ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,

міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр. ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬНАДУ́МСТВА,

ідэйна-філасофская плынь, зыходным пунктам якой з’яўляецца крытычнае асэнсаванне рэлігіі і рэчаіснасці. У адносінах да дактрыны аб існаванні пазазямных істот можа набліжацца да матэрыялізму (Д.​Дзідро), дэізму (Вальтэр) ці пантэізму (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза). Генезіс і развіццё вальнадумства непасрэдна звязаны з прагрэсам чалавечых ведаў і навук. крытыкі ўсялякіх спроб абмежавання магчымасцяў пазнання Сусвету. Элементы вальнадумства існавалі ўжо ў ант. філасофіі (Сакрат). Асн. этапы развіцця навукі, мастацтва і філасофіі (Адраджэнне, Асветніцтва, пазітывізм і матэрыялізм 19—20 ст.) былі адначасова этапамі развіцця вольнай думкі. Пэўныя арганізац. структуры вальнадумства ўзніклі ў 2пал. 19 ст. У 1880 у Бруселі створаны першы «Міжнародны саюз вальнадумцаў», у 1952 — «Міжнародны гуманістычны і этычны саюз». Паборнікі вальнадумства распаўсюджваюць свае погляды праз шматлікія выданні ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, ЗША.

На Беларусі ідэі вальнадумства мелі свае праявы ўжо ў фальклоры і помніках пісьменства 11—12 ст., у ерасях 14—15 ст. (рух стрыгольнікаў). Вяхой у развіцці вальнадумства з’яўляецца творчасць бел. першадрукара, гуманіста і асветніка Ф.​Скарыны. Яго паслядоўнікі ў 16 ст. С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Лован і інш. трактавалі біблейскія тэксты з рацыяналістычных пазіцый, патрабавалі развіцця навук. ведаў, пашырэння асветы. У 17 ст. К.​Лышчынскі абараняў матэрыялістычны светапогляд, даказваў супярэчлівасць рэліг. догматаў, быў актыўным барацьбітом за гуманіст. ідэалы і прынцыпы. Важную ролю ў пераадоленні ўплыву схаластыкі, у адстойванні значэння вопыту ў навук. пазнанні адыгралі ў 18 ст. К.​Нарбут, у 19 ст. — Э.​Жалігоўскі, І.​Ястржэмбскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, у пач. 20 ст. — Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Багдановіч, М.​Гарэцкі і інш. У Рэспубліцы Беларусь прынцыпы вальнадумства замацаваны ў заканадаўчых гарантыях свабоды сумлення і веравызнання, развіцця і функцыянавання мноства грамадз. рухаў і паліт. партый, якія могуць свабодна распаўсюджваць свае паліт., сацыякульт. погляды, ідэалы, прынцыпы.

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли в Белоруссии. Мн., 1962;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Основы религиоведения. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»

(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),

экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2пал. 12 ст.пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл. Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2сусв. войны (гл. план «Ост»).

Літ.:

Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;

«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг. М., 1977.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СІ (КСМБ),

Ленінск і Камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ), камсамол, маладзёжная арганізацыя Беларусі, камуністычная па мэтах, палітычная па характары, самадзейная па метадах. Працаваў пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) і Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі (ВЛКСМ). Мэты, задачы, арганізац. будову, асн. кірункі дзейнасці, абавязкі і правы членаў КСМБ вызначаў Статут ВЛКСМ. Аб’ядноўваў юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 14—28 гадоў. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. У перыяд існавання СССР, у т. л. БССР, з’яўляўся актыўным памочнікам і рэзервам КПБ, быў правадніком парт. палітыкі ў асяроддзі моладзі.

