ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́МБА (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; н. 2.1.1941, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, з 1989 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар кн. аповесцей і апавяданняў для дзяцей з займальнымі сюжэтамі, жывымі вобразамі: «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Бі, барабан!» і «Загадка без адгадкі» (1972), «Хто-каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989), «Дзень магнітнай буры» (1992), «Арэхавы спас» (1997). У сваіх творах ставіць праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, ролі сям’і і школы ў выхаванні падлеткаў. На бел. мову пераклаў раман Г.Уэлса «Чалавек-невідзімка» (1997), а таксама творы рус. і ўкр. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ (Любоў Паўлаўна) (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),
руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),
японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп.т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),
італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСУ́РАВА (сапр.Валерштэйн) Цэцылія Львоўна
(20.3.1897, Масква — 22.1.1976),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1971). Скончыла Кіеўскі ун-т. З 1919 у Студыі, потым у Т-ры імя Вахтангава. З 1925 выкладала ў Тэатральным вучылішчы імя Б.Шчукіна (з 1946 праф.). Першая выканаўца ролі прынцэсы Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы, 1922). Уласцівыя М. эмац. выразнасць, тэмперамент, пластычная вытанчанасць, мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, псіхал. глыбіня раскрыцця характару выявіліся ў ролях: Ксенія («Разлом» Б.Лаўранёва), Шурка («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Інкен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТКЕР (Барыс Якаўлевіч) (28.10.1902—31.1.1983),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). Вучыўся ў Харкаўскай драм. школе (1918—19). Скончыў драм. студыю ў Маскве пры б. т-ры Корша (1922) Працаваў у розных трупах, з 1933 у МХАТ. Акцёр вострай і яркай характарнасці, бліскуча валодаў мастацтвам эпізадычнай ролі: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля) і інш. Сатыру спалучаў з мяккай камедыйнасцю, сумнай іроніяй. Побач з дакладным псіхал. малюнкам, вял. ўвагу звяртаў на знешнюю выразнасць: Адвакат («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Гросман («Плады асветы» Талстога), Брыдуазон («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Доктар («Усё скончана» Э.Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ЦКІ (Фама Сільвестравіч) (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАМЕ́ЙЧЫК (Канстанцін Міхайлавіч) (26.5.1912, г. Кастрама, Расія — 3.3.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1930 у самадзейнасці. З 1935 у т-рах Кастрамы і Бранска. З 1946 у т-ры імя Я.Купалы, у 1947—54 і 1957—73 у Рус.драм. т-ры БССР, у 1955—57 у Бел. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Выконваў пераважна эпізадычныя ролі. Створаныя ім вобразы вызначаліся яскравасцю і акрэсленасцю: Кукушкін, Палойка («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Радзіёнаў («Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Пётр («Лада цемры» Л.Талстога), Прытыкін («Варвары» М.Горкага), Мітрафанаў («Барабаншчыца» А.Салынскага), Менас («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра) і інш.