сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЯ ЛІ́НІЯ,
электрычная лінія, утвораная 2 доўгімі праваднікамі, адлегласць паміж якімі значна меншая за даўжыню хвалі электрамагнітных ваганняў, што па ёй перадаюцца. Асн. характарыстыкі: хвалевае супраціўленне і каэфіцыент распаўсюджвання эл.-магн. хваль. З’яўляецца сістэмай з размеркаванымі параметрамі (кожны элемент даўжыні Д.л. мае адначасова пэўныя значэнні індуктыўнасці, ёмістасці, актыўнага супраціўлення і інш.). Адрозніваюць Дл. аднародныя (з нязменнымі параметрамі ўздоўж лініі), нескажальныя (захоўваюць форму пададзенага сігналу) і ўзгадняльныя (нагрузка роўная хвалеваму супраціўленню). Працуюць у рэжыме стаячай хвалі (поўнае адбіццё энергіі ад канца лініі), бягучай хвалі (поўнае паглынанне энергіі на канцы лініі) або прамежкавым. Адрэзкі Дл. выкарыстоўваюцца ў якасці вагальных контураў, ізалятараў, узгадняльных трансфарматараў, а таксама для перадачы інфармацыі ў тэлеф.-тэлегр.сувязі, тэлебачанні, радыёлакацыі, эл.-энергетыцы. Гл. таксама Лінія сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ЛО́ГІКА,
раздзел традыцыйнай логікі, які вывучае лагічныя працэсы пераходу ад адзінкавых, прыватных ведаў да агульных. Адносіны агульных і прыватных ведаў (гл.Індукцыя, Дэдукцыя) у старажытнасці даследавалі Арыстоцель, Сакрат і інш. Першай спробай стварэння І.л. як асобнай галіны з’явілася вучэнне Ф.Бэкана пра індукцыйныя метады вызначэння прычыннай сувязі паміж з’явамі; яго ідэі былі развіты Дж.С.Мілем. У 19 ст. сфармулявана канцэпцыя І.л., заснаваная на гіпатэтыка-дэдукцыйным метадзе. Сучасная І.л. займаецца распрацоўкай сродкаў для ацэнкі ступені лагічнай сувязі выказванняў-гіпотэз з выказваннямі, ісціннасць якіх ужо вядома. Адно з цэнтр. паняццяў сучаснай І.л. — паняцце ступені пацвярджэння, што звычайна разглядаецца як імавернасць гіпотэзы пры існуючых эмпірычных ведах. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца метады імавернасцей тэорыі, а сучасную форму І.л. нярэдка называюць імавернаснай логікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
перадача інфармацыі з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (1014—1015Гц). Першая лінія аптычнага тэлеграфа пабудавана ў 1794 паміж Парыжам і Лілем (225 км). Стварэнне лазераў, святлодыёдаў, фотапрыёмнікаў, валаконна-аптычных кабеляў з надзвычай малымі стратамі дало магчымасць стварыць аптычную сувязь, якая мае перавагу над інш. відамі сувязі па колькасці каналаў (вял. Прапускная здольнасць), ахове ад перашкод, далёкасці і хуткасці перадачы, па эканоміі металу (металу (медзі, алюмінію), па рэальнасці стварэння інтэгральных і інтэлектуальных сетак сувязі.
Для мадуляцыі лазернага выпрамянення ўздзейнічаюць на працэс яго генерацыі або выкарыстоўваюць мадулятар святла. На выхадзе перадатчыка фарміруецца вузкі маларазбежны прамень святла; трапляючы на ўваход прыёмніка, ён накіроўваецца на фотадэтэктар, дзе аптычнае выпрамяненне пераўтвараецца ў эл. сігнал, які ўзмацняецца і апрацоўваецца звычайнымі радыётэхн. Метадамі. Адрозніваюць аптычную сувязь з адкрытымі лініямі (для перадачы сігналаў праз атмасферу Зямлі ці касм. прастору) і з закрытымі святлаводнымі каналамі (валаконна-аптычныя лініі сувязі; выкарыстоўваюцца ў наземных і падводных умовах).
Літ.:
Алишев Я.В. Многоканальные системы передачи оптического диапазона. Мн., 1986;
Волоконно-оптические системы передачи. М., 1992.