Папярэднікамі камсамола былі маладзёжныя арг-цыі на ўзор культ.-асв. гурткоў. Бальшавікі надалі ім камуніст. характар. Восенню 1918 разрозненыя маладзёжныя арг-цыі аб’яднаны ва Усерас. саюз прац. моладзі. На I Усерас. з’ездзе моладзі (29.10—4.11.1918) названы Рас. камуніст. саюзам моладзі. У канцы 1918 — пач. 1919 на вызваленай ад герм. войск тэр. Беларусі пачалося стварэнне мясц. камсам. арг-цый. Яны ўзніклі ў Віцебску (13.11.1918), Магілёве (6.12.1918), Мінску (15.12.1918), Бабруйску (22.12.1918), Мазыры, Крупках, Старых Дарогах, Ігумене (Чэрвень), Карме і інш. Іх арганізац. афармленне адбылося на з’ездзе моладзі Зах. камуны (25—27.12.1918, Смаленск), дзе былі прыняты Праграма і Статут саюза. Большасць дэлегатаў з’езда прадстаўлялі камсам. арг-цыі губерняў і паветаў, якія пазней ўвайшлі ў склад БССР. На з’ездзе выбраны абком, які з пераездам у Мінск абвясціў сябе ЦК КСМБ і наладзіў выпуск газ. «Факел коммунизма». У сувязі з аб’яднаннем у лют. 1919 Беларусі і Літвы ў Літ.-Бел. ССР іх камсам. арг-цыі 10.2.1919 аб’яднаны ў Камуністычны саюз моладзі Літвы і Беларусі (КСМЛіБ). На пач. 1920 у БССР (без Віцебскай і Гомельскай губ., што ўваходзілі ў склад РСФСР) дзейнічалі 19 пав. і гар. к-таў, больш за 100 пярвічных арг-цый, якія аб’ядноўвалі больш за 2 тыс. чал. На I Усебел. з’ездзе КСМБ (24—27.9.1920) вырашана аддзяліцца ад камсам. арг-цый Літвы і надаць камсамолу Беларусі ранейшую назву. II з’езд КСМБ (20—24.4.1921) вызначыў асн. задачай камсамольцаў і ўсёй моладзі дапамогу дзяржаве ў барацьбе з разрухай, ажыццяўленні новай эканамічнай палітыкі, падкрэсліў неабходнасць умацавання пралетарскай праслойкі саюза. У маі 1923 КСМБ аб’ядноўваў 3743 чл., у лют. 1926—42 тыс. чл. і канд. у чл. Да канца 1922 камсамол па ўказанні Камуніст. партыі ліквідаваў маладзёжныя арг-цыі «Югенд-Бунд», яўкамол, «Макабі» і інш. У Зах. Беларусі, што ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, са студз. 1924 да жн. 1938 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. VII з’езд КСМБ (10—12.6.1924) выказаўся за актыўны ўдзел саюзнай і несаюзнай моладзі ў гасп. і культ. буд-ве, перайменаваў КСМБ у ЛКСМБ. У гады індустрыялізацыі ЛКСМБ шэфстваваў над буд-вам БелДРЭС, Мінскай ЦЭЦ-2, Гомсельмаша, Магілёўскай ф-кі штучнага валакна, Аршанскага льнокамбіната, Віцебскай трыкатажнай ф-кі «КІМ», шашы Масква—Мінск і інш. Яго прадстаўнікі працавалі на буд-ве Днепрагэса, Сталінградскага трактарнага з-да, Урала-Кузнецкага камбіната, Камсамольска-на-Амуры. Практычным мерапрыемствам камсамола стаў Усесаюзны паход за ўраджай і калектывізацыю. X з’езд ЛКСМБ (6—13.1.1931) паставіў перад камсамольцамі задачу ўзмацніць дапамогу Кампартыі ў правядзенні суцэльнай калектывізацыі, ва ўмацаванні калгасаў, у авалоданні с.-г. тэхнікай і агранамічнымі ведамі. Па ініцыятыве і з удзелам камсамольцаў у 40 раёнах Беларусі было створана 685 т-ваў с.-г. кааперацыі. У 1930-я г. камсамол, як і ўсё грамадства ў цэлым, зазнаў масавыя рэпрэсіі палітычныя. У 1936—38 сфабрыкавана некалькі «маладзёжных працэсаў», у многіх камсам. арг-цыях колькасць выключаных перавышала колькасць прынятых. З першых дзён Вял.

