ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр.свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. in не- + дэтэрмінізм),
філасофскае вучэнне і метадалагічная пазіцыя, якія адмаўляюць аб’ектыўнасць прычыннай сувязі (анталагічны І.) або яе універсальны характар і пазнавальную каштоўнасць у навуцы (метадалагічны І.); вучэнне аб свабодзе волі. У стараж.-грэч. філасофіі (Пратагор, Сакрат) уяўленні аб свабодзе волі звязваліся з паняццямі дабрачыннасці і доблесці чалавека, яго здольнасці да выбару мэты сваёй дзейнасці і сродкаў яе дасягнення. Паводле І.Канта, практычны розум патрабуе свабоды волі, інакш маральны закон страціў бы ўсякі сэнс. І.Фіхтэ бачыў у волі аснову асобы, якая рэалізуе сябе ў пераадоленні розных перашкод, у свабоднай творчасці і вызваленні ад знешніх аковаў. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму і персаналізму сцвярджаюць, што свабода асобы неадчужальная і незнішчальная, а любыя спробы яе падаўлення або абмежавання супярэчаць прыродзе і характару чалавечай супольнасці. Прыхільнікі псіхал. І. (А.Адлер, А.Маслаў, К.Роджэрс, Э.Фром) лічылі, што воля залежыць ад унутр. матываў, якія вынікаюць з асабістых уласцівасцей індывіда і не падпарадкаваны якой-н. прычыннай сувязі, унутр. духоўнай заканамернасці. Зыходзячы з канцэпцыі І., прадстаўнікі розных плыней ідэаліст. філасофіі не прызнаюць магчымасці заканамерных прычынна-выніковых сувязей у некат. фіз. і біял. з’явах (напр., мікрапрацэсы, свабодны рух электронаў, генныя мутацыі і інш.) і лічаць фаталізмам адно з гал. палажэнняў гіст. дэтэрмінізму аб развіцці грамадства як заканамерным працэсе пераходу ад адной грамадска-эканам. фармацыі да другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.
Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. СаветБССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССР — г. Мінск. Пасля Вял.Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ЎСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 31.10.1905. У гэты дзень да гараджан дайшлі звесткі пра Маніфест 17 кастрычніка 1905, які абвясціў у краіне дэмакр.свабоды, надаваў заканад. паўнамоцтвы Дзярж. думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцы. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырв. сцягамі і рэв. песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі). Па патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу губернатар П.Р.Курлоў вызваліў палітвязняў. Пад вечар на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс.чал. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэман-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чал., каля 300 чал. былі паранены. У адказ на гэта злачынства Мінская арг-цыяРСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна аддаць пад суд Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем’і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада і ўзбр. сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту аднавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6.11.1905. Пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны і пераклаў яе на вайск. камандаванне.
У.Г.Філякоў.
Курлоўскі расстрэл. З карціны І.А.Давідовіча. 1939 Нац. мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл.Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт.свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),
1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАГА ТЭА́ТРА БУДЫНАК.
Існаваў у Мінску на Высокім рынку (цяпер пл.Свабоды) у 18 ст. — 1980-я г. Пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку 2-павярховы мураваны будынак, меў сім. кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры гал. фасада, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я.Байкову (набыў у 1815—18), некат. час у доме была карчма, у 1825 перабудаваны пад т-р. У 1835 у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад з цэнтр. рызалітам падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам).
Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены 6-калонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. На 1-м паверсе знаходзіліся карчма і крамы, на 2-м — 3-ярусная 2-светлавая тэатр. зала, на 3-м — службовыя тэатр. памяшканні і жылыя пакоі. У будынку адбываліся тэатр. паказы (рэгулярныя з 1825). У 1852 на сцэне т-ра адбылася прэм’ера 1-й нац. оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару 1884 будынак перабудаваны. У 1895 у ім размяшчаўся Паўн. банк. У 1920—30-я г. дабудаваны 4-ы паверх. Пасля Вял.Айч. вайны ў будынку размяшчаліся банк, муз. вучылішча. У 1984 разбураны. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні.
У.М.Дзянісаў.
Мінскага тэатра будынак. Галоўны фасад (чарцёж). Рэканструкцыя.