ДЖА́ЛА,
калючая частка джалячага апарату самак перапончатакрылых насякомых; відазменены яйцаклад (страціў функцыю адкладкі яец і ператварыўся ў орган абароны і нападзення). У спакоі Дж. знаходзіцца ўнутры канцавога сегмента брушка, пры неабходнасці высоўваецца і ўтыкаецца ў цела ахвяры. У Дж. ёсць канал, па якім у ранку паступае ядавітая вадкасць са спец. залоз. Дж. пчалы вышчарбленае, часам застаецца ў ахвяры і пчала гіне. Дж. таксама ёсць у скарпіёнаў — іголка з унутр. пратокай ядавітай залозы. Дж. памылкова наз. язык змей.
т. 6, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА,
замежны орган знешніх зносін дзяржавы. Д.п., якое ўзначальвае пасол, называецца пасольствам; якое ўзначальвае пасланнік або пастаянны павераны ў справах — місіяй. Прававы статус Д.п. вызначаецца Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961, двухбаковымі пагадненнямі дзяржаў і ў пэўных межах нормамі нац. права дзяржавы знаходжання і дзяржавы прызначэння. Прававы статус Д.п. пры міжнар. і міжурадавых арг-цыях вызначаецца з улікам Венскай канвенцыі аб прадстаўніцтвах дзяржаў у іх дачыненнях з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару 1975.
Ю.П.Броўка.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НЫ САВЕ́Т 1) традыцыйная назва савета па прысуджэнні вучоных ступеней і прысвойванні вучоных званняў у ВНУ і н.-д. установах шэрагу краін, у т. л. на Беларусі (гл. таксама Вышэйшы атэстацыйны камітэт).
2) Дарадчы орган у ВНУ (пры рэктару, дэкане) і н.-д. установах (пры дырэктару) для каардынацыі розных кірункаў метадалагічнай, навуч. і навук. работы, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, падрыхтоўкі і выдання вучэбна-метадычнай л-ры; прадстаўляе выкладчыкаў і навук. супрацоўнікаў да прысуджэння вучоных званняў і г.д.
т. 4, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЯ АЎТАНО́МІЯ,
дзяржаўнае ўтварэнне ў Туркестане ў 1917—18. Абвешчана 26—29.11(9—12.12).1917 у г. Каканд на 4-м Надзвычайным краёвым з’ездзе мусульман. Дамагалася ліквідацыі сав. улады ў Туркестане, аднаўлення Какандскага ханства, аддзялення Туркестана ад Сав. Расіі, захавання буйнога землеўладання. Былі выбраны Туркестанскі часовы савет (заканад. орган) і Часовы ўрад. Шукала падтрымкі і дапамогі ў бухарскага эміра, атамана А.І.Дутава, англічан і інш. Створаныя аўтанамістамі ўзбр. атрады на чале з Іргашом разбіты чырвонагвардзейцамі ў лют. 1918.
т. 7, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКІХ СУПО́ЛЬНАСЦЕЙ (Commission of the European Communities; CEC),
выканаўчы орган Еўрапейскіх супольнасцей. Створана паводле Брусельскага дагавора (падпісаны 8.4.1965). Дзейнічае з 1.7.1967. Выпрацоўвае праекты рашэнняў Еўрап. савета, кантралюе выкананне дагавораў аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі і пастаноў Еўрап. савета, прымае рашэнні па пытаннях, прадугледжаных дагаворамі і інш. Члены камісіі прызначаюцца ўрадамі дзяржаў-членаў і могуць быць адхілены ад выканання сваіх функцый толькі рашэннем асобага суда. Месцазнаходжанне — г. Брусель.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,
орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,
сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Б.Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.
т. 5, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),
орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНО́ЦКАЯ СПРА́ВА»,
часопіс у Заходняй Беларусі. Орган Аб’яднання бел. жанчын імя А.Пашкевіч (Цёткі). Выдаваўся ў сак.—ліст. 1931 у Вільні на бел. мове. Узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Зах. Беларусі, інфармаваў пра паліт. і грамадскія падзеі, жаночы рух у розных краінах свету, змяшчаў літ. матэрыялы. Садзейнічаў пашырэнню нац. свядомасці бел. жанчын, яднаў іх на грунце грамадскай працы і агульнаасв. задач. Меў рубрыкі «Парады маці», «Пытанні і адказы», «Наша пошта» і інш.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТРЫМА́ННЕ ў крымінальным працэсе,
кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.
С.С.Груша.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)