Айч. вайны ЛКСМБ падпарадкаваў усю сваю дзейнасць задачам абароны Радзімы. У пастанове «Аб задачах камсамольскіх арганізацый Беларусі ў сувязі з ваенным становішчам» ад 28.6.1941 ЦК ЛКСМБ аб’явіў камсамольцаў мабілізаванымі на барацьбу з ням.-фаш. захопнікамі. Да жн. 1941 добраахвотна і па мабілізацыі ў Чырв. Армію пайшло больш за 130 тыс. камсамольцаў, больш за 1500 з іх накіраваны ў разведгрупы Зах., Цэнтр., Бранскага франтоў. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 214 гар., раённых і міжраённых падп. к-таў ЛКСМБ, 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс. камсам. і маладзёжных арг-цый і груп у падполлі (гл. Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпальныя камітэты ЛКСМБ, Міжраённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ, раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ). 52% асабовага складу партыз. фарміраванняў — камсамольцы і моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. Звання Героя Сав. Саюза ўдастоены каля 300 бел. камсамольцаў-воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Пасля вызвалення Беларусі ад захопнікаў камсамол уключыўся ў мірную працу. На будоўлі і ў прам-сць БССР у 1946 прыйшло 30 тыс. юнакоў і дзяўчат. Камсамол шэфстваваў над буд-вам мінскіх аўтамаб. і трактарнага з-даў. За 4-ю пяцігодку на буд-ва, у прам-сць і на транспарт рэспублікі прыйшло 80 тыс юнакоў і дзяўчат; 10 тыс. маладых беларусаў аднаўлялі шахты Данбаса, 6 тыс. адбудоўвалі Сталінград. На 1.1.1948 ЛКСМБ налічваў 262 486 членаў. У пасляваен. дзесяцігоддзі камсамол прымаў удзел у вырашэнні практычна ўсіх нар.-гасп. задач, якія ставіла Камуніст. партыя. У 1954—60 больш за 60 тыс. юнакоў і дзяўчат Беларусі выехалі на асваенне цалінных і абложных зямель у Казахстан. За гераізм у Вял. Айч. вайну, актыўны ўдзел у гасп. буд-ве ЛКСМБ узнагароджаны ордэнамі Чырв. Сцяга (1945), Леніна (1970). На 1.1.1972 ЛКСМБ аб’ядноўваў 1 065 643 членаў, на 1.1.1986—1 516 575, на 1.1.1991—857 966. Скарачэнне амаль удвая колькасці чл. ЛКСМБ было выклікана нарастаннем эканам., сац. і паліт. крызісу сав. грамадства, дэмакратызацыяй грамадскага жыцця. Гэтыя працэсы выліліся ў сац. апатыю, фармальныя адносіны да членства з-за бяздушнасці бюракратычных традыцый, няздольнасці актыву адстойваць інтарэсы моладзі, нізкага аўтарытэту многіх камсам. кіраўнікоў, няяснасці свайго прызначэння ў грамадстве і інш. XXIX з’езд ЛКСМБ (23—26.10.1990) выпрацаваў новыя праграмныя мэты і кірункі дзейнасці камсам. арг-цыі, прыняў Статут ЛКСМБ; былі зацверджаны дэмакр. прынцыпы будовы, жыцця і дзейнасці, якія прадугледжвалі прыярытэт пярвічных арг-цый, поўнаўладдзе камсамольцаў у сваіх арг-цыях, калектыўнасць, галоснасць у рабоце, свабоду дыскусій і інш. Рэформы былі скіраваны на паступовае пераўтварэнне ЛКСМБ у дэідэалагізаваную арг-цыю сац. абароны моладзі.

У сувязі з новымі паліт. рэаліямі, радыкальнымі зменамі прынцыпаў нац.дзярж. ўпарадкавання XXX з’езд ЛКСМБ (6—7.12.1991) перайменаваў рэсп. арг-цыю ў Саюз моладзі Беларусі. 1.2.1992 на I устаноўчым з’ездзе прыхільнікаў камуніст. кірунку ЛКСМБ адроджаны як паліт. арг-цыя моладзі Беларусі. На 1.1.1998 дзейнічалі ЦК, 30 абл., гар. і раённых арг-цый, якія налічвалі 1200 чл. ЛКСМБ.

Літ.:

Комсомол Белоруссии: Цифры и факты. Мн., 1968;

Жураў А.Я. У баях народжаны: Кароткі нарыс гісторыі камсамола Беларусі. 2 выд. Мн., 1970;

Очерки истории Ленинского комсомола Белоруссии. Мн., 1975;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991.

А.​Ф.​Макарэвіч.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі,

антыфашысцкае паўстанне ў 2сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.​Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.