Я.В.Алішаў.
Аптычная сувязь: часткі зямной паверхні (2 СС); усёй Зямлі (3 СС); НС — нізкалятаючы спадарожнік (200 км над Зямлёй); СС — сінхронны спадарожнік (36—40 тыс.км над Зямлёй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1802—1924 на тэр. сучасных Беларусі, Расіі, Латвіі. Утворана 11.3.1802 у выніку скасавання Беларускай губерні і падзелу яе тэр. на Магілёўскую губерню і Віцебскую губерню. Цэнтр — г. Віцебск. Увайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Падзялялася на 12 паветаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі (скасаваны ў 1866). Паводле перапісу 1897 пл. 386,5 тыс. кв. вёрст, нас. 1489,2 тыс.чал., у т. л. 788 599 чал. беларусаў. Паводле веравызнання: праваслаўных 825 524, католікаў 356 939, іудзеяў 175 586 чал., старавераў 82 968, лютэран 46 139. З 7.11.1917 Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці РСФСР, у студз.—лют. 1919 у БССР, потым у РСФСР. У сувязі з утварэннем Гомельскай губерні (крас. 1919) у Віцебскую губерню перададзены Сенненскі пав. Магілёўскай губ. (ліп. 1919) і Аршанскі пав. Гомельскай губ. (ліст. 1920). Паводле мірнага дагавора РСФСР з Латвіяй ад 11.8.1920 Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі пав. адышлі да Латвіі. У лют. 1923 у сувязі з узбуйненнем паветаў скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав.; Лепельскі пав. перайменаваны ў Бачэйкаўскі. 10.3.1924 у сувязі з узбуйненнем БССР Віцебская губерня скасавана. Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі, Полацкі пав. ўвайшлі ў БССР, а Веліжскі, Невельскі, Себежскі пав. — у Пскоўскую губ. РСФСР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЯ РЭФО́РМА,
поўнае або частковае пераўтварэнне грашовай сістэмы, якое праводзіцца дзяржавай з мэтай упарадкавання і ўмацавання грашовага абарачэння. Метады яе ажыццяўлення залежаць ад стану эканомікі краіны, палітыкі, ступені абясцэньвання грошай. У гісторыі вядомы розныя віды грашовых рэформаў: пераход ад аднаго тыпу грашовай сістэмы да іншага, або ад аднаго грашовага тавару да іншага; замена манеты, якая стала непаўнацэннай і абясцэненай, на паўнацэнную, неразменных грошай на разменныя; змяненні ў эмісіі грошай; стабілізацыя валюты або меры па ўпарадкаванні грашовага абарачэння; стварэнне новай грашовай сістэмы ў сувязі з дзярж. перабудовай. Найб. тыповыя метады стабілізацыі і ўпарадкавання грашовага абарачэння: дэфляцыя, нуліфікацыя грошай, дэнамінацыя, дэвальвацыя, рэвальвацыя.
У СССР грашовая рэформа 1922—24 праведзена з мэтай аздараўлення і ўпарадкавання грашовага абарачэння ў сувязі з пераходам да новай эканамічнай палітыкі і развіццём таварна-грашовых адносін. Асн. задачай грашовай рэформы 1947 было зняцце з абарачэння лішкаў грошай, што паявіліся ў сувязі з іх вымушаным выпускам для пакрыцця выдаткаў на абарону краіны. У выніку дэнамінацыі 1961 зменены маштабы цэн і праведзены абмен грашовых знакаў у суадносінах 10:1. Спецыфічна, без замены старых грашовых знакаў на новыя, 20.8.1994 праведзена дэнамінацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Узбуйненне маштабу цэн у 10 разоў скараціла выдаткі, звязаныя з арганізацыяй грашовага абарачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬЯМО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Матыкальскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 535 ж., 181 двор (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз.сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬВА́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
найбольш прымітыўная і нізкапробная частка масавай літаратуры, разлічаная на непатрабавальны густ абывацеля. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. ў сувязі з развіццём журналістыкі і выдавецкай справы. У творах звычайна пераважае сенсацыйнасць з абавязковай прыгодніцкай ці любоўнай інтрыгай (гучныя забойствы, раманы кіназорак).