. 1792 абраны дэпутатам ад Парыжа ў Нац. Канвент, дзе стаў адным з найб. уплывовых дзеячаў якабінцаў. Узначаліў барацьбу супраць панавання жырандыстаў, быў сярод рашучых прыхільнікаў смяротнага пакарання караля Людовіка XVI. Як і Ж.П.Марат, быў адным з паліт. кіраўнікоў нар. выступлення 31.5—2.6.1793, якое скончылася арыштам дэпутатаў-жырандыстаў і пераходам улады да якабінцаў. Р. — адзін з ініцыятараў рэв. палітыкі якабінскага ўрада (агр. заканадаўства, якое ліквідавала феад. землеўладанне, прыняцце радыкальнай канстытуцыі 1793 і інш.). 27.7.1793 Р. абраны чл. К-та грамадз. выратавання (КГВ), фактычна кіраваў ім. Пры Р. КГВ ператварыўся ў гал. орган рэв. дыктатуры, якая змяніла канстытуцыйнае кіраванне (гл. Якабінская дыктатура). Канцэнтрацыя ўлады і ўсіх сіл спрыяла перамозе франц. армій да лета 1794 над унутр. і знешняй контррэвалюцыяй. Ў гэты час абвастрылася барацьба ў рэв. кіраўніцтве. Пачаліся рэпрэсіі супраць б. паплечнікаў Р., не згодных з яго палітыкай — прыхільнікаў Ж.Ж.Дантона, Ж.Р.Эбера і інш. Гэта прывяло да змовы супраць Р. ў Канвенце і Тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794. Р. быў арыштаваны і без суда пакараны смерцю разам з групай сваіх бліжэйшых паплечнікаў.

Літ.:

Манфред А.З. Максимилиан Робеспьер... М., 1958;

Левандовский А.П. Робеспьер Максимилиан. Ростов н/Д, 1998.

П.​А.​Тупік.

М.Рабесп’ер.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЫ́ШКІ,

удзельнікі нар.-вызв. руху ў зах. раёнах Украіны (Галіччына, Букавіна, Закарпацце) у 16—1-й пал. 19 ст. Выступалі супраць феад. прыгнёту з боку польск. і ўкр. шляхты, аўстр., венг. і малд. памешчыкаў. Найб. вядомыя выступленні апрышкаў у 1730—40 пад кіраўніцтвам К.Доўбуша.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКА́К (цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНЫ ВЫ́ШУК,

падраздзяленне крымін. міліцыі Рэспублікі Беларусь і некат. краін СНД, сіламі якога ажыццяўляецца аператыўна-вышуковая дзейнасць па прадухіленні і раскрыцці злачынстваў супраць асобы, грамадскага парадку, бяспекі і інш. Адначасова К.в. з’яўляецца і органам дазнання па справах гэтай катэгорыі. Дзейнасць органаў К.в. рэгламентуецца заканадаўствам.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАБІЁНТЫ [ад ксіла... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ САЮ́З УСКРА́ІН (напачатку Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін),

арганізацыя польскіх ваен. і цывільных асаднікаў у 1920-я г. ва ўсх. ваяводствах Польшчы. Створаны як апора акупац. рэжыму, а таксама для барацьбы супраць рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)