Літ.:

Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬ (Kiel),

горад на Пн Германіі. Адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн. 247 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёвы і рыбалавецкі порт каля выхаду з Кільскага канала ў Кільскую бухту Балтыйскага м. Прам-сць: суднабуд. і дапаможныя галіны (дызелебудаўніцтва і інш.), вытв-сць лакаматываў і тэкст. машын, хім., оптыка-мех., тэкст., рыбаперапрацоўчая. Ун-т (з 1665). Оперны т-р, музеі, у т. л. марскі, акіянаграфіі, Кунстгале. База ВМФ. Месца правядзення алімп. рэгат 1936, 1972. Арх. помнікі: касцёл св. Мікалая (13 ст.), руіны ратушы і замка (16 ст.).

Засн. ў 1-й пал. 13 ст. У 1242 атрымаў гар. правы. У 1284—1518 уваходзіў у саюз ням. гарадоў Ганза. У 14 ст. гал. гандл. цэнтр графства Шлезвіг-Гольштэйн. У 1460—1864 К. пад уладай каралёў Даніі. Месца заключэння Кільскіх мірных дагавораў 1814. Эканам. развіццё горада паскорылася пасля ўключэння яго ў склад Прусіі (1866) і буд-ва Кільскага канала (1887—95). Тут адбылося паўстанне матросаў герм. флоту, якое дало пачатак Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. У час 2сусв. вайны горад значна разбураны. З 1946 адм. ц. зямлі Шлезвіг-Гольштэйн.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,

нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.​Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш. слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл. Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).

Літ.:

Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 28/29.5.1565),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын кашталяна трокскага Я.​М.​Радзівіла. З 1544 маршалак земскі (вялікі), узначальваў Раду ВКЛ і сеймы. У 1547 атрымаў тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі на Алыцы і Нясвіжы». У 1550-я г. заняў дадаткова пасады канцлера ВКЛ (1550) і ваяводы віленскага (1551). Дамогся заключэння ў 1553 саюза Польшчы і ВКЛ з імператарам «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Узначальваў дзярж. камісію па правядзенні агр. рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала «Уставу на валокі» 1557. Падтрымліваў паліт. саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі з ёю і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. Дзякуючы яго ініцыятыве на сейме 1554—55 была забяспечана дапамога польскага войска ў выпадку нападу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. У вер. 1557 па ініцыятыве Р. падпісаны. дагавор з магістрам Лівонскага ордэна В.​Фюрстэнбергам аб узаемнай абароне. У пачатку Лівонскай вайны 1558—83 Р. выступіў супраць прапановы Івана IV заключыць саюз супраць Крымскага ханства, бо бачыў, што цар хоча адцягнуць увагу ВКЛ ад Інфлянтаў, каб заваяваць іх. 31.8.1559 заключаны Віленскі дагавор аб пратэктараце вял. князя Жыгімонта Аўгуста над Лівонскім ордэнам. Паўд.-ўсх. частка Інфлянтаў (Латгалія) была занята войскам ВКЛ. Пад старшынствам Р. 28.11.1561 у Вільні падпісаны акт аб падпарадкаванні Інфлянтаў сумесна ВКЛ і Польшчы, і ВКЛ уступіла ў вайну з Расіяй за Інфлянты. Р. быў прызначаны адміністратарам Інфлянтаў. У 1561 Р. абвешчаны намеснікам вял. князя ВКЛ. Ён пагадзіўся з Жыгімонтам Аўгустам пра неабходнасць судова-адм. рэформы, і Бельскім прывілеем 1.7.1564 абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясц. шляхецкага самакіравання — сеймікі. Рэформы спрыялі кансалідацыі феад. саслоўя, дапамагалі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады вайны. Р. узначальваў рэфармацыйны рух у ВКЛ. На пач. 1550-х г. ён далучыўся да лютэранскай царквы, а праз 2 гады перайшоў у больш радыкальную плынь пратэстанцтва — у кальвінізм. Пры ім Брэст і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва ў Беларусі і Літве, адкрыты Брэсцкія друкарні і Нясвіжская друкарня. Пры садзейнічанні Р. надрукавана славутая Брэсцкая біблія.

Літ.:

Jasnowski J. Mikołaj Czamy Radziwił) (1515—1565): Kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Чорны. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)