дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял.кн.ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогіВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖКА ((Žizka) Ян) (каля 1360, Троцнаў, Чэхія — 11.10.1424),
чэшскі нац. герой, палкаводзец перыяду гусіцкіх войнаў. З дробнай шляхты. У 1406—09 удзельнічаў у паўстанцкай вайне супраць паноў у Паўд. Чэхіі. З 1409 на службе ў польск. караля Ягайлы; прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410. У 1414 пры двары Вацлава IV. Адзін з кіраўнікоў паўстання жыхароў Новага Месца ў Празе 30.7.1419. Першыя перамогі атрымаў у пач. 1420 каля Некаміржа і Судамержа. Вызначыўся 14.7.1420 пры абароне Віткавай гары каля Прагі. Са снеж. 1420 першы гетман табарытаў. На Часлаўскім сейме 1.6.1421 выбраны ў ліку 20 правіцеляў Чэшскай зямлі. Выразнік інтарэсаў дробнай шляхты і мяшчан-гусітаў, падтрымліваў «Чатыры пражскія артыкулы». У ліп. 1421 пры аблозе замка Рабі Ж. страціў зрок. У час 3-га крыжовага паходу супраць гусіцкай Чэхіі ў 1422 разбіў ням. войска каля Кутна-Горы і Нямецкі-Броду. У пач. 1423 парваў з радыкальнымі табарытамі і заснаваў ва Усх. Чэхіі Малы Табар. 7.6.1424 разбіў войска пражан і паноў каля Малешава. Памёр ад чумы ў час аблогі г. Пршыбіслаў.
Літ.:
Ревзин Г.И. Ян Жижка. [М.], 1952;
Мацек Й. Табор в гуситском революционном движении: Пер. с чеш. Т. 2. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Герасімавіч) (24.7.1902, в. Мядзведкі Котласкага р-на Архангельскай вобл., Расія — 6.12.1974),
савецкі ваен.-марскі дзеяч. Адмірал флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен.-марскую акадэмію (1932). На флоце з 1919. З 1934 камандзір крэйсера «Чырвоная Украіна». У 1936—37 ваен.-марскі аташэ і саветнік у Іспаніі. У 1939—46 нарком ВМФСССР, яго галоўнакамандуючы ў Вял.Айч. вайну (21.6.1941 загадаў прывесці ўсе сілы флоту, у т. л.Пінскую ваенную флатылію, у поўную боегатоўнасць). У 1948 па лжывым абвінавачанні ў перадачы сакрэтных дакументаў саюзнікам СССР у час вайны паніжаны ў званні да контр-адмірала. З 1950 камандуючы Ціхаакіянскім флотам, з 1951 ваен.-марскі міністр, з 1953 галоўнакамандуючы ВМФ —1-ы нам. міністра абароны СССР; у 1953 адноўлены ў званні адмірала флоту. З 1956 у адстаўцы, зноў паніжаны ў званні да віцэ-адмірала. Чл.ЦККПСС (1939—55). Дэп. Вярх. СаветаСССР (1937—50, 1954—58). Аўтар кніг успамінаў «Напярэдадні» (1969), «На флатах баявая трывога» (1971), «На далёкім мерыдыяне» (3-е выд. 1988), «Курсам да перамогі» (3-е выд. 1989). У 1988 пасмяротна адноўлены ў званні Адмірала флоту Сав. Саюза. Імя К. носіць цяжкі авіянясучы крэйсер расійскага Паўн. флоту (уведзены ў строй у 1991).
Літ.:
Усенко Н. Кузнецов // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́Р (франц. parterre ад раг па + terre зямля),
1)у тэатральным будынку, кінатэатры, канцэртнай зале — частка глядзельнай залы ніжэй узроўню сцэны (звычайна павышаецца ад сцэны да задніх радоў) з месцамі для гледачоў. Звычайна з’яўляецца асн. па аб’ёме часткай глядзельнай залы. Вырашэнне П. залежыць ад агульнай кампазіцыі інтэр’ера будынка. Існуюць прамавугольныя ў плане, у выглядзе сегментаў, паўкруга ці паўавала, больш складанай формы. У некаторых відовішчных збудаваннях П. вырашаюцца амфітэатрам.
2) У садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На П. часта размяшчаюць скульптуру, фантаны, курціны, асобныя дрэвы. П., падзеленыя на ўчасткі правільнай формы з узорамі, створанымі стрыжаным самшытам, каляровым пяском, тоўчанай цэглай і інш., характэрны для рэгулярных паркаў 17—18 ст. (у Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах П. ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). На Беларусі пашырыліся ў 17—18 ст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль) у 19 — пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў (паркі ў Гомелі, Нясвіжы). П. шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў (П. на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Norddeutscher Bund),
федэратыўнае аб’яднанне пад вяршэнствам Прусіі 22 ням. сярэдніх і малых дзяржаў і вольных гарадоў на Пн ад р. Майн у 1867—70; прамежкавае дзярж. ўтварэнне на шляху аб’яднання герм. зямель у адзіную нац. дзяржаву. Ахопліваў пл. каля 415 тыс.км² з насельніцтвам 30 млн.чал. Перадумовы для ўзнікнення П.с. склаліся ў выніку перамогі Прусіі ў аўстра-прускай вайне 1866, калі О.Бісмарк ініцыіраваў падпісанне 18.8.1866 саюзнага дагавора прадстаўнікамі 17 паўн.-герм. дзяржаў (у вер. далучыліся яшчэ 5 дзяржаў). Дзейнічала зацверджаная Паўн.-герм. рэйхстагам саюзная канстытуцыя (набыла сілу 17.4.1867). Паводле яе на ўсёй тэр. Саюза ўводзіліся адзіныя грамадзянства і заканадаўства, свабода перамяшчэння, уладу сканцэнтроўвалі прэзідэнт Саюза (прускі кароль Вільгельм I), ён жа галоўнакаманд. саюзнай арміяй, і прызначаны ім нам. — саюзны канцлер (Бісмарк), які пастаянна старшынстваваў у верхняй палаце рэйхстага — Саюзным савеце (фарміраваўся з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў, прычым 17 з 43 членаў Савета прадстаўлялі Прусію; ніжняя палата рэйхстага выбіралася мужчынскім насельніцтвам усеагульнай падачай галасоў). Каталіцкія паўд.-герм. дзяржавы (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Гесен-Дармштат), якія былі звязаны з Прусіяй сакрэтнымі ваен. дагаворамі, далучыліся да П.с. ў ходзе франка-прускай вайны 1870—71, што прывяло да стварэння адзінай Герм. імперыі (абвешчана ў Версалі 18.1.1871).
Літ.:
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл.Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.