МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял.стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТО́З (грэч. mitos нітка),
карыякінез, непрамое дзяленне, асноўны спосаб дзялення эўкарыётных клетак. Забяспечвае строга аднолькавае размеркаванне рэдуплікаваных храмасом паміж даччынымі клеткамі, захоўвае генет. раўнацэннасць клетак і пераемнасць у шэрагу клетачных пакаленняў. У М. ўмоўна вылучаюць некалькі стадый (прафазу, метафазу, анафазу і тэлафазу), якія паступова і бесперапынна пераходзяць адна ў адну. Іх працягласць залежыць ад тыпу тканкі, фізіял.стану арганізма, знешніх фактараў і доўжыцца ад некалькіх мінут да многіх гадзін (у сярэднім 1—2 гадзіны). Перыяд паміж 2 паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі наз.інтэрфазай.
Літ.:
Алов И.А. Цитофизиология и патология митоза. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),
запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТасяроддзя,
адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл.Фотаметрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАПО́ДЫІ [ад псеўда... +грэч. pus (podos) нага],
псеўданожкі, часовыя цытаплазматычныя вырасты ў аднаклетачных (караняножкі, некат. жгуцікавыя, спаравікі, слізевікі) і некат. клетак шматклетачных жывёл (лейкацыты, макрафагі, яйцы губак, кішачнаполасцевых, некат. раснічных чарвей), якія служаць для перамяшчэння арганізма ў прасторы, захопу корму або пабочных часцінак.
Утварэнне П. — праяўленне прасцейшай формы руху цытаплазмы: цыклозу або амёбападобнага руху. Яны ўзнікаюць і ўцягваюцца ў розных месцах клеткі, таму яе форма пры руху пастаянна мяняецца. Для тлумачэння ўтварэння П. і амёбападобнага руху існуе шэраг тэорый: змяненне паверхневага нацяжэння клеткі; наяўнасць абарачальнага працэсу пераходу асобных порцый цытаплазмы з аднаго стану ў другі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па кантролі вет.-сан.стану жывёл і якасці атрыманых ад іх прадуктаў або сыравіны. На Беларусі дзярж. ветэрынарна-санітарны нагляд ажыццяўляецца ўсімі вет. ўстановамі краіны і вет. інспектарамі адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў. У сферу ветэрынарна-санітарнага нагляду ўваходзяць жывёлагадоўчыя гаспадаркі і іх вытв. памяшканні, прадпрыемствы па забоі жывёл, перапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў (мясакамбінаты, птушкафабрыкі, халадзільнікі і інш.), працэсы нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, малочных прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, а таксама рынкі, выпасы, вадапоі, фуражныя склады, гнаясховішчы, трансп. сродкі, абсталяванне па доглядзе жывёл, кармы, бойні, утылізацыя трупаў жывёл. Па выніках ветэрынарна-санітарнага нагляду праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння антрапазаанозаў і інш. хвароб і своечасовае аказанне ветэрынарнай дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАДА́Р», Дзяржаўнае праектнае прадпрыемства «Белдзіпрадар» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т «Дзіпрадар». З 1957 Бел.дзярж.ін-т па вышуканні і праектаванні аўтамаб. дарог («Белдзіпрадар»). Са жн. 1995 сучасная назва. Галаўная арг-цыянавук.-вытв. аб’яднання «Дзяржбудтэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аўтамагістраляў і аўтадарог, трансп. развязак, сістэм аўтадарожных мастоў і пуцеправодаў, падземных пераходаў; прадпрыемстваў дарожна-буд. індустрыі (асфальта- і цэментна-бетонныя з-ды, кар’еры дарожна-буд. матэрыялаў), аўтазаправачных станцый, адм. і жылых будынкаў; інж. вышуканні; тэхн. нагляд за падраднымі работамі пры буд-ве дарог і збудаванняў на іх; дыягностыка стану дарог, мастоў, пуцеправодаў; інж. разлікі трансп. збудаванняў; кансультацыйныя паслугі па праблемах дарожна-маставога будавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКО́ВЫ МІ́НІМУМ,
найменшая колькасць бялку ў ежы, неабходная для захавання азоцістай раўнавагі ў арганізме. Чалавек і жывёла павінны атрымліваць патрэбную колькасць паўнацэнных (якія маюць усе незаменныя амінакіслоты) бялкоў. Калі іх паступае менш, арганізм траціць уласныя. Пры безбялковым харчаванні 8—10 дзён арганізм выдзяляе 23,2 г бялку ў суткі, што характарызуе распад тканкавых бялкоў (каэфіцыент зношвання). Бялкі арганізма здольныя пастаянна абнаўляцца (за суткі да 400 г). Пра гэта сведчыць стан азоцістага балансу (колькасць азоту, які паступае і выводзіцца з арганізма). Для падтрымкі нармальнага стану здаровага дарослага чалавека (стан азоцістай раўнавагі) неабходна 0,7 г бялку ў дзень на 1 кг вагі цела. Сутачная патрэбнасць бялку ў залежнасці ад умоў фіз. і разумовай працы 80—100 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б.СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.